Кішык Ю. Н. 6/150, 151, 363, 365, 537, 562; 7/299, 350, 578
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры канца 18 ст. Пабудаваны ў 1778—87 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. для кн, Р.А.Пацёмкіна, у 1840-я г. рэканструяваны. Мураваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак накрыты пакатым 2-схільным дахам. Арх. вырашэнне гал. фасада мае рысы несапраўднай готыкі: цэнтр вылучаны рызалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, вуглавыя пілоны завершаны зубцамі і нагадваюць вежы, аконныя праёмы стральчатай формы. Астатнія фасады расчлянёны пілястрамі. Тарцы бакавых крылаў вырашаны ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую ляпную аздобу, мармуровыя каміны, кафляныя печы. Перад палацам быў пейзажны парк (захаваўся часткова), за ім — П-падобны ў плане будынак стайні і пладовы сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ (франц. ensemble літар. разам) у архітэктуры і горадабудаўніцтве, гарманічнае адзінства прасторавай кампазіцыі будынкаў, інж. збудаванняў (масты, набярэжныя і інш.), манум. жывапісу і скульптуры, зялёных насаджэнняў. Ствараецца за невял. адрэзак часу, паводле адзінай задумы і ў адным стылі (Скарыны праспект у Мінску, Гарадніца ў Гродне і інш.) або за працяглы час дапаўненнем першапач. кампазіцыі. Цэласнасць такога ансамбля дасягаецца толькі пры захаванні агульных прынцыпаў яго пабудовы, арган. спалучэнні новага са старым (ансамбль Крамля Маскоўскага, П’яцца Сан-Марка ў Венецыі, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу, Жыровіцкі Успенскі манастыр). Для больш глыбокага раскрыцця ідэйна-вобразнай сутнасці ансамбля і эмацыянальнага ўздзеяння на гледача ў яго кампазіцыю часам уключаюць творы розных відаў мастацтва (гл.Сінтэз мастацтваў): пл. Дзекабрыстаў у С.-Пецярбургу з помнікам Пятру I, палацава-паркавыя ансамблі 17—18 ст. (Версаль, Петрадварэц, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.), плошчы Перамогі ў Мінску і Віцебску. Прынцыпы ансамблевасці забудовы закладваюцца ў генпланах.
У кампазіцыі ансамбля адрозніваюць: глыбінна-прасторавую будову перспектывы (уздоўж выцягнутай плошчы, праспекта, вуліцы, бульвара), замкнёную ці напаўзамкнёную прастору, абмежаваную забудовамі ці зялёнымі насаджэннямі (гар. і паркавыя плошчы, унутрыквартальныя прасторы і інш.), жывапісную (гал. чынам у пейзажных парках і зялёных зонах). Як твор мастацтва ансамбль падпарадкоўваецца агульным прынцыпам пабудовы маст. формы (гарманічныя суадносіны частак і цэлага, вылучэнне гал. элементаў кампазіцыі і інш.). Пры стварэнні ансамбля актыўна выкарыстоўваюць сіметрыю, асіметрыю, маштаб, прапорцыі, кантраст, нюанс і інш. сродкі арх. выразнасці.
Літ.:
Иконников А.В. Эстетические проблемы архитектуры. М., 1970;
Формирование архитектурных ансамблей в современном городе. М., 1974.
Ю.Н.Кішык.
Да арт.Ансамбль у архітэктуры і горадабудаўніцтве. П’яцца Сан-Марка ў Венецыі.Да арт.Ансамбль у архітэктуры і горадабудаўніцтве. Праспект Ф.Скарыны ў Мінску.