ВЕЛІКАПО́ЛЬСКА-КУЯ́ЎСКАЯ НІЗІ́НА (Nizina Wielkopolsko-Kujawska),
нізінная раўніна ў Польшчы, паміж рэкамі Вісла і Одра, пераважна ў бас. р. Варта. Выш. ад 18 да 227 м. Складзена з ледавіковых і водна-ледавіковых адкладаў, пранізаных салянымі купаламі.
У рэльефе спалучэнне марэнных узвышшаў і град, плоскіх і ўзгоркавых раўнін і нізкіх лагчын — далін сцёку стараж. ледавіка. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, -2,5 °C, ліп. 17,5 °C, 18 °C; ападкаў 550—650 мм за год. Шматлікія азёры, вял. воз. Гопла. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Пасевы збожжавых, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Здабыча калійных солей. Вял. гарады: Познань, Быдгашч, Торунь, Гожаў-Велькапольскі.
т. 4, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́СТЫ (Piastowie),
польская княжацкая і каралеўская дынастыя. Названа ў гонар легендарнага родапачынальніка селяніна Пяста. Першы гістарычна вядомы польскі князь дынастыі П. Мешка I (960—992), нашчадкі якога займалі польскі трон. Пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дынастыя падзялілася на некалькі княжацкіх ліній. Ад Уладзіслава II пачалася сілезская лінія (згасла ў 1675), ад Мешкі III Старога — велікапольская (згасла ў 1296), ад Казіміра II Справядлівага — малапольская (згасла ў 1279), мазавецкая (згасла ў 1526) і куяўская (згасла ў 1388). У аб’яднаным Польскім каралеўстве трон заняла лінія куяўскіх князёў (Уладзіслаў I Лакетак, Казімір III Вялікі — апошні П. на польскім троне).
Літ.:
Balzer O.M. Genealogia Piastów. Kraków, 1895. Jasienica P. Polska Piastów. Warszawa, 1996.
т. 13, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)