Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́МЕТР (ад грэч. logos тут адносіны + ...метр),
вымяральны механізм для вызначэння адносін дзвюх эл. велічынь (звычайна сіл току ў яго рухомай частцы). Бываюць магнітаэлектрычныя, электра- і ферадынамічныя, электрамагнітныя. Дзеянне найб. пашыранага магнітаэл. Л. заснавана на тым, што накіраваныя насустрач адзін аднаму вярчальныя моманты, якія ўзніклі ад уздзеяння вымяраемых велічынь на рухомую частку Л., ураўнаважваюцца пры адхіленні рухомай часткі на пэўны вугал. Л. выкарыстоўваюцца ў омметрах, фазометрах, частатамерах і інш.
Схема магнітаэлектрычнага лагометра: 1 — рухомыя шпулі; 2 — стралка, прымацаваная да рухомай часткі прылады; 3 — асяродак, які стварае неаднароднае па зазоры магнітнае поле; 4 — пастаянны магніт; M1, M2 — вярчальныя моманты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,
прылада для вымярэння эл. велічынь (супраціўлення, ёмістасці і інш.) метадам параўнання з узорнай мерай. М.в. бываюць пераменнага току; ураўнаважаныя (найб. дакладныя; прынцып работы засн. на нулявым метадзе вымярэнняў і неўраўнаважаныя (значэнні вымеранай велічыні адлічваюць па паказаннях вымяральнай прылады; пры нестабільнай крыніцы сілкавання ў якасці вымяральнага механізма выкарыстоўваецца, напр., лагометр); з ручным ўраўнаважваннем і аўтаматычныя (выкарыстоўваюцца таксама для неперарыўных вымярэнняў). Амічныя супраціўленні вымяраюць М.в. пастаяннага току адзінарнымі (4-плечнымі; ад 1 Ом і вышэй), падвойнымі (6-плечнымі; да 1 Ом) і камбінаванымі (ад 10−8 да 108Ом). Ёмістасці і індуктыўнасці вымяраюць М.в. пераменнага току 4-плечнымі (найб. пашыраны) і 6-плечнымі. Пры спалучэнні М.в. з вымяральнымі пераўтваральнікамі вызначаюць неэл. велічыні (напр., т-ру, дэфармацыю, паскарэнне). Выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхн. апаратуры, даследчых лабараторыях і на прадпрыемствах.