КІ́ПЕЛЬ (Вітаўт Яўхімавіч) (н. 30.5.1927, Мінск),

грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, гісторык, бібліёграф. Д-р геал. н. (1955). Ганаровы праф. Гродзенскага ун-та (1993). Сын Я.Кіпеля, муж З.Кіпель. Скончыў Каталіцкі ун-т у г. Лёвен (Бельгія, 1953) і Ратгерскі ун-т у г. Нью-Брансуік (ЗША, 1962). У 1935—42 разам з маці жыў у г. Арол. У 1942 сям’я вярнулася ў Мінск. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1945—48 вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. З 1955 у ЗША, працаваў у навук.-прамысл. кампаніях і Балтымарскім ун-це. У 1962—85 супрацоўнік Нью-Йоркскай публічнай б-кі, займаўся складаннем і апрацоўкай бел. бібліяграфіі. З 1982 старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. З 1993 нам. старшыні згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Аўтар прац па гісторыі Беларусі і бел. эміграцыі. Разам з З.​Кіпель склаў бібліяграфію «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (1985), хрэстаматыю і бібліяграфію «Беларуская дзяржаўнасць» (1988).

Тв.:

Беларусы ў ЗША Мн., 1993.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ПЕЛЬ (Зора Лявонаўна) (н. 1.7.1927, Мінск),

грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, літаратуразнавец. Жонка В.Кіпеля. Вучылася ў Бел. настаўніцкай семінарыі ў Мінску. Скончыла Каталіцкі ун-т у г. Лёвен (Бельгія, 1955), бібліятэчны (1966) і параўнальнага літаратуразнаўства (1983) ф-ты Ратгерскага ун-та ў г. Нью-Брансуік (ЗША). З 1944 у Германіі. Скончыла Беларускую гімназію імя Янкі Купалы. З 1955 у ЗША, працавала ў навук. лабараторыі ун-та Дж.​Хопкінса (1956—58). У 1966—91 у Нью-Йоркскай публічнай б-цы. Рэдактар газ. «Беларус» (ліп. 1991 — вер. 1992, з 1994). Чл. Амер. асацыяцыі слав. даследаванняў, управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Разам з В.​Кіпелем склала бібліяграфію «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (1985), хрэстаматыю і бібліяграфію «Беларуская дзяржаўнасць» (1988). Даследуе рукапісную бел. л-ру 16 ст. Пераклала на англ. мову «Аповесць пра Трышчана».

С.​Б.​Сачанка.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ПЕЛЬ (Яўхім Яўсеевіч) (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл. Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел. нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ. «Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СІЯН РЭВ’Ю́»

(«Belarussian Review», «Беларускі агляд»),

грамадска-палітычны часопіс. Выдаецца з 1989 у ЗША (штат Каліфорнія) на англ. мове штоквартальна. Рэд. Я.​Арцюх. Друкуе эканам., паліт., дзелавую, культ. інфармацыю з Беларусі, матэрыялы па гісторыі краіны, робіць эканам. аналізы. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах свету.

В.​Кіпель.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С»,

газета. Выдаецца з 20.9.1950 у Нью-Йорку Беларуска-амерыканскім задзіночаннем на бел. мове. Рэдактар З.​Кіпель (з 1991). Друкуе матэрыялы з жыцця бел. эміграцыі, аналітычныя карэспандэнцыі пра становішча на Беларусі, нарысы па бел. гісторыі, творы бел. пісьменнікаў-эмігрантаў, успаміны. З газетай супрацоўнічалі дзеячы эміграцыі Н.​Арсеннева, А.​Адамовіч, У.​Глыбінны, Я.​Каханоўскі, Ф.​Кушаль, А.​Саковіч. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫГАЛО́М»,

літаратурна-мастацкі часопіс. Выйшаў адзін нумар у лют. 1935 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ю.​Кіпель. Змясціў матэрыялы пра грамадскае і літ. жыццё Зах. Беларусі. Сярод публікацый — інфармацыя пра 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў, вершы М.​Танка, Ф.​Грышкевіча, вытрымкі з прац К Маркса, Г.​В.​Пляханава, П.​А.​Гольбаха, Э.​Сінклера. Меў рубрыку «Культурная хроніка». Канфіскаваны і забаронены польскімі ўладамі.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БАА) у Нью-Йорку, грамадская арг-цыя, якая займаецца культ.-асв. дзейнасцю сярод бел. эмігрантаў у ЗША. Засн. ў 1965. Асн. мэты: пашыраць і падтрымліваць ідэалы амер. канстытуцыі, распаўсюджваць інфармацыю пра Беларусь, аказваць дапамогу сябрам арг-цыі. БАА ладзіць літ. вечары, курсы для моладзі, адзначае бел. гіст. ўгодкі. Выдае інфармацыйныя лістоўкі, прэс-рэлізы. У кіраўніцтва БАА уваходзяць К.​Мярляк, В.​Шчэцька і інш.

В.​Кіпель.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РТУЛЬ (Францішак) (н. 15.11.1918, г. Піедруя, Латвія),

дзеяч бел. эміграцыі. Скончыў Дзвінскую сярэднюю тэхн. гімназію (1936), Віленскую бел. настаўніцкую семінарыю (1944). З 1944 у эміграцыі. Жыў у Германіі, Італіі, скончыў ф-т філасофіі ватыканскага Грэгарыянскага ун-та. З 2-й пал. 1940-х г. у Англіі, скончыў Лонданскі ін-т тэхн. стаматалогіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. З 1957 у ЗША. Узначальваў бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», з 1982 старшыня Фундацыі імя П.​Крачэўскага.

В.​Кіпель.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т НАВУ́КІ І МАСТА́ЦТВА (БІНіМ) у Нью-Йорку, грамадская навук.-культ. арг-цыя бел. эміграцыі ў ЗША. Засн. ў 1951. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку, мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955), Канадзе (Таронта, з 1968). Друкаваны орган — навук. штогоднік «Запісы» (з 1952). У 1954—63 выдаваў літ.-маст. час. «Конадні», у 1953—69 — інфармацыйны «Абежнік». Выдадзены аднатомнікі «Спадчына» Я.​Купалы (1955), «Вянок» М.​Багдановіча (1960), «Матчын дар» А.​Гаруна (1962), творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, навук. працы па гісторыі, л-ры і мастацтве Беларусі. Выдае (з 1979) серыю «Беларускія паэты і пісьменнікі эміграцыі». Падрыхтаваны бібліяграфіі «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (В. і З.Кіпелі, 1985), «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (В.​Тумаш, 1989) і інш. Ін-т падтрымлівае сувязі з многімі б-камі свету. У розны час яго ўзначальвалі У.​Тамашчык, Я.​Ліманоўскі, В.​Тумаш, А.​Адамовіч, з 1982 В.​Кіпель. З канца 1980-х г. інстытут наладжвае кантакты з грамадскімі арг-цыямі Беларусі.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗКА (Анатоль) (сапр. Смаршчок Мацвей; н. 19.2.1915, в. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Засл. д-р медыцыны. Скончыў гімназію і ліцэй у Баранавічах, у 1939 мед. ф-т Віленскага ун-та. У 1929—39 публікаваў свае вершы ў віленскіх перыяд. выданнях (часопісы «Заранка», «Шлях моладзі», «Калоссе», газ. «Крыніца»), Рэдагаваў часопісы «Шлях моладзі», «Калоссе», рукапісны гумарыст. час. «З-за плоту» (выйшла 3 нумары). Пасля вер. 1939 пераехаў у Івацэвічы. Працаваў лекарам на Брэст-Літоўскай чыгунцы, у Вял. Айч. вайну — у Баранавіцкім шпіталі. У 1944 выехаў у Познань, дзе быў арыштаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Нардгаўзен. Пасля вайны жыў у Германіі, потым — у ЗША. Першая публікацыя Б. за мяжой — верш «Ліст да маці: (Пераклад з забытага)» (1955). Аўтар зб. «Адзінаццаць вершаў» (1989; на бел. і англ. мовах). У вершах Бярозкі матывы і вобразы адраджэнскай бел. паэзіі, імкненне эстэтызаваць, упрыгожыць, ускладніць фактуру верша тонкай лексічнай арнаментыкай.

Літ.:

Кіпель В. Беларусы ў ЗША Мн., 1993. С. 301—304.

А.​Я.​Белы.

т. 3, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)