ЛЕ́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,

мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку Ампера сілы і магн. часткі Лорэнца сілы.

Паводле Л.р.п. левую далонь размяшчаюць так, каб выцягнутыя пальцы былі накіраваны ўздоўж вектара шчыльнасці току (ці скорасці дадатнага зараду), а сілавыя лініі магн поля ўваходзілі ў далонь, тады адагнуты вялікі палец пакажа напрамак сілы, якая дзейнічае на праваднік з токам (ці дадатна зараджаную часціцу).

Левай рукі правіла для сілы Лорэнца.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТГЕНШТЭЙН, Вітгенштайн (Wittgenstein) Паўль (5.11.1887, Вена — 3.3.1961), аўстрыйскі піяніст. Дэбютаваў у Вене ў 1913. У 1914 страціў на вайне правую руку, дасягнуў віртуознай тэхнікі левай рукі і працягваў канцэртную дзейнасць. Для Вітгенштайна напісаны фп. канцэрт для левай рукі М.Равеля, 4-ы фп. канцэрт С.Пракоф’ева, творы Р.Штрауса, П.Хіндэміта, Б.Брытэна. У 1931—38 праф. Новай кансерваторыі ў Вене. З 1938 жыў у ЗША, выкладаў. Стварыў шмат апрацовак фп. твораў для левай рукі. Аўтар кн. «Школа для левай рукі» (Лондан, 1957).

т. 4, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІНААМЕРЫКА́НСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАЦО́ЎНЫХ,

аб’яднанне прафсаюзаў лацінаамерыканскіх краін на аснове левай, антыімперыял. ідэалогіі ў 1938—63. Уваходзіла ў Сусветную федэрацыю прафсаюзаў. Распушчана ў сувязі са стварэннем Пастаяннага кангрэса прафсаюзнага адзінства Лацінскай Амерыкі.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТАНЬЕ́ТЫ (ісп. castanetas ад лац. castanea каштан),

ударны муз. інструмент. Найб. пашыраны ў Іспаніі, а таксама ў Паўд. Італіі і краінах Лац. Амерыкі. Складаюцца з 2 пар (бо́льшая для левай рукі) драўляных ці пластмасавых пласцінак у форме ракавін, змацаваных папарна шнурком, пад які прасоўваюць вял. палец так, каб К. злучаліся асновамі, а канцы іх крыху разыходзіліся. Гук атрымліваюць ударамі ракавін адна аб адну з дапамогай інш. пальцаў. Правай рукой выконваюць рытмічны малюнак, левай — яго апорныя долі. Выкарыстоўваюць К. для суправаджэння танцаў. У еўрап. сімф. аркестрах выкарыстоўваюць аркестравыя К., замацаваныя папарна на канцах спец. дзяржання, пры лёгкім патрэсванні якога здабываецца гук.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАРУ́КАСЦЬ,

пераважнае карыстанне левай рукой пры выкананні розных дзеянняў. Абумоўлена генетычна дэтэрмінаваным дамінаваннем правага (а не левага, як у праўшы) паўшар’я галаўнога мозга. Выяўляецца ў канцы першага года жыцця. Назіраецца ў 1—7% людзей. Леварукія дзеці ў фіз. і псіхічным развіцці не адстаюць ад праварукіх, насільнае перавыхаванне не рэкамендуецца.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЭЯ́,

рака, левы прыток Амура, у Хабараўскім краі і Амурскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Даўж. 623 км. Пл. басейна 70,7 тыс. км². Утвараецца пры зліцці Правай Бурэі і Левай Бурэі. У верхнім цячэнні горная рака, у сярэднім пераразае адгор’і хр. Турана і цячэ ў вузкай даліне, у нізоўях цячэ па Зейска-Бурэінскай раўніне. Асн. прытокі: Німан, Туюн (справа), Ургал, Тырма (злева). Сярэдні расход вады 940 м³/с. Сплаўная. Суднаходства на 197 км ад вусця.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́Г, нарвал (Monodon monoceros),

марское млекакормячае атр. кітападобных. Жыве ў арктычных водах Грэнландыі, Паўн. Канады, Шпіцбергена і ПнУ Зямлі Франца-Іосіфа.

Даўж. да 6,1 м, маса 1—1,5 т. Афарбоўка светлая з мноствам чорных плямаў (дзіцяняты цёмныя). У самцоў (зрэдку ў самак) у левай верхняй сківіцы бівень (рог) даўж. да 3 м (адсюль назва), якім яны прабіваюць аддушыны ў ільдах. Корміцца галаваногімі малюскамі і рыбай. Рэдкі. Ахоўваецца, занесены ў Чырв. кнігу СССР.

Аднарог: 1 — самец; 2 — самка.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЦКІ ((Ossietzky) Карл фон) (3.10.1889, Гамбург — 4.5.1938),

нямецкі публіцыст, сатырык. Удзельнік 1-й сусв. вайны, ініцыятар пацыфісцкага руху. З 1919 сакратар берлінскага «Нямецкага таварыства міру», супрацоўнік левай прэсы. З 1927 гал. рэдактар час. «Die Weltbühne» («Сусветная трыбуна»). У вострасатыр. артыкулах і надзённых памфлетах выкрываў палітыку веймарскага ўрада, ням. мілітарызм і фашызм, за што не раз прыцягнуты да суд. адказнасці. Яго стылю ўласціва з’едлівая іронія. У 1933 кінуты ў канцлагер, творы Асецкага забаронены, кнігі спалены. Памёр у турэмнай бальніцы. Нобелеўская прэмія 1936.

Тв.:

Schrijfen. Bd. 1—2. Berlin;

Weimar, 1966.

У.Л.Сакалоўскі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБА́НЧЫК, арапчык, пучковы,

папулярная назва рас. імітацыі нідэрландскага дуката ў 1735—1869. У афіц. дакументах упамінаецца як «вядомая манета». На аверсе — выява рыцара з пучком 7 стрэл у правай руцэ і мячом у левай, кругавая легенда на лац. мове, на рэверсе — у квадратным картушы пяцірадковая легенда на лац. мове. Прызначаўся спачатку толькі для выплат за мяжой, паступова заняў значнае месца і ва ўнутр. абарачэнні. З 19 ст. Л. звычайна выплачвалі жалаванне вайскоўцам на ўскраінах Рас. імперыі — у Сярэдняй Азіі, на Каўказе, у Царстве Польскім.

т. 9, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ДЭНСКА-ПФА́ЛЬЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,

выступленне на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі 27.3.1849. Адбылося ў маі—ліп. 1849 у Бадэне і баварскім Пфальцы. Ваен. кіраўнік паўстання польскі афіцэр-эмігрант Л.Мераслаўскі, сац. рух узначальвалі дэмакраты, звязаныя з левай фракцыяй Франкфурцкага парламента. 13—14 мая паўстанцы (рабочыя і каля 20 тыс. салдатаў рэгулярнай арміі) скінулі рэакц. ўрады ў Бадэне і Пфальцы і ўтварылі замест іх выканаўчыя к-ты. Задушана 60-тысячным прускім войскам на чале з кронпрынцам Вільгельмам. Частка паўстанцаў, у т. л. Ф.Энгельс, уцякла ў Швейцарыю. Разгром паўстання наблізіў канец Франкфурцкага парламента і герм. Рэвалюцыі.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)