ЛАНСЬЕ́, кадрыля-лансье (франц. lancier літар. улан),

англійскі бальны танец. У сярэдзіне 19 ст. пашыраны ў Еўропе. Выконваюць 4 пары, размешчаныя крыж-накрыж у карэ. Складаецца з 5 фігур; муз. памер для 1-й, 3-й, 4-й фігур ​6/8, для 2-й і 5-й — ​2/4. Кожная фігура, акрамя 5-й, пачынаецца муз. уступам (інтрадукцыяй; 8 тактаў). У некат. краінах, у т.л. ў Расіі, быў пашыраны ў нар. побыце; у Беларусі вядомы пад назвай «Лянцей». У нар. танц. практыцы існуюць шматлікія варыянты Л.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЬНЫ ТА́НЕЦ,

танец, які выконваецца парай ці большай колькасцю ўдзельнікаў на танц. вечарах, балях; часта называецца бытавым танцам. Узнік у 15 ст. ў Італіі, потым пашырыўся ў Францыі (у 16—17 ст. была яго заканадаўцам). Напачатку не меў устаноўленай формы. Пераважалі т.зв. «нізкія танцы» (бас-данс), часта ў выглядзе шэсцяў у суправаджэнні спеваў і муз. інструментаў (лютні, флейты і інш.). Праз мастацтва жанглёраў і трувераў на балі пранікалі народныя танцы, прыстасаваныя да дварцовага этыкету. У 17 ст. бальны танец распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Папулярныя сталі бальныя танцы бурэ, гавот, алеманда, чакона, жыга, сарабанда, асабліва менуэт. На Беларусі з 17 ст. пры дварах магнатаў, у калегіумах былі вядомыя зах.-еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска, куранта). У 18 ст. з’явіліся больш свабодныя танцы: пасп’е, мюзет, рыгадон, контрданс, экасез, лендлер. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—94 бальны танец страціў арыстакратычна-ўзнёслы характар. Пашырыліся танцы лансье, мазурка, паланэз, галоп, канкан, полька, з сярэдзіны 19 ст. найб. пашыраны вальс, непарыўна звязаны з творчасцю І.Ланера, бацькі і сына Штраусаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам музыкі краін Амерыкі ўзніклі тустэп, уанстэп, блюз, факстрот, квікстэп, чарльстон, румба, самба і інш. Для сучасных бальных танцаў уласціва імправізацыйнасць, зменлівасць танц. моды. Большасць бальных танцаў 2-й пал. 20 ст. маюць свабодную кампазіцыю (твіст, шэйк, рок-н-рол і інш.). У наш час захаваліся лепшыя танцы старой бальнай школы (падэграс, падэспань, падэ-труа), а таксама вальс, мазурка, танга, факстрот, павольны вальс, сіртакі, летка-енка і інш. Праводзяцца конкурсы на лепшае выкананне бальных танцаў па спец. праграме. На Беларусі існуе развітая сетка гурткоў, школ і студый бальных танцаў.

Літ.:

Ивановский Н.П. Бальный танец XVI—XIX вв. Л.; М., 1948.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)