Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ТЭКС НАТУРА́ЛЬНЫ (ад лац. latex вадкасць, сок),
млечны сок каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай; калоідная сістэма з дыспергаваных у вадзе глобул (дыяметрам 0,2—2 мкм) каўчуку натуральнага (НК). Мае 37—41% (па масе) сухіх рэчываў, у т. л. 35—38% НК, і да 2,5% бялкоў.
Атрымліваюць падсочкай кары дрэва. Для прадухілення каагуляцыі і гніення ў свежы Л.н. дадаюць аміяк, гідраксід натрыю, буракс і інш. кансервавальныя агенты. Для перапрацоўкі канцэнтруюць, у асн. цэнтрыфугаваннем (канцэнтрат мае каля 60% НК). Выкарыстоўваюць для атрымання НК, латэксных вырабаў, кляёў. Гл. таксама Латэксы сінтэтычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОК-САГЫ́З (Taraxacum kok-saghyz),
кветкавая расліна роду дзьмухавец. Пашыраны ў міжгорных далінах Усх.
Цянь-Шаня. Да 1954 вырошчваўся ў Еўрапейскай ч.СССР як лепшы натуральны каўчуканос флоры. З развіццём вытв-сці сінт.каўчуку не культывуецца.
Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—30 см. Лісце падоўжанае, зубчастае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, дробныя, у адзіночных кошыках. На адной расліне бывае да 200 кветаносаў. Плод — сямянка. Корань стрыжнёвы, у яго млечных сасудах назапашваецца каўчук. Пры пашкоджванні кораня латэкс выцякае ў выглядзе белай вадкасці, якая хутка застывае і ўтварае плеўку эластычнага каўчуку. Па якасці не саступае каўчуку трапічных каўчуканосных раслін.