КО́ННЫ ЗАВО́Д,
гаспадарка, якая займаецца ўзнаўленнем і гадоўляй высакакласных коней на племя. Забяспечвае жарабцамі-вытворнікамі племянныя конегадоўчыя фермы с.-г. прадпрыемстваў. Мае спецыялізаваныя збудаванні: стайні, манежы, вет. лазарэт з ізалятарам, лабараторыю для штучнага асемянення, склады фуражу, конскага інвентару і інш. На Беларусі племянная і селекцыйная работа па конегадоўлі вядзецца на 6 К.з. Найбуйнейшыя з іх — Гомельскі, Мсціслаўскі, Мінскі імя Даватара, «Зарэчча» (г. Жодзіна Мінскай вобл.). Асн. метад — чыстапароднае развядзенне па лініях. Гадуюць беларускіх запражных коней, рускую цяжкавозную пароду, рускую рысістую пароду, тракененскую пароду і інш.
т. 8, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАДРО́М (грэч. hippodromos ад hippos конь + dromos бег, месца для бегу),
комплекс збудаванняў для конна-спарт. спаборніцтваў, выпрабавання, трэнінгу і выставак племянных коней; установа, якая іх арганізуе. Бываюць І. для выпрабаванняў верхавых, рысістых, ламавых коней і камбінаваныя. На тэр. І. размяшчаюцца стайні, вет. лазарэт, кузня і інш. гасп. пабудовы, месцы для сядлоўкі і вывадкі коней перад скачкамі, т.зв. падок.
Вядомы са старажытнасці. І. Стараж. Грэцыі і Рыма мелі форму прамавугольнай ці закругленай пляцоўкі са сцяной пасярэдзіне. Вакол пляцоўкі — трыбуны для гледачоў (І. у Канстанцінопалі, 203—330). З канца 19 ст. іх будавалі ў вял. гарадах Беларусі, Расіі, Украіны і інш. Найб. буйныя сучасныя І.: Маскоўскі (Расія), Лексінгтонскі (ЗША), Нью-Маркет (Вялікабрытанія), Ланшан (Францыя), Пардубіцкі (Чэхія), Мадрыдскі (Іспанія) і інш.
т. 7, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)