Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВІ́НА (ням. Lawine ад позналац. labina апоўзень),
абвал снегу або лёду, што саслізгвае са стромкіх горных схілаў і захоплівае на сваім шляху снежныя масы. Сярэдняя скорасць Л. 20—30 м/сек, аб’ём знесенага матэрыялу ад соцень тысяч да мільёнаў кубаметраў. Найб. часта бываюць у Альпах, Кардыльерах, на Каўказе, у гарах Сярэдняй Азіі; утвараюць моцныя разбурэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,
газаразрадная прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, выхадны сігнал якой прапарцыянальны энергіі зарэгістраванай часціцы.
Зараджаная часціца пры праходжанні праз газ, які запаўняе П.Л., стварае на сваім шляху іон-электронныя пары, лік якіх залежыць ад энергіі, страчанай часціцай у газе. У адрозненне ад іанізацыйнай камеры анодная нітка П.л. мае малую таўшчыню (да 0,1 мм і менш), у выніку чаго электроны паблізу ад яе набываюць энергію, дастатковую для другаснай іанізацыі і на анод прыходзіць лавіна электронаў. Паводле энергет. раздзялення П.л. пераўзыходзіць сцынтыляцыйны лічыльнік, але саступае паўправадніковаму дэтэктару, аднак у адрозненне ад яго дазваляе працаваць у вобласці энергій, меншых за 1 кэВ У фізіцы высокіх энергій пашыраны прапарцыянальныя камеры, што налічваюць некалькі дзесяткаў тысяч П.л., далучаных да ЭВМ, якая запамінае і апрацоўвае інфармацыю. П.л. выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў, астрафізіцы, тэхніцы, медыцыне, геалогіі і інш.
Схема прапарцыянальнага лічыльніка: 1 — нітка-анод; 2 — акно; 3 — крыніца часціц; 4 — катод; 5 — крыніца высокага напружання; 6 — лічыльнік імпульсаў; а — вобласць дрэйфу электронаў, б — вобласць газавага ўзмацнення; R — супраціўленне нагрузкі.