ЛА́НДЫ
(франц. landes ад гальскага landa пустка),
ландшафт пустак у прыморскіх абласцях Зах. Еўропы з вільготным атл. кліматам. У складзе расліннасці пераважаюць вечназялёныя хмызнякі і травы. У вузкім разуменні — пясчаныя алювіяльныя нізіны на ПдЗ Францыі, уздоўж узбярэжжа Біскайскага заліва. Даўж. 230 км, аддзелены ад мора паласой дзюн шыр. 7—8 км.
т. 9, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕ́НЬ І ГАСКО́НЬ, Гюен і Гасконь (Guyenne et Gascogne),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі. Яе тэр. падзяляецца на 19 сучасных дэпартаментаў. Пл. каля 67 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1994). Гал. горад — Бардо. Займае Гаронскую нізіну і прыбярэжную нізіну Ланды, на Пд — Пірэнеі, на ПнУ — ч. Цэнтральнага масіву. Клімат умераны, вільготны. Здабыча нафты (дэпартамент Ланды) і газу (дэпартамент Гарона Верхняя). Развіты машынабудаванне (у т. л. судна- і авіябудаванне), нафтаперапрацоўка, электраметалургія, хім., тэкст., абутковая, лесаапр. і лесахім., харч. (у т. л. вінаробчая і мукамольная), папяровая прам-сць. Гал. цэнтры Бардо, Тулуза, Тарб. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу. Садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства, вустрычны промысел. Горныя і прыморскія курорты. Пірэнеі — раён турызму і зімовага спорту. Горад Лурд — цэнтр рэліг. паломніцтва.
т. 5, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСКО́НЬ
(Gascogne),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, якая была заселена ў 6 ст. баскамі. З 602 Гасконь — герцагства, у 1036 далучана да Аквітаніі. У 1154—1453 належала англ. каралям, пасля Стогадовай вайны 1337—1453 адышла да Францыі. У 17—18 ст. разам з тэр. Гіень утварыла губернатарства Гіень і Гасконь (перастала існаваць у 1790 пасля падзелу Францыі на дэпартаменты). На тэр. Гасконі размешчаны дэпартаменты Жэр, Ланды, Верхнія Пірэнеі, часткова — Жыронда, Верхняя Гарона, Ло і Гарона, Тарн і Гарона, Ар’еж.
т. 5, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,
на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр. Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.
т. 5, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)