ЛАМЕТРЫ́ (Lamettrie, La Mettrie) Жульен Афрэ дэ (25.12.1709, г. Сен-Мало, Францыя — 11.11.1751), французскі філосаф, асветнік. Урач па адукацыі. За матэрыяліст. і атэіст. погляды («Натуральная гісторыя душы», 1745) праследаваўся царкоўнікамі, эмігрыраваў у Галандыю, дзе выдаў твор «Чалавек-машына» (1747), потым у Германію (вы даў працы «Чалавек-расліна», 1748; «Сістэма Эпікура», 1751). Першым у Францыі даў паслядоўнае выкладанне сістэмы механістычнага матэрыялізму і сенсуалізму, абгрунтаваў існаванне адзінай матэрыяльнай субстанцыі, вызначальнымі атрыбутамі якой лічыў працягласць, здольнасць да руху і пачуццёвасць. Асн. ідэя Л. — тлумачэнне псіхічных з’яў фізіял. працэсамі. Яго філас. ідэі паўплывалі на Д.​Дзідро, П.​Гольбаха, К.​Гельвецыя. У Беларусі і Літве творы і вывучэнне Л. вядомы з канца XVIII ст. Напр., у перакладной ананімнай кн. «Жыццё і творы вядомых пісьменнікаў XVIII ст.» (1794) ёсць раздзел, прысвечаны Л.

Тв.:

Рус. пер — Избр. соч. М.; Л., 1925;

Соч. 2 изд. М., 1983.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ламетры Ж. А. 1/566; 3/103; 6/252, 421; 7/87

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ПАЛ (Іван Капітонавіч) (13.1.1896—26.5.1943),

расійскі філосаф, літаратуразнавец. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Маск. ун-т (1919), Ін-т Чырв. прафесуры (1924), працаваў у Маск. ун-це і Ін-це Чырв. прафесуры, у 1935—40 дырэктар Ін-та сусв. л-ры імя М.​Горкага. Даследаваў творчасць франц. матэрыялістаў (Д.​Дзідро, Ж.​Ламетры), раскрыў эвалюцыю іх поглядаў, вучэнне аб этыцы і эстэтыцы, прыродзе і пазнанні, філас. погляды У.​Акосты, А.​М.​Радзішчава, І.​Дз.​Якушкіна і інш. Аўтар артыкулаў пра А.​С.​Пушкіна, Л.​М.​Талстога, А.​М.​Горкага, У.​У.​Маякоўскага, Ш.​Руставелі, І.​В.​Гёте, Г.​Гейнэ, П.​Беранжэ, А.​Франса. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЭЗІЯ́НСТВА (Cartesius ад латынізаванага імя Дэкарта—Картэзій),

кірунак у філасофіі і прыродазнаўстве 17—18 ст., тэарэт. крыніцай якога былі ідэі франц. філосафа Р.Дэкарта. Дуалістычнае адзінства матэрыяліст. і ідэаліст. ідэй у філасофіі Дэкарта прывяло да раздзялення яго паслядоўнікаў на матэрыялістаў (Ж.​Раго, П.​Рэжы, Б.​Фантэнель, Э.​Леруа, Ж.​Ламетры) і ідэалістаў (І.​Клаўберг, А.​Гейлінкс, Н.​Мальбранш). Матэрыялісты адстойвалі ідэю матэрыяльнасці свету і магчымасці яго аб’ектыўна-пачуццёвага пазнання, паўплывалі на фарміраванне ідэй франц. Асветніцтва, на развіццё навук. фізіялогіі, шэрагу фіз. і матэм. ідэй. Ідэалісты адстойвалі ідэю перманентнага ўмяшання Бога ў свет матэрыяльных і духоўных з’яў (аказіяналізм). Дэкартаўскае вучэнне пра метад пазнання атрымала сваё развіццё ў працах Б.​Паскаля, які схіляўся да янсенізму і вагаўся паміж рацыяналізмам і скептыцызмам, ставіў веру вышэй за розум. Лагічныя ідэі Дэкарта развіты ў вучэннях А.​Арно і П.​Ніколя («Логіка, ці Мастацтва мысліць», 1662). У сучаснай філасофіі ідэі К. сустракаюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме і нек-рых плынях рацыяналіст. Філасофіі.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІЦЫ́ЗМ,

метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.​Галілей, І.​Ньютан, П.​Лаплас, Т.​Гобс, Ж.​Ламетры, П.​Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот, Я.​Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.​Оствальд, А.​Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц, Д.​Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.​Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭІ́ЗМ (франц. athéisme ад грэч. atheon бязбожжа),

сістэма поглядаў, якая адмаўляе існаванне Бога, звышнатуральных сутнасцяў. Існуюць некалькі формаў атэізму. Агнастычны атэізм аспрэчвае сцвярджэнне, паводле якога Бог, нават калі ён і існуе, не можа быць пазнаны ў якой-н. ступені людзьмі. Быў пашыраны ўжо сярод філосафаў стараж. Грэцыі і Рыма: Дэмакрыт, Крытый, Эпікур і інш., сафісты (Пратагор, Горгій), раннія кінікі і скептыкі, а таксама Лукрэцый. У 20 ст. падобныя праявы ў працах пазітывістаў (Б.​Расел, Л.​Вітгенштэйн і інш.). Радыкальны атэізм у прынцыпе адмаўляе існаванне Бога. Характэрны для паслядоўнікаў матэрыялізму (Д.​Дзідро, К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Ж.​Ламетры, а таксама Л.​Феербах). Найб. рэльефна яго рысы выяўлены ў поглядах К.​Маркса, У.​І.​Леніна і іх паслядоўнікаў, у ідэалогіі камуністаў. Пастулатыўны атэізм лічыць веру ў боскага заканадаўцу несумяшчальнай з этыкай каштоўнасцяў. Яго гал. прадстаўнік ням. Філосаф Н.​Гартман — заснавальнік г.зв. крытычнай (новай) анталогіі. Ён лічыў, што мэтавы дэтэрмінізм боскага наканавання адмаўляе этычную свабоду, разам з тым і ўсялякія перадумовы этычнага выбару і маральных паводзін. У адрозненне ад тэарэтычнага атэізму існуе г. зв. стыхійны атэізм, уласцівы многім людзям, занятым у матэрыяльнай вытв-сці і ў розных галінах духоўнай дзейнасці (у навуцы, асабліва ў прыродазнаўстве, палітыцы, мастацтве). Ён зыходзіць з прызнання самадастатковасці прыроды і чалавека без звышнатуральных з’яў. Яго праявы вельмі разнастайныя: ад інтуітыўных уяўленняў да цвёрдых перакананняў, падстава для якіх — вопыт жыцця і веды ў розных сферах рэчаіснасці.

На Беларусі ідэі атэізму пачалі пашырацца ў 16—17 ст. (К.​Бекеш, С.​Лован, К.​Лышчынскі і інш.). Крыніцай атэізму служылі вальнадумства і ерасі; моцны штуршок для яго развіцця даў рэфармацыйны і гуманіст. рух і звязаны з імі рэліг. скептыцызм (С.​Будны, В.​Цяпінскі, Я.​Ліцыній Намыслоўскі). Атэістычныя тэндэнцыі рэльефна праяўляліся ў творчасці К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, Я.​Лучыны і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 пачалося глабальнае разбурэнне рэлігійнасці і ператварэнне атэізму ў дзярж. ідэалогію. Але пасля таго, як Беларусь набыла сваю дзярж. незалежнасць (1991), пачалася светапоглядная трансфармацыя, сфера распаўсюджання атэізму рэзка звузілася. Калі ў 1989 веруючымі дэкларавалі сябе 22% насельніцтва Беларусі, то ў 1994 — 43,4%. У 1995 дэкларавалі сваю прыналежнасць да няверуючых 35% апытаных.

Літ.:

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Свободомыслие и атеизм в древности, средние века и в эпоху Возрождения. М., 1986;

Основы религиоведения. М., 1994;

Thrower J. A short history of western atheism. London, 1971.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)