ЛА́СЕН-ПІК (Lassen Peak),

дзеючы вулкан у ЗША (штат Каліфорнія), у паўднёвай ч. Каскадных гор. Выш. 3187 м. Складзены з дацытаў. Лававыя палі, вулканічныя конусы, гейзеры, гарачыя крыніцы Апошняя актыўнасць назіралася ў 1914—17. Хвойныя лясы і інш. разнастайная расліннасць. Багаты жывёльны свет. Нац. парк Ласен-Волканік з 1916.

т. 9, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСКА́ДНЫЯ ГО́РЫ (Cascade Range),

хрыбет у зах. поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Даўж. каля 1000 км. Некалькі дзеючых і патухлых вулканаў (Рэйнір, 4392 мнайб. вышыня хрыбта; Шаста, 4317 м; Ласен-Пік, 3187 м, і інш.) узвышаюцца над моцна расчлянёным вулканічным пласкагор’ем (выш. 1800—2500 м). Складзены з мезазойскіх крышт. і палеагенанеагенавых вулканічных парод. Радовішчы медзі і золата. Вяршыні ўкрыты снежнікамі і ледавікамі. На схілах фумаролы і гарачыя крыніцы. Шматлікія каскады вадаспадаў на рэках Калумбія, Фрэйзер, Кламат і інш. далі назву хрыбту. На схілах хвойныя лясы, вышэй за 2800—3000 м субальпійскія і альпійскія лугі. Нац. паркі: Крэйтэр-Лейк, Маўнт-Рэйнір, Ласен-Волканік (ЗША).

т. 8, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФО́РНІЯ (Califomia),

штат на З ЗША, мяжуе з Мексікай. Уваходзіць у групу Ціхаакіянскіх штатаў. Пл. 411,5 тыс. км². 31878,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц.г. Сакрамента. Гар. насельніцтва 91%. Найбуйнейшыя гарады (тыс. ж., 1994): Лос-Анджэлес — 3449 (з прыгарадамі 12410), Сан-Дыега — 1152, Сан-Хасэ — 817, Сан-Францыска — 735, Фрэсна — 387, Окленд — 367.

З Пн на Пд цягнуцца горныя сістэмы: Берагавыя хрыбты і Сьера-Невада (выш. 4418 м, г. Уітні), паміж імі Каліфарнійская даліна. На ПдУ пустыня Махаве і глыбокія тэктанічныя ўпадзіны (Даліна Смерці — 85 м ніжэй узр. м). Частыя землетрасенні. Клімат на ПнУ і ў гарах умераны, на ўзбярэжжы міжземнаморскага тыпу, на ПдУ гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра ліп. 24 °C, студз. 7 °C. Гал. рэкі: Сакрамента, Сан-Хаакін і Каларада. Расліннасць прадстаўлена горнымі хваёвымі лясамі і вечназялёнымі хмызнякамі, б.ч. даліны ўзараная. Нац. паркі: Іассміцкі (занесены ў Спіс сусв. спадчыны ЮНЕСКА), Ласен-Волканік, Секвоя і Кінгс-Каньён. К. — адзін з самых эканамічна развітых штатаў. Здабыча нафты, прыроднага газу, золата, ртуці, жал. руды. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996 склала 109,8 млрд. кВт-гадз. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: авіяракетная, вытв-сць касм. лятальных апаратаў, радыёэлектронная (у т. л. ЭВМ і інш. абсталяванне для ваен. мэт), аўта- і суднабуд., нафтаперапр., хім., паліграф., харч., тэкст., чорная і каляровая металургія. Кінапрамысловасць (гл. Галівуд). Індустрыя забаў. К. — буйнейшы штат па вытв-сці с.-г. прадукцыі. Вырошчваюць бавоўнік, вінаград, цытрусавыя, міндаль, абрыкосы, персікі, фінікі, аліўкі, гранаты, агародніну, кветкі. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,7, свіней — 0,26, авечак — 0,52, бройлерных куранят — 31,5. Развіта рыбалоўства. Аўтамаб., чыг. і марскі транспарт. Буйнейшыя парты: Лонг-Біч, Лос-Анджэлес, Сан-Дыега, Окленд, Сан-Францыска. 6 міжнар. аэрапортаў. Турызм прыносіць да 50% даходаў штата (58,3 млрд. дол., 1996).

Найбольш стараж. мясц. насельніцтва — індзейцы. У 1540 з’явіліся першыя перасяленцы з Іспаніі; з 1769 яе калонія. З 1821 правінцыя Мексікі. У выніку амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 Верхняя К. далучана да ЗША, з 1850 штат. У грамадз. вайну 1861—65 на баку Поўначы. Хуткаму эканам. развіццю К. спрыяла адкрыццё радовішчаў золата (1848, раён Сакрамента), нафты (1895, Лос-Анджэлес — Лонг-Біч), буд-ва ў 2-й пал. 19 ст. транскантынентальнай чыгункі. У час 1-й сусв. вайны актывізавалася індустрыялізацыя. пасля 2-й сусв. вайны штат ЗША, які развіваецца найб. дынамічна.

М.С.Вайтовіч (прырода, гаспадарка).

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКА́Н (ад лац. vulcanus агонь, полымя),

геалагічнае ўтварэнне над каналамі і трэшчынамі ў зямной кары, якое ўзнікае ў выніку вывяржэння з глыбінных магматычных ачагоў на паверхню Зямлі лаў і вулканакластычнага матэрыялу. На Зямлі вядома больш за 13 тыс. вулканаў, з іх каля 950 дзеючых. Дзеючыя вулканы тыя, што вывяргаліся або выдзялялі гарачыя газы і ваду праз сальфатары за апошнія 3,5 тыс. гадоў; да заснулых (патэнцыяльна дзеючых) адносяць тыя, што вывяргаліся 3,5—13 тыс. гадоў назад. Умоўна патухлымі лічаць вулканы, якія не праяўлялі актыўнасці на працягу апошніх 13—100 тыс. гадоў, але захавалі вонкавыя формы (напр., вулкан Макензі на найб. вулканічным масіве Кіліманджара ў Афрыцы). Вывучае вулканы вулканалогія.

Вывяржэнне вулкана адбываецца, верагодна, пад уздзеяннем гідрастатычных сіл пры пад’ёме магмы праз астэнасферу і літасферу і бурнага выдзялення газаў пры дасягненні магматычнымі расплавамі верхніх гарызонтаў зямной кары.

Прадукты вывяржэння вулкана — вулканічныя газы, вулканічны попел, вулканічныя бомбы, лава, шлакі і інш., з якіх утвараюцца вулканічныя горныя пароды, у залежнасці ад сілы ўзрыву ўзнімаюцца на выш. 1000—5000 м, зрэдку да 45 000 м і разносяцца на дзесяткі тысяч кіламетраў, лававыя патокі распасціраюцца па схілах і каля падножжа вулкана да 1000—5000 м, рэдка болей. Вулканы пашыраны на кантынентах і ў акіянах, яны выносяць на паверхню Зямлі за год каля 3—6 млрд. т вулканічнага матэрыялу (80% падводныя, 20% наземныя). Найб. інтэнсіўны вынас уздоўж рыфтаў сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў. Каля 75% усіх актыўных вулканаў знаходзіцца ў пераходных зонах ад кантынентаў да акіянаў (у межах астраўных дуг). У размеркаванні вулканаў на Зямлі існуе прамая залежнасць іх колькасці ад тэктанічнай актыўнасці рэгіёнаў. Найб. вышыні дасягаюць вулканы ў акіяне — 9000 м, на астраўных дугах — 6000 м, у гарах — 3000 м. Большасць наземных вулканаў — асобныя конусападобныя горы (вулканічныя конусы) з кратэрам на вяршыні. Самыя вялікія кантынентальныя вулканы вядомы ў Афрыцы, у зоне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы. Паводле формы падводнага канала вулканы падзяляюцца на цэнтральныя (з трубчастым жаралом) і трэшчынныя. У залежнасці ад глыбіні мантыйнага ачага адрозніваюць вулканы мантыйнага (30—70 км і глыбей, вывяргаюць базальтавыя лавы), коравага (5—45 км, пераважна андэзітавыя, дацытавыя і ліпарытавыя лавы) і змешанага (лавы ўсіх тыпаў) жыўлення. У акіянах вядомы вулканы толькі мантыйнага жыўлення (Кілаўэа і інш.), на астраўных дугах і кантынентальных платформах — усіх тыпаў жыўлення (Ключаўская Сопка, Везувій і інш.), у горных сістэмах — толькі коравага (Эльбрус, Ласен-Пік у Паўн. Амерыцы і інш.).

Вывяржэнні вулканаў бываюць працяглымі (ад некалькіх гадоў да стагоддзяў) і кароткачасовымі (некалькі гадзін). Ім папярэднічаюць вулканічныя землетрасенні, акустычныя з’явы, змяненні магнітнага поля Зямлі і саставу фумарольных газаў (гл. Фумаролы), па якіх магчымы прагноз пачатку вывяржэння. Вывяржэнне вулкана — грозная з’ява прыроды, якая можа прыводзіць да гібелі паселішчаў пад слоем попелу і лавы (Пампеі і інш. гарады пры вывяржэнні Везувія ў 79 г. н.э.) або цэлых культур (мяркуюць, што пры вывяржэнні вулкана Сантарын у 1400 г. да н.э. загінула мінойская культура). Падводныя вывяржэнні мала вывучаны. У наземных вулканах вылучаюць 4 гал. тыпы. Гавайскі тып вывяржэння (ад вулкана Кілаўэа ў Гавайскім архіпелагу) характарызуецца адносна спакойным выліваннем вадкай (базальтавай) лавы і ўтварэннем шчытападобных вулканаў. Стромбаліянскі тып (ад вулкана Стромбалі на Ліпарскіх а-вах у Міжземным м.) звычайна стварае стратавулканы, дзе пераважаюць невялікія выбухі з выкідамі кавалкаў шлаку і вулканічных бомбаў і выліваецца шмат вадкіх (базальтавых і андэзітабазальтавых) лаў. Купальнаму тыпу ўласціва выцісканне і выштурхоўванне вязкай (андэзітавай, дацытавай або рыялітавай) лавы і ўтварэнне купалоў (напр., Цэнтр. Сямячык на Камчатцы), крыптакупалоў (напр., Сёва-Сіндзан у Японіі) і абеліскаў (Шывелуч на Камчатцы). Вульканскі тып вывяржэння (ад вулкана Вулькана на Ліпарскіх а-вах) вылучаецца вял. вывяржэннем газаў, што выклікае выбухі і выкіды вялізных хмар, перапоўненых абломкамі горных парод, лаў і вулканічным попелам; вязкія лавы (андэзітавыя, дацытавыя або рыялітавыя) ствараюць конусападобныя вулканы. Пры моцных выбухах разбураецца вулканічны конус або яго частка, утвараецца кальдэра.

На тэр. Беларусі вывяржэнні вулканаў адбываліся ў вендзе (600—650 млн. гадоў назад) у Падляска-Брэсцкай упадзіне і ў дэвоне (330—350 млн. гадоў назад) у Прыпяцкім прагіне. У вендзе пераважалі трэшчынныя вывяржэнні ў кантынентальных умовах, утварыліся вялізныя вулканічныя покрывы (трапавыя плато) з базальтаў, туфаў і інш. парод. Дэвонскі вулканізм адбываўся ў падводных умовах, пераважалі вулканы цэнтральнага тыпу, вывяргаліся лавы шчолачнага саставу (трахіты, нефелініты і іх туфы).

Літ.:

Апродов В.А. Вулканы. М., 1982.

Г.У.Зінавенка.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)