КУ́РЫЦЫН Фёдар Васілевіч, рускі паліт. і грамадскі дзеяч, дыпламат канца 15 ст. Думны пасольскі дзяк. Удзельнічаў у фарміраванні знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы пры вял. кн. Іване III. У 1485 стварыў у Маскве гурток прыхільнікаў «Жыдоўствуючых» ерасі. Выступаў за скасаванне манастыроў і манаства, свабоду волі чалавека тлумачыў шырэй, чым артадаксальнае багаслоўе. Весткі пра К. губляюцца пасля 1500. Яго паслядоўнікі асуджаны на царк. саборы 1504.
т. 9, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫДО́ЎСТВУЮЧЫХ» Е́РАСЬ, наўгародска-маскоўская ерась,
рэлігійнае вучэнне апошняй трэці 15 — пач. 16 ст. ў Ноўгарадзе (потым і Маскве), прыхільнікі якога былі абвінавачаны правасл. духавенствам у далучэнні да іудаізму (адсюль назва). Узнікла ва ўмовах барацьбы ВКЛ і Вял. княства Маскоўскага за ўплыў на Ноўгарад у апошні перыяд яго самастойнасці. У 1470—71 намеснікам вял. князя ВКЛ у Ноўгарадзе быў М.А.Алелькавіч (гл. ў арт. Алелькавічы), у свіце якога былі вучоныя яўрэі: лейб-медык Схарыя, Майсей Хануш і Іосіф Шмойла Скарабей. Прынесеныя імі ідэі ахапілі частку мясц. духавенства і гараджан прамаскоўскай арыентацыі (пратапопы Дзяніс і Аляксей. пратапоп Сафійскага сабора Гаўрыіл). Створаная секта мела тайны характар. У 1479 вял. кн. маскоўскі Іван III перавёў у Маскву ў прыдворныя цэрквы Дзяніса і Аляксея, якія распаўсюдзілі ерась сярод баярства і пры двары. Сярод ерэтыкоў былі дзяк Пасольскага прыказа Ф.Курыцын, нявестка Івана III Алена, баяры І.Патрыкееў, С.Рапалоўскі і інш. «Жыдоўствуючыя» крытыкавалі царк. іерархію, падвяргалі сумненню боскасць Хрыста, траістасць Бога, існаванне замагільнага жыцця, адмаўлялі ўсе прадметы рэліг. культу, ін-т манаства і інш. Ерась была выкрыта ў 1487 і асуджана царк. саборамі 1488, 1490, 1503 і 1504. Наўгародскі архіепіскап Генадзь і настаяцель Валакаламскага манастыра Іосіф Валоцкі абвінавацілі ерэтыкоў у схіленні ў іудаізм (што аспрэчваецца шэрагам гісторыкаў) і дамагліся ад Івана III санкцыянавання ў 1504 смяротных прысудаў іх кіраўнікам. Пасля гэтага ерась заняпала, некат. «жыдоўствуючыя» ўцяклі ў ВКЛ. Крыніцамі вывучэння «Ж.» е. з’яўляюцца пасланні Генадзя, праца Іосіфа Валоцкага «Асветнік», матэрыялы царк. сабора 1490, літ. помнікі саміх «жыдоўствуючых» (пераклады кніг Старога Запавету на царк.-слав. мову рус. рэдакцыі з дамешкам беларусізмаў).
С.В.Марозаеа.
т. 6, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)