ЛАЕЛЬ, Лаел (Lyell) Чарлз (14.11. 1797, Кінардзі, Вялікабрытанія — 22.2.1875), англійскі геолаг, прыродазнавец. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1871). Скончыў Оксфардскі ун-т (1819). У гал. навук. працы «Асновы геалогіі» (т. 1—3, 1830—33) у процівагу пануючай у той час тэорыі катастроф (гл. Катастроф тэорыя) распрацаваў вучэнне (актуалізм) аб павольных і бесперапынных зменах зямной паверхні пад уздзеяннем пастаянных геал. фактараў (атм. ападкі, цякучыя воды, вывяржэнне вулканаў і інш.). Актыўна падтрымліваў эвалюц. тэорыю Ч.Дарвіна.

Ч.Лаель.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лаель Ч. 1/203, 361; 3/174; 5/511; 6/243, 250; 7/277; 10/292; 11/402

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Лаел Ч., гл. Лаель Ч.

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,

адзін з кірункаў геалогіі, што вывучае знешнія і ўнутр. геал. працэсы, якія бесперапынна змяняюць састаў, структурна-тэкстурныя асаблівасці горных парод, будову зямной кары і формы зямной паверхні. З Д.г. вылучыліся асобныя галіны ведаў: тэктоніка, вулканалогія, сейсмалогія, геамарфалогія і інш. Найважнейшыя метады Д.г. — назіранне сучасных геал. працэсаў і іх мадэліраванне ў лабараторных умовах. Як навука ўзнікла ў 19 ст. Вял. ўклад у развіццё Д.г. зрабілі вучоныя англ. Ч.​Лаель, аўстрыйскі Э.​Зюс, рас. К.​І.​Багдановіч, І.​В.​Мушкетаў, У.​А.​Обручаў, У.​У.​Белавусаў, Ю.​Д.​Буланжэ, В.​Я.​Хаін і інш., бел. Р.​Я.​Айзберг, З.​А.​Гарэлік, Р.​Г.​Гарэцкі, Г.​У.​Зінавенка, В.​С.​Канішчаў, Г.​І.​Каратаеў, Э.​А.​Ляўкоў, А.​В.​Мацвееў і інш.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + геаграфія),

навука пра фізіка-геагр. ўмовы мінулых геал. эпох; частка гіст. геалогіі і адначасова фіз. геаграфіі. Асн. пытанні П. — размеркаванне сушы і мора ў стараж. эпохі, вобласці зносу і намнажэння асадкаў, рэльеф сушы і дна мораў, фіз.-хім. і дынамічныя асаблівасці марскіх басейнаў, клімат і інш. Метады П. грунтуюцца на вывучэнні горных парод (пашырэнне і магутнасці, структурныя і тэкстурныя асаблівасці, мінер. і хім. састаў, характар і ўмовы залягання, ізатопы кіслароду і вугляроду і інш.), а таксама арган. рэштак у іх, якія адлюстроўваюць умовы асяроддзя пры асадканамнажэнні. На аснове палеагеагр. даследаванняў складаюцца палеагеаграфічныя карты. П. цесна звязана з вучэннем аб фацыях, літалогіяй, палеанталогіяй, стратыграфіяй, геахіміяй, кліматалогіяй, геатэктонікай, геафізікай і інш. Падзяляецца на агульную П., якая вывучае асн. заканамернасці змены геагр. абалонкі Зямлі, і рэгіянальную П., якая даследуе фіз.-геагр. ўмовы пэўных тэрыторый у асобныя геал. перыяды.

П. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. пасля распрацоўкі адноснай геахраналагічнай шкалы на аснове звестак біястратыграфіі, з’яўлення вучэння аб фацыях (швейц. геолаг А.​Грэслі) і абгрунтавання метаду актуалізму (англ. геолаг Ч Лаель). У самаст. галіну вылучылася ў пач. 20 ст., калі палеагеагр. рэканструкцыі сталі перадумовай пошуку карысных выкапняў. Уклад у развіццё П. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.​І.​Андрусаў, А.​П.​Карпінскі, А.​Дз.​Архангельскі, Дз.​В.​Наліўкін, М.​М.​Страхаў, Л.​Б.​Рухін, К.​К.​Маркаў і інш.

На Беларусі палеагеагр. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 20 ст. (П.​А.​Туткоўскі, Ф.​В.​Лунгерсгаўзен, М.​Ф.​Бліадухо). У 1950—60-я г. складзены палеагеагр. карты верхняга пратэразою, палеазою, мезазою, кайназою (В.​С.​Акімец, Л.​М.​Вазнячук, В.​К.​Галубцоў, С.​С.​Маныкін, А.​С.​Махнач, І.​В.​Міцяніна, М.​М.​Цапенка і інш.), вывучаны этапы развіцця расліннасці ў дэвоне-карбоне (Г.​І.​Кеда), антрапагене (Н.​А.​Махнач), даследаваны стараж. палеарэкі (Г.​І.​Гарэцкі). Даследаванні па праблемах карысных выкапняў абагульнены ў працах Л.​Ф.​Ажгірэвіч, Я.​І.​Аношкі, У.​Я.​Бардона. М.​В.​Вераценнікава, Э.​А.​Высоцкага, Г.​У.​Зінавенкі, С.​А.​Кручака, М.​М.​Лявых, Э.​А.​Ляўкова, К.​М.​Манкевіча, В.​А.​Масквіча, А.​А.​Махнача, А.​В.​Мацвеева, І.​І.​Ур’ева, У.​І.​Шкурагава і інш).

Літ.:

Рухин Л.Б. Основы общей палеогеографии. 2 изд. Л. 1962;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Геологическое описание. М., 1971.

С.​А.​Кручак.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)