ЛА́НДЭ МНО́ЖНІК,
каэфіцыент у формуле для вызначэння расшчаплення ўзроўняў энергіі ў магн. полі (гл. Зеемана з’ява). Вызначае маштаб расшчаплення ў адзінках магнетона Бора, а таксама адносную велічыню гірамагнітных адносін. Уведзены ў 1921 ням. фізікам А.Ландэ. Значэнні Л.м. залежаць ад арбітальных і спінавых момантаў асобных электронаў, напр., для чыста арбітальнага моманту Л.м. роўны 1, для чыста спінавага — 2.
т. 9, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАМЕХАНІ́ЧНЫЯ АДНО́СІНЫ, гірамагнітныя адносіны,
адносіны магнітнага моманту элементарных часціц і сістэм, што складаюцца з іх (атамных ядраў, атамаў, малекул і інш.), да іх моманту імпульсу (мех. моманту).
М.а. для розных станаў атамных сістэм вызначаюцца формулай: γ = gγ0, дзе g — Ландэ множнік, γ0 — адзінка М.а. У выпадку арбітальнага руху электрона ў атаме γ0 = −e/2mec, для спіна электрона γ0 = −e/mec, для атамных ядраў γ0 = −e/2mpc, дзе e — элементарны эл. зарад, me і mp — маса электрона і пратона адпаведна, c — скорасць святла ў вакууме. М.а. вызначаюць ўздзеянне знешняга магн. поля на сістэму, якая мае магн. момант, і выкарыстоўваецца, напр., у квантавых магнітометрах з прэцэсіяй намагнічанасці мікрачасціц для вызначэння магн. індукцыі знешняга поля. Гл. таксама Лармара прэцэсія, Магнетон.
т. 9, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)