ІЛІ́,

рака ў Кітаі і Казахстане. Даўж. 1001 км, пл. басейна 140 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Цянь-Шані пры зліцці двух вытокаў — Тэкес і Кунгес. Упадае ў воз. Балхаш. У вярхоўі — горная рака, ніжэй упадзення р. Каш даліна расшыраецца і І. падзяляецца на рукавы. Да г. Капчагай цячэ па шырокай катлавіне, у нізкіх, месцамі забалочаных берагах, ніжэй уступае ў цясніну Капчагай, дзе пабудаваны Капчагайская ГЭС і вадасховішча. Потым цячэ па Прыбалхашскай раўніне, пры ўпадзенні ўтварае дэльту (пл. 9 тыс. км²) з мноствам рукавоў. Асн. прытокі: Каш, Харгос (справа), Чарын, Чылік, Талгар, Каскелен, Курты (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Ледастаў са снеж. да сакавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 329 м³/с, на 270 км вышэй (с. Учжарма) — 469 м³/с. Суднаходная ад г. Кульджа (Кітай); у Казахстане — ад дзярж. мяжы да прыстані Баканас. Выкарыстоўваецца на арашэнне.

т. 7, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры на паясных адзежынах. Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха і курты, больш позні — з кашулі, фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай, з разрэзам па цэнтры грудзей; стаячы каўнер зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырв. стужкай. Узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геам. формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным. чорным, зрэдку паскамі медна-чырв. бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4—6 полак з пярэстатканага сіне-белага, чырвона-бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер. Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырв. сукна, лапікамі чорна-белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчын — хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Дубровенскі строй. Жанчына ў летнім адзенні. Вёска Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобл.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)