КІРЫ́ЛІН (Пётр Аляксеевіч) (н. 12.7.1954, г. Віцебск),

бел. графік. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1981). Працуе пераважна ў тэхніцы малюнка, акварэлі, змешаных тэхніках. Творы вызначаюцца семіятычнасцю вобразных канструкцый, спалучэннем у дэталёва распрацаваных кампазіцыях абстрактных геам. форм і фігуратыўных выяў, складанасцю рытмічных пабудоў, экспрэсіўнасцю і дэкаратыўнасцю каларыту. Аўтар цыклаў «Поліс» (1983), «Вечнасць» (1984), «Аблокі» (1995), «Антысветы» (1997), кампазіцый «Погляд» (1983), «Дзяўчынка-кветка» (1984), «Рыба» (1986), «Спытай шчасця са мной» (1987), «Memento mori», «Люцыфер», «Алея», «Ззянне доўгай раніцы» (усе 1990), «Карусель», «Дзікі лес», «Фаварыт неба», «Кола часу» (усе 1996), «Адаліска», «Адысея бяздоннага мора», «Маленькі лорд», «Вежа адзінокіх птушак», «Востраў кахання», «Інтуіцыя міфа», «Восеньскі праменад» (усе 1998) і інш.

М.Л.Цыбульскі.

П.Кірылін. О, аблокі. 1995.

т. 8, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛІН (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 20.1.1913, Масква),

расійскі вучоны ў галіне энергетыкі і цеплафізікі, дзярж. дзеяч. Акад. Рас. АН (1962, чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1936). Працаваў у Бюро прамацечнага котлабудавання, Маскоўскім энергет. ін-це (з 1952 праф.). З 1955 нам. старшыні Дзярж. к-та па новай тэхніцы пры СМ СССР, у 1955—62 заг. аддзела ЦК КПСС, у 1963—65 віцэ-прэзідэнт АН СССР, у 1965—88 нам. старшыні СМ СССР, старшыня Дзярж. к-та СССР па навуцы і тэхніцы, акад.-сакратар Аддз. фізіка-тэхн. праблем энергетыкі АН СССР. Навук. працы па цеплафіз. уласцівасцях розных рэчываў (у т. л. вады і пары), тэрмадынамічных уласцівасцях цвёрдых рэчываў пры высокіх т-рах, па стварэнні МГД-генератараў. Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1951, 1976.

Тв.:

Термодинамические свойства газов. М., 1953 (у сааўт.);

Тяжелая вода. М.; Л., 1963 (у сааўт.);

Исследование термодинамических свойств веществ. М.; Л., 1963 (разам з А.Я.Шэйндліным);

Термодинамика растворов. 2 изд. М., 1980 (разам з А.Я.Шэйндліным, Э.Э.Шпільрайнам);

Техническая термодинамика. 4 изд. М., 1983 (разам з В.У.Сычовым, А.Я.Шэйндліным).

У.А.Кірылін.

т. 8, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кірылін У. А. 5/594—595; 6/518

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)