ЛАГРА́НЖ (Lagrange) Жазеф Луі

(25.1. 1736, г. Турын, Італія — 10.4.1813),

французскі матэматык і механік, адзін са стваральнікаў аналітычнай механікі і варыяцыйнага злічэння. Чл. Берлінскай АН (1759) і яе прэзідэнт (1766—87), чл. Парыжскай АН (1772), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1776). Вучыўся ў Турынскім ун-це. Праф. Артыл. школы (з 1754) у Турыне, Вышэйшай нармальнай школы (з 1795) і Політэхн. школы (з 1797) у Парыжы. Навук. працы па механіцы, геаметрыі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, матэм. аналізе, тэорыі лікаў, алгебры, астраноміі. Сфармуляваў асн. варыяцыйныя прынцыпы механікі, увёў абагульненыя каардынаты, надаў ураўненням руху форму, названую яго імем (гл. Лагранжа ўраўненні), прапанаваў тэорыю лібрацыі Месяца і тэорыю руху спадарожнікаў Юпітэра, выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў па розных раздзелах матэматыкі, матэм. картаграфіі і тэарэт. астраноміі.

Тв.:

Рус. пер. — Аналитическая механика. Т. 1—2. 2 изд. М.; Л., 1950.

Літ.:

Жозеф Луи Лагранж, 1736—1936: Сб. ст.: К 200-летию со дня рождения. М.; Л., 1937.

А.І.Болсун.

Ж.Лагранж.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лагранж Ж. Л. 2/449, 609; 4/45; 6/241

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)