ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ НАРО́ДНІЦКІ ГУРТО́К.
Дзейнічаў у 1879—80 у мяст. Горкі (цяпер горад у Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўваў вучняў земляробчага, землямерна-таксатарскага і рамеснага вучылішчаў. Створаны вясной 1879 па ініцыятыве выпускніка Магілёўскай гімназіі Э.Ф.Акушкі; кіраўнік — вучань рамеснага вучылішча М.Л.Выржыкоўскі. Гурток меў нелегальную б-ку, падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі-народнікамі Магілёва, Віцебска, Гродна, Пскова, Кіева, Пецярбурга і інш. З лета 1879 гурткоўцы вялі прапагандысцкую работу, але з-за недахопу канспіратарскага вопыту арыштаваны. Паліцыі не ўдалося высветліць маштабы дзейнасці гуртка і справа была спынена. Над Выржыкоўскім і Акушкам быў устаноўлены тайны нагляд паліцыі.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙДРЫХ, Гейдрых (Heydrich) Рэйнгард (7.3.1904, г. Гале, Германія — 4.6.1942), адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Обергрупенфюрэр СС і генерал паліцыі (1941). У 1922—31 афіцэр флоту. З 1931 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі. Арганізатар (1931) і кіраўнік (з 1932) СД — службы бяспекі СС. Пасля 1933 адзін з гал. арганізатараў (разам з Г.Гімлерам і інш.) сістэмы нацысцкага тэрору: нач. упраўлення гестапа Прусіі (з 1934), «шэф паліцыі бяспекі і СД» (з 1936), кіраўнік Гал. імперскага ўпраўлення бяспекі (РСХА; з 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў на акупіраванай тэр. СССР (1941); з вер. 1941 таксама нам. імперскага пратэктара Багеміі (Чэхіі) і Маравіі, дзе развязаў тэрор супраць мясц. насельніцтва. Забіты ў Празе чэш. байцамі руху Супраціўлення, пасля чаго гестапаўцы ўчынілі акцыю ў Лідзіцэ.
Літ.:
Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991. С. 103, 108—118.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУШЭ́ (Fouché) Жазеф (21.5.1759, Ле-Пельрэн каля г. Нант, Францыя — 25 або 26.12.1820),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Герцаг Атранцкі (1809). У Французскую рэвалюцыю 1789—99 дэп. Канвента (з 1792), дзе спачатку быў прыхільнікам жырандыстаў, потым — якабінцаў. Галасаваў за смяротнае пакаранне караля Людовіка XVI, як камісар Канвента ў шэрагу дэпартаментаў надзвычай жорстка падаўляў контррэв. мяцяжы. Прыхільнік Ж.Эбера, удзельнічаў у правядзенні палітыкі дэхрысціянізацыі. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў тэрмідарыянскага перавароту (ліп. 1794). У перыяд Дырэкторыі на дыпламат. пасадах, са жн. 1799 міністр паліцыі. У ліст. 1799 дапамог прыйсці да ўлады ген. Н.Банапарту (з 1804 імператар Напалеон Г), у 1799—1802 і 1804—10 яго міністр паліцыі; стварыў сістэму паліт. разведкі, вышуку і татальнага шпіянажу (звольнены за несанкцыянаваныя перагаворы з Вялікабрытаніяй). У 1813—14 губернатар Ілірыйскіх правінцый. Пасля крушэння Напалеонаўскай імперыі (крас. 1814) заўзяты прыхільнік манархіі Бурбонаў, але ў час «Ста дзён» (сак.—чэрв. 1815) перайшоў на бок Напалеона I, які зноў прызначыў яго міністрам паліцыі. Пасля бітвы пры Ватэрлоо (18.6.1815) зноў здрадзіў Напалеону і як кіраўнік Выканаўчай камісіі Часовага ўрада падрыхтаваў 2-ю рэстаўрацыю Бурбонаў. З ліп. 1815 міністр паліцыі і саветнік Людовіка XVIII, але ў тым жа годзе па патрабаванні ультрараялістаў звольнены і прызначаны пасланнікам у Саксонію. У 1816 як «царазабойца» абвешчаны выгнаннікам. Апошнія гады правёў у Аўстрыі. Дзейнасць Ф. — узор беспрынцыпнага кар’ерызму ў палітыцы.
т. 16, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТБЕРГ (Gottberg) Курт фон (1896 — май 1945),
адзін з вышэйшых кіраўнікоў ням. акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—24 служыў у добраахвотніцкім корпусе «Брыгада Эрхарда». У 1932 уступіў у Нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі (НСДАП) і СС. З 1937 у Гал. ведамстве па расавай палітыцы і пасяленнях, з 1939 оберфюрэр СС і гал. камісар ведамства зямлі ў Празе. У 1940—42 нач. рэгістрацыйнага ведамства ў гал. упраўленні СС, брыгадэнфюрэр СС і ген.-маёр паліцыі. З восені 1942 камандзір «баявой групы Готберг», потым кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі. Пасля знішчэння бел. партызанамі гаўляйтара В.Кубэ з вер. 1943 да 3.7.1944 в.а. ген. камісара Беларусі. Адначасова з 1943 прадстаўнік рэйхсфюрэра СС у Цэнтр. Расіі. З чэрв. 1944 обергрупэнфюрэр СС. У канцы 2-й сусв. вайны кіраваў барацьбой з франц. рухам Супраціўлення. Пасля арышту Готберга саюзнікамі скончыў самагубствам у Фленсбургу.
С.У.Жумар.
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ПАВЫ,
дзяржаўныя дзеячы Расіі канца 19 — пач. 20 ст. Фёдар Фёдаравіч Т. (1812—1889), у 1866—78 обер-паліцмайстар, граданачальнік Пецярбурга, ген. ад кавалерыі (1878). За жорсткае абыходжанне з паліт. зняволенымі В.І.Засуліч учыніла на яго замах і параніла (апраўдана судом прысяжных). Яго сыны: Дзмітрый Фёдаравіч (14.12.1855. Пецярбург — 15.9.1906), маскоўскі обер-паліцмайстар (1896—1905), ген.-маёр (1900), са студз. 1905 пецярбургскі ген.-губернатар, з крас. таварыш міністра ўнутр. спраў, кіраўнік паліцыі і камандзір корпуса жандараў, з кастр. дварцовы камендант; адзін з арганізатараў ўзбр. падаўлення рэвалюцыі 1905—07. У час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905 ён загадаў войскам: «... халастых залпаў не даваць, патронаў не шкадаваць»; Аляксандр Фёдаравіч (30.9.1862, Кіеў — 1928), сенатар (1906), кіраўнік Мін-ва шляхоў зносін (1915—16), старшыня Савета міністраў (ліст.—снеж. 1916). З 1918 у эміграцыі.
т. 16, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з крас. 1942 да вер. 1943 на тэр. Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. Кіраўнік С.П.Паршын. Складалася з жыхароў г.п. Краснаполле, в. Вял. Хутары, Маластоўка, Турэйск і б. ваеннаслужачых (усяго 18 чал.). Падпольшчыкі трымалі сувязь з 41-м партыз. атрадам і 47-й партыз. брыгадай «Перамога», перадавалі ім разведданыя, атрымлівалі ад іх лістоўкі і газеты, запісвалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, друкавалі іх на машынцы і распаўсюджвалі сярод насельніцтва, знішчылі тэлеф. сувязь у паліцыі і камендатуры. 7.11.1942 падпольшчыку І.П.Галярку, што працаваў тэхнікам на мясц. радыёвузле, удалося настроіць апаратуру на Маскву і ўключыць у трансляцыйную сетку; акупанты арыштавалі і павесілі патрыёта.
т. 8, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ВЕ Вячаслаў Канстанцінавіч (1846—28.7.1904),
расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). Служыў у судовым ведамстве. З 1881 дырэктар дэпартамента паліцыі, у 1884—94 сенатар і таварыш міністра ўнутр. спраў, з 1894 дзярж. сакратар і гал. кіраўнік кадыфікацыйнай часткі пры Дзярж. савеце. З 1899 міністр, статс-сакратар па справах Фінляндыі. З 1902 міністр унутр. спраў і шэф жандараў. Праводзіў палітыку разлажэння рэв. руху знутры, задушэння рабочых і сял. выступленняў. Актыўны прыхільнік рус.-яп. вайны 1904—05. Забіты эсэрам Я.С.Сазонавым.
Літ.:
Памяти В.К.Плеве: Краткий биогр. очерк. СПб., 1904;
Михайловский Н.К. Воспоминания В.К.Плеве. Берлин, 1906;
Государственные деятели России XIX — начала XX в.: Биогр. справ. М., 1995.
т. 12, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ СЕЧ УКРАІ́НСКАЙ ПАЎСТА́НЦКАЙ А́РМІІ (ПС УПА), бульбаўцы,
узброенае фарміраванне ўкр. нацыяналістаў. Створана ў чэрв. 1941 на базе падп. арг-цыі «Украінскае нацыянальнае адраджэнне», якая з 1933 дзейнічала на тэр. Укр. і Бел. Палесся. Кіраўнік Т.Дз.Баравец (мянушка Бульба). Дзейнічала ў саюзе з прадстаўнікамі бел. нацыяналіст. арг-цый М.Вітушкам, І.Ермачэнкам, У.Казлоўскім, У.Родзькам і інш. Да ліст. 1941 супрацоўнічала з ням. армейскімі службамі, выконвала функцыі паліцыі, вяла барацьбу з сав. партызанамі. З прыходам на Палессе ням. цывільнай адміністрацыі восенню 1941 самараспусцілася. Зімой 1942 адноўлена Бараўцом як партыз. фарміраванне (налічвала 15 тыс. чал.). Імкнулася аб’яднаць у адзіную армію ўсе ўкр. антыкамуніст. арг-цыі для барацьбы за адраджэнне Укр. Нар. Рэспублікі. Летам 1943 ПС УПА сілай падпарадкавана Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, якая стварыла сваю Укр. паўстанцкую армію.
У.І.Гуленка.
т. 11, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КО́РПУС САМААХО́ВЫ (БКС), Беларуская самаахова,
ваенізаванае фарміраванне бел. калабарацыяністаў у Вял. Айч. вайну. Пачаў стварацца летам 1942 Беларускай народнай самапомаччу (БНС) з дазволу ням. улад. Гал. камендантам БКС быў прызначаны І.Ермачэнка, пры ім створаны штаб БКС (нач. штаба падпалк. У.Гуцька), у акругах — камісіі для арганізацыі самааховы. Меркавалася стварыць БКС у складзе 3 дывізій: адна ў напрамку на Мінск, Слуцк; 2-я — на Баранавічы, Навагрудак, Слонім; 3-я — на Вілейку, Ліду, Глыбокае. Паводле распараджэння ням. улад у кожным павеце дазвалялася мець адзінку самааховы (ад роты да батальёна). На з’ездзе акр. кіраўнікоў БНС (2-я пал. ліп. 1942) вырашана пачаць работу з вайсковай падрыхтоўкі кадраў. У пач. жн. 1942 у Мінску адкрыты афіцэрскія курсы (кіраўнік Ф.Кушаль), на якіх прайшлі перападрыхтоўку каля 260 чал. Падафіцэры займаліся на курсах у акругах. Самаахова павінна была дапамагаць ням. і мясц. паліцыі ў барацьбе супраць партызанаў, забяспечваць спакой на Беларусі. Стварэнне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Усяго было сфарміравана 20 батальёнаў і некалькі меншых адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач. Адна з гал. прычын гэтага ў тым, што гітлераўцы не адважваліся ўзбройваць самаахову і ствараць на Беларусі нац. армію, нават і дружалюбную ім. Другая заключалася ў тым, што ў агульнай масе насельніцтва не ўспрыняло заклік калабарацыяністаў і падтрымлівала партызанаў. Члены БНС і іх сем’і пастаянна праследаваліся партызанамі, многія пераходзілі на бок апошніх разам з атрыманай зброяй. Таму з восені 1942 адносіны немцаў да самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула ген. каменданта, штаб БКС забаронены. Ермачэнку дазвалялася мець пры сабе вайсковага рэферэнта па справах самааховы, а таксама рэферэнтаў пры старшынях БНС у акругах, якія падпарадкоўваліся акр. начальнікам паліцыі. Былі забаронены афіцэрскія званні, замест іх уведзены назвы службовых пасад: камандзір звязу, камандзір роты і інш. Фарміраванне адзінак БКС было перададзена жандармерыі і паліцыі, што адмоўна ўспрымалася насельніцтвам і калабарацыяністамі. Вясной 1943 гітлераўцы вымушаны былі яго распусціць.
А.М.Літвін.
т. 2, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ШАЛЬ Францішак Вінцэнтавіч (16.2.1895, в. Пяршаі Валожынскага р-на Мінскай вобл. — май 1968),
вайсковец, дзеяч бел. эміграцыі. Муж Н.А.Арсенневай. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1916). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 чл. Беларускай вайсковай камісіі. З 1922 у польск. арміі, удзельнік абарончых баёў на Заходнім фронце ў вер. 1939, камандзір батальёна. 22.9.1939 інтэрніраваны ў СССР. У час акупацыі Беларусі супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: са снеж. 1941 нач. падафіцэрскай бел. школы паліцыі ў Мінску, з ліп.—жн. 1942 кіраўнік курсаў перападрыхтоўкі афіцэраў, гал. вайск. рэферэнт у Беларускім корпусе самааховы, са снеж. 1943 чл. Беларускай цэнтральнай рады, з сак. 1944 шэф гал. камандавання Беларускай краёвай абароны. Удзельнічаў у выданні час. «Беларус на варце». З 1944 у Германіі, потым ЗША. Заснаваў Аб’яднанне бел. ветэранаў (1947, Германія). У 1947—54 узначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Аўтар артыкулаў па пытаннях ваен. гісторыі Беларусі.
А.М.Літвін.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)