ЛЕДЗЯНО́Е ПО́КРЫВА,

ледзяныя ўтварэнні, якія ўкрываюць у халодны перыяд года паверхні акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, а таксама прынесеныя цячэннямі і вятрамі з суседніх раёнаў. У морах і акіянах высокашыротных абласцей існуе на працягу ўсяго года. Марская вада з пачатку замярзання праходзіць стадыі ўтварэння лёду: іголкі, сала, ніласавыя льды (таўшчыня ад 1 да 10 см), маладыя — шэрыя, шэра-белыя і белыя (ад 10 да 100 см). У палярных абласцях шматгадовае Л.п. дасягае таўшчыні 2,5 м і больш.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАСТА́Ў,

працэс утварэння на паверхні вадаёма і вадасцёка нерухомага ледзянога покрыва. Таксама перыяд, на працягу якога назіраецца нерухомае ледзяное покрыва на рацэ, вадаёме. Гл. Лядовы рэжым.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЗЕ́НСКАЯ ГУБА́,

заліў каля паўн.-ўсх. берагоў Белага м., паміж паўд. часткай п-ва Канін і мацерыком, у Архангельскай вобл. Расіі. Даўж. 105 км, шыр. 97 км, глыб. 5—25 м. Зімой замярзае, але ледзяное покрыва нярэдка ўзломліваецца прылівамі. Прылівы паўсутачныя (да 10 м). Упадае р. Мязень. Рыбалоўства. Каля ўвахода ў М.г. — в-аў Маржавец.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЛЕДЗЬ,

ледзяное ўтварэнне, якое ўзнікае пры замярзанні падземных, рачных і азёрных вод, што выліліся на паверхню. Утвараецца ва ўмовах суровай зімы і шматгадовай мерзлаты, пры нязначным снегавым покрыве. Бываюць аднагадовымі (сезоннымі) і шматгадовымі. Таўшчыня да 2 м і больш, плошча — дзесяткі і сотні м². У рачных далінах Усх. Сібіры трапляюцца гіганцкія Н. пл. больш за 10 км².

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯСФЕ́РА (ад крыя...+ сфера),

перарывістая абалонка Зямлі ў вобласці ўзаемадзеяння атмасферы, гідрасферы і літасферы. Тэрмін «К.» прапанаваны польскім вучоным А.​Дабравольскім (1923). Характарызуецца адмоўнай або нулявой т-рай і наяўнасцю вады ў цвёрдай фазе або ў пераахалоджаным стане; для яе ўласцівы шматлікія крыягенныя ўтварэнні: сістэмы ледзяных воблакаў, снегавое, ледзяное і ледавіковае покрыва, наледзі, ледавікі гор, сезоннамёрзлыя глебы і горныя пароды з падземным лёдам. Ніжняя мяжа К. праходзіць па падэшве мёрзлых і ахалоджаных горных парод (да 4—5 км пад зямной паверхняй у Антарктыдзе, да 1,5—2 км у прыпалярных абласцях); у нізкіх шыротах К. выкліньваецца. Верхняя мяжа К. дасягае 100 км, уключае моцна ахалоджаную мезапаўзу.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НКА (Расціслаў Міхайлавіч) (н. 13.3.1936, г. Гомель),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). З 1968 выкладае ў Бел. АМ. Аўтар манум. твораў з А.​М.​Зінгуном: вітражы «Беларусь працоўная» на ВДНГ Беларусі (1969, з І.​Эйдэльманам), «Радыёаўтаматыка» ў НДІ сродкаў аўтаматыкі (1980); мазаіка «Швейнікі» ў ПТВ (1970), усе ў Мінску; чаканка «Спорт» у спарткомплексе «Стайкі» Мінскай вобл. (1971); «Медыцына і жыццё чалавека» ў мед. ін-це ў Мінску (1990, з Г.​Лойкам). Сярод жывапісных твораў: «Любімыя вершы» (1981), «Восень» (1986), «Ледзяное сэрца Алтая», «Марэннае возера» (абодва 1993), «Зіхатлівыя вяршыні», «Захад перад штурмам», «Раніца пасля цяжкага дня», «Турысты 60-х» (усе 1996), «Алтайскае знаменне» (1997), серыі «Эцюды з рукзака», «Сцяжынамі Рэрыха» (абедзве 1998), «Мае горы» (1999), «Пакінутая лыжня» (2001). Творам уласціва абагульненасць маст. вобразаў, жывапісная лепка буйнымі каляровымі плямамі, яркасць каларыту.

Л.​Ф.​Салавей.

Р.Раманка. Марэннае возера. 1993.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁД,

вада ў цвёрдым стане. Адрозніваюць аморфны Л. і 10 яго крышт. мадыфікацый. У прыродзе вядома адна форма Л. — са шчыльн. 0,92 г/см³, цеплаёмістасцю 2,09 кДж (кгК) пры 0 °C, цеплынёй плаўлення 334 кДж/кг. Л. празрысты, у тонкім слоі бясколерны, у вял. масе блакітнаваты. Звычайна чысцейшы за ваду, аднак можа мець мех. прымесі — цвёрдыя часцінкі, кропелькі раствораў, бурбалачкі газу. Л. бывае атмасферны (снег, іней, град), водны (сала, ледзяное покрыва, ледзяныя іголкі, донны Л.), падземцы (утварае зімовае прамярзанне глеб і вечную мерзлату) і ледавіковы. Адно з самых пашыраных цвёрдых цел на зямной паверхні (каля 30 млн. км³). Займае вял. прасторы ў Антарктыдзе (мацерыковы Л.), Арктыцы (марскі Л.), у горных раёнах (ледавікі), у абласцях пашырэння вечнай мерзлаты. Ва ўмовах Беларусі Л. утвараецца зімой на рэках і вадаёмах, у глебе і грунтах, выпадае з воблакаў, утварае снегавое покрыва, галалёд, галалёдзіцу, шэрань, іней, у цёплую пару выпадае з воблакаў у выглядзе граду. У геал. мінулым на тэр. Беларусі існавала магутнае ледавіковае покрыва, якое неаднаразова ўтваралася ў час мацерыковых зледзяненняў антрапагену, на прылеглых да яго тэрыторыях была вечная мерзлата. Л. аказвае значны ўплыў на фарміраванне ўмоў пражывання на Зямлі і гасп. дзейнасці чалавека. Абледзяненні самалётаў, суднаў, ліній сувязі і электраперадач, дарожнага палатна прыводзяць да аварый, гляцыяльныя селі знішчаюць населеныя пункты, прамысл. і трансп. збудаванні, рачныя заторы і зажоры выклікаюць мясц. паводкі і інш. Л. скарыстоўваюць для захавання і ахаладжэння харч. прадуктаў, біял. і хім. прэпаратаў.

Ёсць звесткі пра наяўнасць Л. на планетах Сонечнай сістэмы і ў каметах.

т. 9, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯДО́ВЫ РЭЖЫ́М,

сукупнасць заканамерных працэсаў утварэння, развіцця і разбурэння ледзянога покрыва на водных аб’ектах. Адрозніваюць 3 асн. фазы — замярзанне, ледастаў і крыгалом. Асаблівасці Л.р. для кожнага ўчастка вадацёку вызначаюцца кліматам, умовамі жыўлення ракі, будовай рэчышча і дынамікай патоку; істотна ўплывае на яго гасп. дзейнасць: скідванне ў вадаёмы прамысл. і адпрацаваных вод ЦЭС, буд-ва плацін, паглыбленне і выпростванне рэчышчаў.

Першыя ледзяныя ўтварэнні на рэках Беларусі (шарош, заберагі, сала) адзначаюцца ў 2-й пал. ліст., у бас. р. Нёман — у 1-й дэкадзе снежня. Заберагі і сала раней утвараюцца на прыбярэжных участках, водмелях і затоках. Адначасова пачынае ўзнікаць унутрыводны лёд, які ўсплывае і ператвараецца ў шарош. Наслаенне кавалкаў доннага лёду і шарошу пад ледзяное покрыва можа прывесці да ўтварэння зажораў. Ледастаў звычайна бывае ў сярэдзіне снеж., спачатку на плёсах, потым на перакатах. Трымаецца ў сярэднім каля 100 сут, найб. працяглы на рэках бас. Зах. Дзвіны — да 160 сут. і болей, самы кароткі на рэках бас. Нёмана і Прыпяці — да 10—20 сут. Крыгалом на рэках адбываецца пераважна ў 2-й пал. сакавіка. Ускрыццю рэк папярэднічае ўтварэнне закраін і зрушэнне лёду. На ПдЗ ускрыццё рэк пачынаецца ў 2—3-й дэкадах сак., на працягу месяца дасягае ПнУ. Працягласць веснавога крыгаходу 2—10 сут. На азёрах і вадасховішчах ледзяныя ўтварэнні паяўляюцца звычайна на 1—2, а на Палессі на 3 тыдні пазней, чым на рэках. Сярэдняя працягласць ледаставу на вадаёмах на Пн да 150 сут, на Пд да 130 сут. Азёры і вадасховішчы ачышчаюцца ад лёду на 10—15 сут пазней, чым рэкі.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)