ЛАВЕЛЕ́ (Laveleye) Эміль Луі Віктор дэ
(5.4.1822—2.1.1892),
бельгійскі эканаміст і сацыёлаг. Вучыўся ў Лёвенскім і Генцкім ун-тах. З 1864 праф. палітэканоміі ў Льежскім ун-це. Падзяляў погляды аўстрыйскай школы і лічыў, што вартасць тавараў вызначаецца каштоўнасцю і рэдкасцю, а цана — попытам і прапанаваннем; цэнтр. месца адводзіў паліт. ладу, выступаў за ўмяшанне дзяржавы ў паліт. жыццё, але супраць сацыяліст. ідэі ўсебаковага рэгулявання гаспадаркі. Ідэалам грамадскага жыцця лічыў саюз «свабодных» «самакіравальных абшчын», дэцэнтралізацыю. У сваёй асн. працы «Уласнасць і яе першабытныя формы» (1874) даў гіст.-этналагічны аналіз прыватнай уласнасці.
т. 9, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)