КІШЭ́ЧНЫЯ КРЫ́ПТЫ, ліберкюнавы залозы,
трубчастыя паглыбленні эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка ў пазваночных жывёл і чалавека. Апісаны ням. вучоным І.Н.Ліберкюнам (1745). Форма, велічыня і колькасць К.к. у розных аддзелах кішэчніка розныя (у тонкай кішцы іх болей за 150 млн., а агульная пл. каля 14 м²). Прадуцыруюць кішэчныя ферменты і гармоны (эрэпсін, гастрын, мацілін і інш.), якія ўдзельнічаюць у працэсах стрававання.
А.С.Леанцюк.
т. 8, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЕРКЮ́НАВЫ ЗАЛО́ЗЫ,
тое, што кішэчныя крыпты.
т. 9, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСЕКТЫЦЫ́ДЫ,
хімічныя прэпараты для барацьбы са шкоднымі насякомымі; група пестыцыдаў.
Паводле характару пранікнення ў арганізм насякомых падзяляюць на кантактавыя (усмоктваюцца праз вонкавае покрыва пры кантакце з любой часткай цела), кішэчныя (трапляюць з ежай), сістэмныя (пранікаюць у сасудзістую сістэму раслін і робяць іх атрутнымі для насякомых), фуміганты (трапляюць у арганізм насякомага праз органы дыхання). Большасць І. выклікае гібель насякомага ў выніку пранікнення яду некалькімі шляхамі адначасова. У якасці І. выкарыстоўваюць хім. злучэнні розных груп: пірэтроіды (кантактавыя), карбаматы (кантактава-кішэчныя і сістэмныя), хлорарган. злучэнні (у асн. кантактава-кішэчныя). Адна з важнейшых груп І. — фосфарарганічныя злучэнні, якія вызначаюцца высокай біял. актыўнасцю, шырокім спектрам і хуткасцю дзеяння, малой стойкасцю ў навакольным асяроддзі (раскладаюцца з утварэннем нетаксічных прадуктаў). Вырабляюць І. ў выглядзе парашкоў, гранул, раствораў, эмульсій, суспензій.
Многія І. таксічныя для людзей, жывёл і пры няправільным выкарыстанні небяспечныя для навакольнага асяроддзя, таму іх вытв-сць, продаж і выкарыстанне абмежаваны.
С.І.Ярчакоўская.
т. 7, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЗНІ́,
кліматабальнеалагічны курорт у Арменіі. У цясніне р. Раздан на выш 1300 м, паблізу Ерэвана. Засн. ў 1925. Клімат умерана цёплы з гарачым летам і цёплай восенню. Субтэрмальныя мінер. воды, прыдатныя на ванны, арашэнні, кішэчныя прамыванні, піццё. Санаторыі спецылізаваныя на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама спадарожных хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, гінекалагічнай сферы. Завод па разліву мінер. вады «Арзні». Паблізу арх. комплексы Эчміядзіна, Гегарда, крэпасці Гарні, воз. Севан.
т. 1, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТЫ́ФЫ (ад пара... + тыф),
вострыя кішэчныя інфекцыйныя хваробы чалавека, якія выклікаюцца бактэрыямі роду сальманела. Адрозніваюць П. A і B падобныя па этыялогіі, эпідэміялогіі і клінічным праяўленням да брушнога тыфу, і C, які выяўляецца ў харч. токсікаінфекцыі і інш. формах.
Крыніца інфекцыі — хворыя на П. і бацыланосьбіты. Заражэнне праз ваду, харч. прадукты, забруджаныя бактэрыямі. Прыкметы: дрыжыкі, т-ра 40—42 °C, боль галавы, высыпка ружовага колеру на скуры жывата, грудзей, рук на 5—7-ы дзень хваробы. Бываюць формы П., падобныя да гастраэнтэрыту з моташлівасцю, ірвотай, паносамі. Ускладненні: кішэчны крывацёк, прарыўныя язвы кішэчніка, аслабленне імунітэту. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Сальманелёзы.
т. 12, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)