Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Меліярацыі ландшафтаў праблемная навукова-даследчая лабараторыя пры БДУ 12/491, 493
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫЯ КА́РТЫ,
паменшанае адлюстраванне ландшафтаў геаграфічных рознага рангу, іх структуры і размяшчэння. Адрозніваюць Л.к. агульнанавуковыя (размяшчэнне відаў ландшафтаў і асобных прыродных комплексаў), ацэначныя (ацэнка ландшафтаў па відах дзейнасці чалавека), прагнозныя (будучы стан ландшафту). На буйнамаштабных картах паказваюць фацыі, на сярэднемаштабных — урочышчы і мясцовасці, на дробнамаштабных — тыпалагічныя комплексы ландшафтаў (тыпы, роды, віды). На прыкладных Л.к. ацэньваецца патэнцыял прыдатнасці прыродных комплексаў для гасп. выкарыстання, неабходнасць іх аховы (інж.-геагр., ландшафтна-меліярацыйныя, медыка-геагр. і інш.). На Беларусі складзена сярэднемаштабная Л.к. (1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ АНА́ЛІЗ,
вывучэнне структуры і ўласцівасцей прыродных тэрытарыяльных комплексаў; адзін з метадаў ландшафтазнаўства. Разглядае марфал. структуры і прасторавую дыферэнцыяцыю працэсаў, якія працякаюць у ландшафтах, гісторыю іх развіцця і сучаснай дынамікі, прыродныя і тэхнагенныя структуры, а таксама комплексныя ўласцівасці і функцыі ландшафту як адзінага цэлага, у т.л. яго сац.-эканам. функцыі. На аснове Л.а. робяць прагназіраванне кірункаў, шляхоў і вынікаў развіцця ландшафтаў з улікам ацэнкі колькаснага і якаснага бакоў уздзеяння на іх прыродных і антрапагенных фактараў. Прагназіраванне ўключае выпрацоўку рэкамендацый па аптымізацыі ландшафтаў і больш поўнай рэалізацыі іх сац.-эканам. функцый. Улічваецца пры распрацоўцы праектаў, звязаных з арх.-планіровачнымі, інж., аграпрамысл., меліярац., рэкрэацыйнымі і інш. кірункамі пераўтварэння прыродных ландшафтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІ́МІЯ ЛАНДША́ФТУ,
галіна ландшафтазнаўства, якая вывучае састаў і міграцыю хім. элементаў у ландшафце. Узнікла ў 1940-я г. на мяжы геаграфіі і геахіміі. Заснавальнік Б.Б.Палынаў.
У большасці ландшафтаў пераважае біягенная міграцыя, якая выяўляецца ў біял. кругавароце атамаў пры ўзнікненні і распадзе арган. рэчыва. Пры гэтым сонечная энергія ператвараецца ў дзейную хім. энергію. У водах ландшафтаў пераважае фіз.-хім. міграцыя. Паводле характэрных іонаў прыродных вод адрозніваюць ландшафты кіслыя (H+), кальцыевыя (Ca+) і інш. Участкі зямной паверхні, дзе міграцыя хім. элементаў мае якасныя асаблівасці, вылучаюцца як геахім. ландшафты. Напр., геахім. ландшафты Бел. Палесся кіслыя, бедныя воднымі мігрантамі, з залішняй колькасцю іонаў вадароду (H+) і жалеза (Fe++), з недахопам ёду і інш. біялагічна важных элементаў. Асаблівасці міграцыі хім. элементаў пакладзены ў аснову геахім. класіфікацыі ландшафтаў і складання ландшафтна-геахім. картаў. Даныя геахіміі ландшафту выкарыстоўваюцца пры геахімічнай разведцы карысных выкапняў, у медыцыне, курарталогіі, пры ацэнцы навакольнага асяроддзя, для вывучэння ландшафтаў мінулых геал. эпох.
Літ.:
Перельман А.И. Геохимия ландшафта. 2 изд. М., 1975;
Лукашев К.И., Вадковская И.К. Геохимические процессы в ландшафтах Белоруссии. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі сушы на адносна аднародныя рэгіёны (раёны, правінцыі, падзоны, зоны) паводле асаблівасцей ландшафтнай структуры; адзін з відаў прыроднага раянавання. Праводзіцца на падставе вынікаў ландшафтнага карціравання і складання ландшафтнай карты. Асн. прынцыпы Л.р.: адносная аднароднасць, комплекснасць, генет. і тэр. супольнасці. Тэр. Беларусі падзяляецца на 2 падзоны, якія вылучаюцца з улікам біякліматычных фактараў: падтаежных (мяшана-лясных) і палескіх (шыракаліста-лясных) ландшафтаў; 5 правінцый, якія аб’ядноўваюць раёны, блізкія па структуры ландшафтаў; 55 ландшафтных раёнаў — тэрыторый, дзе спалучаюцца аднародныя ландшафты, што сфарміраваліся ў аднатыпных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДШАФТАЗНА́ЎСТВА.
раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае прыродныя тэрытарыяльныя комплексы — ландшафты геаграфічныя як часткі геагр. абалонкі Зямлі. Уключае вучэнне пра асн. заканамернасці фізіка-геагр. дыферэнцыяцыі, фізіка-геагр. раянавання і ўласна вучэнне пра геагр. ландшафты; паходжанне, структуру, прасторава-часавую дынаміку ландшафтаў пад уздзеяннем прыродных і антрапагенных фактараў, марфалогію, геахімію і геафізіку ландшафтаў. Вылучаюць прыкладное, меліярацыйнае, антрапагеннае Л. і інш. раздзелы. Асн. метад Л. — палявое даследаванне, якое суправаджаецца ландшафтнай здымкай. Тэарэт. асновы Л. закладзены ў працах В.В.Дакучаева, С.В.Калесніка, М.А.Сонцава, А.Р.Ісачанкі, В.Б.Сачавы. На Беларусі ў галіне Л.найб. вядомы працы А.А.Смоліча, М.Ф.Бліадухо, В.А.Дзяменцьева. Сістэматычныя даследаванні вядуцца з 1950-х г. Праведзены дэталёвыя даследаванні марфалогіі, структуры, тэр. заканамернасцей размяшчэння ландшафтаў. У БДУ распрацавана сістэма фізіка-геаграфічнага раянавання Беларусі. У 1984 выдадзена ландшафтная карта Беларусі.
Літ.:
Дементьев В.А., Марцинкевич Г.И. Ландшафты северной и средней Белоруссии (опыт классификации). Мн., 1968;
Марцинкевич Г.И., Клицунова Н.К., Мотузко А.Н. Основы ландшафтоведения. Мн., 1986.