Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁНАВЫЯ ХВАРО́БЫ,
інфекцыйныя хваробы чалавека і жывёл, якія выклікаюцца асаблівымі бялкамі — прыёнамі. Крыніца інфекцыі для чалавека — мяса (магчыма, і малако) хворых кароў, для жывёл — харч. дабаўкі (касцявая або мясная мука, прыгатаваная з хворых жывёл). У чалавека П.х. выклікаюць павольнае згасанне рэфлексаў ног, гіпатанію, зніжэнне адчувальнасці, парушэнне голасу і глытання, развіццё слепаты, глухаты, расстройствы псіхікі і смерць ад маразму. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да дзесяткаў гадоў. Для чалавека апісаны 6 назалагічных форм П.х.: куру, хвароба Кройтцфельта—Якаба, амітрафічны лейкаспангіёз (апісаны на Беларусі В.А.Вацяковым, Х.А.Протасам, 1957), сіндром Герстмана—Страўслера, фатальная сямейная бяссонніца, прыёнасацыіраваная міяпатыя. У жывёлнайб. вылучаюць спангіяформную энцэфалапатыю буйной рагатай жывёлы (т. зв. «шаленства кароў»), ад мяса якіх адбываецца заражэнне людзей (скрыты перыяд у людзей 5—35 гадоў). Захворванне абумоўлена губчастым перараджэннем галаўнога мозга. Дыягностыка П.х. праводзіцца на аснове клінічных даных, заражэння лабараторных жывёл, электроннай мікраскапіі і інш.Асн.прафілакт. мерапрыемствы — вет. нагляд.
Літ.:
Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990;
Шлопов В.Г. Прионовые инфекции: медико-социал. и экол. проблемы. Киев, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАДРО́М (ад космас + грэч. dromos бег, месца для бегу),
ракетадром, комплекс збудаванняў, тэхн. сродкаў і зямельных участкаў для зборкі, падрыхтоўкі і запуску касмічных апаратаў.
У склад К. ўваходзяць: тэхнічны (ТК), стартавы (СК), камандна-вымяральны (КВК) комплексы, комплекс сродкаў пошуку і выратавання, жыллёвы комплекс, дапаможныя службы. ТК забяспечвае прыём з заводаў-вытворцаў ступеней ракет-носьбітаў і касмічных апаратаў, іх захоўванне, зборку, выпрабаванне вузлоў і агрэгатаў ракетна-касм. сістэм (РКС). СК служыць для ўстаноўкі РКС на пускавую пляцоўку, запраўкі кампанентамі паліва і акісляльніку, кантрольных выпрабаванняў і пуску. Перадстартавую падрыхтоўку, функцыянаванне РКС пры вывядзенні касм. апаратаў на арбіту, вызначэнне элементаў траекторыі палёту кантралюе КВК (складаецца з наземных станцый сачэння і марскіх суднаў уздоўж трасы палёту). Функцыі комплексу сродкаў пошуку і выратавання — дапамога пры аварыі на К. ці пры вывядзенні на арбіту касм. апаратаў, эвакуацыя касм аб’ектаў і іх экіпажаў пасля вяртання на Зямлю. Сучасныя К. займаюць вял. тэрыторыі з трансп. і інж. камунікацыямі, лініямі сувязі і электраперадач, вял. колькасцю абслуговага персаналу. Касм. апараты запускаюцца з К. Байканур (Казахстан), Плясецк (Расія), Усх. выпрабавальнага палігона на мысе Канаверал, Зах. выпрабавальнага палігона (ЗША), Січан (Кітай), Танегасіма (Японія), Куру (Францыя), Сан-Марка (Італія, адзіны ў свеце К. на вадзе) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІЯ́НА ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (Guyane Française),
краіна на ПнУПаўд. Амерыкі, уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). На З мяжуе з Сурынамам, на Пд і У — з Бразіліяй, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 2 акругі. Пл. 91 тыс.км². Нас. 132 тыс.чал. (1993). Цэнтр — г.Каена. Афіц. мова — французская.
Прырода. Гвіяна Французская займае крайні ПнУ Гвіянскага пласкагор’я. Паверхня ў асн. раўнінная, з асобнымі купалападобнымі масівамі выш. да 830 м, на ПнУ — вузкая берагавая нізіна. Карысныя выкапні: баксіты, золата, кінавар, каалін. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Каене 28—29 °C. Ападкаў больш за 3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі парожыстыя, суднаходныя толькі ў вусцях. Найб. Марані і Аяпок. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 90% тэрыторыі. На Пн і ў цэнтр. раёнах — участкі высакатраўных саваннаў.
Насельніцтва. Жывуць негры, мулаты, крэолы (нашчадкі выхадцаў з Еўропы), ва ўнутр. раёнах — індзейцы. Вернікі пераважна католікі. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 1,5 чал. На 1 км², амаль усё яно засяроджана на ўзбярэжжы. Там жа знаходзяцца ўсе гарады.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гвінеі Французскай — індзейцы. У 1499 гэту тэр. адкрылі іспанцы. Першае франц. паселішча засн. на в-ве Каена ў 1604, у 1635 тут пабудавана крэпасць, якая стала адм. цэнтрам Гвіяны. У пач. 17 ст. захоплена французамі, у 1654 — галандцамі, у 1667 — англічанамі. У 1674 абвешчана ўладаннем Францыі. У 1809 захоплена англічанамі і партугальцамі, у 1817 канчаткова замацавана за Францыяй. З канца 17 ст. сюды прывозілі неграў-рабоў для працы на плантацыях (рабства адменена ў 1794, адноўлена ў пач. 19 ст., канчаткова ліквідавана ў 1848). У 1852—1938 месца ссылкі франц. зняволеных. У 1877 Гвіяна Французская атрымала прадстаўніцтва ў франц. парламенце. З 1946 заморскі дэпартамент Францыі. З 1983 ідзе пашырэнне аўтаноміі Гвіяны Французскай. Дзейнічаюць Гвіянская сац. партыя (засн. ў 1956; выступае за аўтаномію Гвіяны), Гвіянскі нар. рух, а таксама мясц. арг-цыі франц. партый (Аб’яднанне ў падтрымку Рэспублікі, Саюз за франц. дэмакратыю і інш.).
Гаспадарка. Гвіяна Французская — аграрная краіна. Апрацоўваецца менш за 0,1% тэр., пераважна на ўзбярэжжы. Гал. таварныя культуры — цукр. трыснёг, бананы, какава; спажывецкія — кукуруза, маніёк, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Здабыча золата і баксітаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Дрэваапр. і цукр. прадпрыемствы. Вытв-сць рому, эсенцыі ружавага дрэва. Лоўля рыбы і крэветак. Даўж. аўтадарог каля 700 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 350 км. Гал. марскі порт Каена. На тэр. Гвіяны Французскай касмічны палігон Францыі ў г.Куру. Экспарт: крэветкі і інш. морапрадукты (41% па кошце), золата (10%), лесаматэрыялы, ром, баксіты, эсенцыя ружавага дрэва. Імпарт: прамысл. вырабы і харч. тавары, паліва. Асн.гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — франц. франк.