ЛАТУ́К, малакан (Lactuca),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы, нямногія — у Амерыцы. На Беларусі 3 віды Л.: дзікі, або компасны (L. serriola), татарскі (L. tatarica), Шэ (L. chaixii). Інтрадукаваны Л. пасяўны, ці салата (L. sativa), культывуецца як агароднінная расліна.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты. Невял. кветкавыя кошыкі сабраны ў агульнае суквецце, пераважна мяцёлчатае або галінаста-мяцёлчатае. Плод — сямянка з чубком. Харч., лек. расліны, некат. ядавітыя.

Латук дзікі.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАКА́Н,

кветкавая расліна, тое, што латук.

т. 10, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛА́ТА, латук пасяўны,

салата-латук (Lactuca sativa),

кветкавая расліна сям. складанакветных. Пашырана па ўсіх кантынентах у культуры. Радзіма — Міжземнамор’е, родапачынальнік — латук дзікі. Стараж. агароднінная культура.

Аднагадовая разеткавая расліна. Сцябло прамастойнае, уверсе разгалінаванае, выш. 60—200 см. Лісце разеткі буйное, жаўтавата-зялёнае, суцэльнае, сядзячае, рознай формы, гладкае, маршчыністае, гафрыраванае або кучаравае, часта шчыльна змыкаецца ў качан. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя або бледна-жоўтыя, у кошыку. Плод — сямянка. Разнавіднасці С.: ліставая пасяўная (скараспелая, напр., сорт Маскоўская парніковая); ліставая кучаравая (напр., Грэнд Рапідс); вузкалістая (напр., Латук позні); качанная (сартатыпы масляналістая, напр., Майская, і храсткаваталістая, або ледзяная, напр., Ледзяная гара) з качанамі плоска-акруглай формы; даўгалістая, С. Рамэн, (напр., сорт Парыжская зялёная) з качаном падоўжана-авальнай формы. Ужываюць свежымі лісце, качан, патоўшчанае сцябло. Лісце мае ў сабе вітаміны (C, B, PP і інш.), карацін, солі жалеза, калію, фосфару, сцябло — млечны сок, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, насенне — алей. Харч., лек. расліна.

Разнавіднасці салаты: 1 — лісцевая; 2 — Рамэн; 3 — качанная.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)