Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІДА́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,
зброя далёкага бою, прызначаная для паражэння праціўніка на адлегласці, недасягальнай для ўступлення з ім у рукапашны бой. Складаецца са снарада і механізма для кідання або толькі са снарада. У эпоху позняга палеаліту з’явіўся першы ўзор спецыялізаванай К.з. — лук. У антычнасці распаўсюдзілася кідальная артылерыя ў выглядзе машын рознай канструкцыі, якія кідалі снарады значнай вагі (гл.Кідальныя машыны). У той час узнік арбалет — механізаваны лук, прымацаваны да ложа-прыклада. Па-ранейшаму выкарыстоўваліся прашча і лук. На Беларусі выкарыстоўваліся практычна ўсе віды К.з., вядомыя ў старажытнасці. З пашырэннем агнястрэльнай зброі К.з. траціць актуальнасць.
Літ.:
Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;
Медведев А.Ф. Ручное метательное оружие (лук и стрелы, самострел) VIII—XIV вв. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУМЕРА́НГ (англ. boomerang ад аўстрал.),
сагнутая драўляная кідальная паліца, найчасцей падобная на серп (некаторыя віды, апісаўшы крывую, вяртаюцца да кідальніка). Быў пашыраны як баявая і паляўнічая зброя ў абарыгенаў Аўстраліі, у Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі і Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́СТА (лац. ballista ад грэч. ballō кідаю),
старажытная кідальная машына. Прыводзілася ў дзеянне сілай пругкасці скручаных валокнаў (сухажылляў, вяровак і інш.) і прызначалася для разбурэння крэпасцяў і знішчэння іх абаронцаў. Выкарыстоўвалася да канца 5 ст. Далёкасць кідання цяжкіх снарадаў (камянёў, бярвёнаў і інш.) дасягала 400—800 м, лёгкіх стрэл — да 1000 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАП’Ё,
халодная колючая або кідальная зброя, якая выкарыстоўвалася на вайне і паляванні. Вядома з эпохі палеаліту. Складалася з дрэўка і наканечніка (з каменю, косці, металу). У некат. краінах і народаў захавалася і ў сярэдневякоўі. У 18 ст. страціла былое значэнне. Засталося на ўзбраенні ў плямён Аўстраліі, Акіяніі, Бразіліі. К. таксама называецца спарт. кідальны снарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́Д [ад грэч. bolis (bolidos) кідальная зброя],
вялікі вогненна-яркі метэор (успышка метэорнага цела ў выніку яго ўваходжання ў верхнія слаі зямной атмасферы). Найбольш яркія баліды можна назіраць удзень, уначы відаць абалонка і хвост баліда. Пасля палёту баліда застаецца след, які складаецца з іанізаваных газаў і пылу. Іншы раз метэорнае цела за час палёту ў зямной атмасферы не паспявае поўнасцю згарэць і падае на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Палёт і падзенне балідаў часта суправаджаюцца гукавымі з’явамі (выбухамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ШЧА,
старажытная кідальная зброя. Ручная П. — рэмень з пашыранай сярэдняй часткай або кароткая палка з расколінай ці пятлёй, куды клалі шарападобны камень або металічны снарад, у т. л. гранату. Пасля раскручвання П. і выпускання аднаго канца снарад ляцеў да 150 м. П. выкарыстоўвалася ў арміях Стараж. свету (у Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш.); разнавіднасць П. захавалася ў плямён Аўстраліі, Афрыкі, Акіяніі да пач. 20 ст. П. выкарыстоўвалася і ў кідальных машынах — парабалістах.
Прашчы: 1 — скураная з Эрытрэі. Канец 19 ст.; 2 — плеценая з двухколернага шнура. Манголія; 3 — плеценая з Гавайскіх астравоў. 18 ст.; 4 — старажытны воін-прашчнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІДА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,
баявыя машыны для кідання цяжкіх снарадаў (стрэл, камянёў, бярвён, ядраў, запальных сумесей і інш.) з мэтай паражэння жывой сілы праціўніка і разбурэння яго абарончых збудаванняў.
Падзяляліся на машыны насцільнага (балісты і брыколі — станкі з верт. стойкай для кідання стралы) і навяснога (катапульты, франдыбалы) дзеяння. Былі вядомы яшчэ ў дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма (франдыбалы з 5 ст. ў Візантыі, брыколі пашырыліся ў 13—14 ст.). У Стараж. Русі К.м. выкарыстоўваліся з 10 ст. (наз. станковымі самастрэламі, паро́камі, пускачамі) і існавалі да 15 ст. (выцеснены агнястрэльнай зброяй). Гл. таксама іл. да арт.Артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАПУ́ЛЬТА (лац. catapulta ад грэч. katapeltēs: kata уніз + pallō кідаю),
1) ваенная кідальная машына, якая прыводзілася ў дзеянне сіламі пругкасці скручаных валокнаў (сухажылляў, рамянёў, валасоў і інш.). Кідала па крутой траекторыі камяні, стрэлы, ядры, запальныя снарады і інш. на 250—850 м. Выкарыстоўвалася пры аблозе крэпасцей і ў палявым баі з 5 ст. да н. э. (Стараж. Грэцыя і Рым, затым Візантыя і інш.) да 15 ст. (Еўропа), калі была заменена артылерыяй. У Кіеўскай Русі К. наз. парокай.
2) Механізм для паскарэння або забеспячэння ўзлёту (старту) самалётаў, планёраў і інш. лятальных апаратаў.
3) Прыстасаванне для аўтам. выкідвання (катапультавання) лётчыка ці касманаўта з кабіны лятальнага апарата ў час аварыі. З’яўляецца часткай катапультнага крэсла, у якім у вышынна-кампенсавальным касцюме знаходзіцца лётчык (касманаўт). Катапультаванне (адстрэл) ажыццяўляецца піратэхн. прыстасаваннем. Наземная К. — стэнд для трэніроўкі лётчыкаў і касманаўтаў.
Катапульты: 1 — заснаваная на сіле пругкасці скручаных валокнаў; 2 — на сіле пругкасці сагнутага дрэва (на прынцыпе лука).