Кілаўэ́а

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́ЙСКІ ВУЛКАНІ́ЧНЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК

(Hawaii Volcanoes National Park),

на в-ве Гаваі, тэр. ЗША. Засн. ў 1916. Пл. 99 тыс. га. Выш. да 4170 м (вулкан Маўна-Лоа). Вільготныя трапічныя лясы і хмызнякі. Ахоўваецца унікальная флора (дрэвападобныя папараці і інш.) і эндэмічная фауна (гал. чынам птушкі і насякомыя) трапічных дажджавых лясоў. Раён актыўнай вулканічнай дзейнасці (вулканы Маўна-Лоа і Кілаўэа). Біясферны рэзерват.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́І

(Hawaii),

востраў у Ціхім ак., самы вял. ў архіпелагу Гавайскія астравы, тэр. ЗША. Пл. 10,4 тыс. км². Нас. каля 100 тыс. чал. (1992). Утвораны вяршынямі 5 шчытавых вулканаў: Маўна-Кеа (4205 м), Маўна-Лоа (4170 м), Кілаўэа, Хуалалаі, Кохала. Клімат трапічны марскі, вельмі вільготны на наветраных паўн.-ўсх. схілах; ападкаў да 3600 мм за год. Схілы ўкрыты трапічнымі лясамі. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу і інш. трапічных культур. Гал. горад — Хіла. Вулканалагічная абсерваторыя. Гавайскі вулканічны нацыянальны парк.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНАЛО́ГІЯ

(ад вулкан + ...логія),

навука аб вулканах, прычынах іх утварэння, будове, развіцці, прадуктах вывяржэння, заканамернасцях размяшчэння на паверхні Зямлі і інш. планет, характары іх дзейнасці ў розныя часы, ролі ў фарміраванні зямной кары.

Вулканалогія ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. (Геракліт і Арыстоцель у Грэцыі, Страбон і Пліній Малодшы ў Рыме). Першая спец. навук. ўстанова — вулканалагічная абсерваторыя на Везувіі створана ў 1842. У 1911 такая абсерваторыя створана на вулкане Кілаўэа на Гавайскіх а-вах, потым вывучэнне вулканаў было наладжана ў Інданезіі, Японіі, ЗША. У 1935 створана вулканалагічная станцыя на Камчатцы ў СССР, пазней вулканалагічныя даследаванні пачаліся ў Арменіі і Грузіі. Каардынацыю сучасных даследаванняў праводзіць Міжнар. асацыяцыя вулканалогіі і хіміі нетраў Зямлі.

Практычныя задачы вулканалогіі — распрацоўка метадаў прагназавання вывяржэння вулканаў, выкарыстання вулканічнага цяпла гарачых вод і пары (гл. Гейзер) у гаспадарцы, выяўленне заканамернасцей утварэння вулканічных горных парод і карысных выкапняў.

Г.В.Зінавенка.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́

(Hawaiian Islands),

Сандвічавы астравы, архіпелаг у цэнтр. частцы Ціхага ак., штат ЗША — Гаваі і ўладанне Мідуэй. Пл. 16,7 тыс. км². Гавайскія астравы — вяршыні падводнага вулканічнага хрыбта, складаюцца з 24 вулканічных і каралавых астравоў, выцягнутых з З-Пн-З на У-Пд-У больш як на 3600 км (самыя вял. і значныя — Гаваі, Ааху, Каўаі, Ланаі, Малакаі, Маўі, Нііхау, Кахаалаве). Выш. да 4205 м (патухлы вулкан Маўна-Кеа на в-ве Гаваі). Дзеючыя вулканы Маўна-Лоа (4170 м) і Кілаўэа (1247 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячная т-ра 18—25 °C. Ападкаў ад 700 мм (на паўд.-зах. берагах) да 3500—4000 мм за год (на в-ве Каўаі ў асобныя гады больш за 10 000 мм). На наветраных схілах вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — рэдкалессе і саванны; шмат эндэмічных відаў раслін. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу, кавы і інш. трапічных культур. Развіта кветкаводства. Рыбалоўства. Суднабудаванне. Кліматычныя курорты. Турызм. Адкрыты Гавайскія астравы ў 1778 англ. мараплаўцам Дж.Кукам.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКА́Н

(ад лац. vulcanus агонь, полымя),

геалагічнае ўтварэнне над каналамі і трэшчынамі ў зямной кары, якое ўзнікае ў выніку вывяржэння з глыбінных магматычных ачагоў на паверхню Зямлі лаў і вулканакластычнага матэрыялу. На Зямлі вядома больш за 13 тыс. вулканаў, з іх каля 950 дзеючых. Дзеючыя вулканы тыя, што вывяргаліся або выдзялялі гарачыя газы і ваду праз сальфатары за апошнія 3,5 тыс. гадоў; да заснулых (патэнцыяльна дзеючых) адносяць тыя, што вывяргаліся 3,5—13 тыс. гадоў назад. Умоўна патухлымі лічаць вулканы, якія не праяўлялі актыўнасці на працягу апошніх 13—100 тыс. гадоў, але захавалі вонкавыя формы (напр., вулкан Макензі на найб. вулканічным масіве Кіліманджара ў Афрыцы). Вывучае вулканы вулканалогія.

Вывяржэнне вулкана адбываецца, верагодна, пад уздзеяннем гідрастатычных сіл пры пад’ёме магмы праз астэнасферу і літасферу і бурнага выдзялення газаў пры дасягненні магматычнымі расплавамі верхніх гарызонтаў зямной кары.

Прадукты вывяржэння вулкана — вулканічныя газы, вулканічны попел, вулканічныя бомбы, лава, шлакі і інш., з якіх утвараюцца вулканічныя горныя пароды, у залежнасці ад сілы ўзрыву ўзнімаюцца на выш. 1000—5000 м, зрэдку да 45 000 м і разносяцца на дзесяткі тысяч кіламетраў, лававыя патокі распасціраюцца па схілах і каля падножжа вулкана да 1000—5000 м, рэдка болей. Вулканы пашыраны на кантынентах і ў акіянах, яны выносяць на паверхню Зямлі за год каля 3—6 млрд. т вулканічнага матэрыялу (80% падводныя, 20% наземныя). Найб. інтэнсіўны вынас уздоўж рыфтаў сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў. Каля 75% усіх актыўных вулканаў знаходзіцца ў пераходных зонах ад кантынентаў да акіянаў (у межах астраўных дуг). У размеркаванні вулканаў на Зямлі існуе прамая залежнасць іх колькасці ад тэктанічнай актыўнасці рэгіёнаў. Найб. вышыні дасягаюць вулканы ў акіяне — 9000 м, на астраўных дугах — 6000 м, у гарах — 3000 м. Большасць наземных вулканаў — асобныя конусападобныя горы (вулканічныя конусы) з кратэрам на вяршыні. Самыя вялікія кантынентальныя вулканы вядомы ў Афрыцы, у зоне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы. Паводле формы падводнага канала вулканы падзяляюцца на цэнтральныя (з трубчастым жарлом) і трэшчынныя. У залежнасці ад глыбіні мантыйнага ачага адрозніваюць вулканы мантыйнага (30—70 км і глыбей, вывяргаюць базальтавыя лавы), коравага (5—45 км, пераважна андэзітавыя, дацытавыя і ліпарытавыя лавы) і змешанага (лавы ўсіх тыпаў) жыўлення. У акіянах вядомы вулканы толькі мантыйнага жыўлення (Кілаўэа і інш.), на астраўных дугах і кантынентальных платформах — усіх тыпаў жыўлення (Ключаўская Сопка, Везувій і інш.), у горных сістэмах — толькі коравага (Эльбрус, Ласен-Пік у Паўн. Амерыцы і інш.).

Вывяржэнні вулканаў бываюць працяглымі (ад некалькіх гадоў да стагоддзяў) і кароткачасовымі (некалькі гадзін). Ім папярэднічаюць вулканічныя землетрасенні, акустычныя з’явы, змяненні магнітнага поля Зямлі і саставу фумарольных газаў (гл. Фумаролы), па якіх магчымы прагноз пачатку вывяржэння. Вывяржэнне вулкана — грозная з’ява прыроды, якая можа прыводзіць да гібелі паселішчаў пад слоем попелу і лавы (Пампеі і інш. гарады пры вывяржэнні Везувія ў 79 г. н.э.) або цэлых культур (мяркуюць, што пры вывяржэнні вулкана Сантарын у 1400 г. да н.э. загінула мінойская культура). Падводныя вывяржэнні мала вывучаны. У наземных вулканах вылучаюць 4 гал. тыпы. Гавайскі тып вывяржэння (ад вулкана Кілаўэа ў Гавайскім архіпелагу) характарызуецца адносна спакойным выліваннем вадкай (базальтавай) лавы і ўтварэннем шчытападобных вулканаў. Стромбаліянскі тып (ад вулкана Стромбалі на Ліпарскіх а-вах у Міжземным м.) звычайна стварае стратавулканы, дзе пераважаюць невялікія выбухі з выкідамі кавалкаў шлаку і вулканічных бомбаў і выліваецца шмат вадкіх (базальтавых і андэзітабазальтавых) лаў. Купальнаму тыпу ўласціва выцісканне і выштурхоўванне вязкай (андэзітавай, дацытавай або рыялітавай) лавы і ўтварэнне купалоў (напр., Цэнтр. Сямячык на Камчатцы), крыптакупалоў (напр., Сёва-Сіндзан у Японіі) і абеліскаў (Шывелуч на Камчатцы). Вульканскі тып вывяржэння (ад вулкана Вулькана на Ліпарскіх а-вах) вылучаецца вял. вывяржэннем газаў, што выклікае выбухі і выкіды вялізных хмар, перапоўненых абломкамі горных парод, лаў і вулканічным попелам; вязкія лавы (андэзітавыя, дацытавыя або рыялітавыя) ствараюць конусападобныя вулканы. Пры моцных выбухах разбураецца вулканічны конус або яго частка, утвараецца кальдэра.

На тэр. Беларусі вывяржэнні вулканаў адбываліся ў вендзе (600—650 млн. гадоў назад) у Падляска-Брэсцкай упадзіне і ў дэвоне (330—350 млн. гадоў назад) у Прыпяцкім прагіне. У вендзе пераважалі трэшчынныя вывяржэнні ў кантынентальных умовах, утварыліся вялізныя вулканічныя покрывы (трапавыя плато) з базальтаў, туфаў і інш. парод. Дэвонскі вулканізм адбываўся ў падводных умовах, пераважалі вулканы цэнтральнага тыпу, вывяргаліся лавы шчолачнага саставу (трахіты, нефелініты і іх туфы).

Літ.:

Апродов В.А. Вулканы. М., 1982.

Г.У.Зінавенка.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)