ДЫ́МНІК,

1) адтуліна ў столі курной хаты для выхаду дыму. Часам меў дымаход (драўляны або сплецены з лазы атынкаваны комін), завершаны 2-схільнай стрэшкай, аформлены яруснымі карнізамі і інш. элементамі аздобы.

2) Невял. франтончык, звычайна трохвугольны, у завяршэнні тарцовага схілу вальмавага даху. Першапачатковае функцыянальнае прызначэнне для выхаду дыму ад курной печы. Пашыраны пераважна на З і ПдЗ Беларусі ў жылых, культавых, гасп. будынках. Паступова ператварыўся ў дэкар. элемент даху, часам аздабляўся вільчыкамі, разьбой, у культавых збудаваннях — аб’ёмнай скульптурай.

Дымнік на даху царквы ў вёсцы Ялова Пружанскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 6, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЎНЯ́, стопка, істопка,

тып гасп. пабудовы на Беларусі для захоўвання агародніны, садавіны, малака, часам і гасп. прылад. Вядома з 17 ст. Звычайна зрубная прамавугольная ў плане пабудова, накрытая 2- або 4-схільным дахам з драніцы ці саломы, з вокнамі без шкла, што зачыняліся драўлянымі засаўкамі (будавалі варыўню і без вокнаў); часам мела ўнутраныя выгарадкі, засекі. Ацяплялі варыўню курной печчу або гарачым вуголлем. У 19 — пач. 20 ст. на ПдЗ Беларусі варыўню часам прыбудоўвалі да сянец. У фальварках 17 — пач. 20 ст. існавалі шматкамерныя варыўні, якія мелі сенцы, каморы і інш. памяшканні (г. Давыд-Гарадок Столінскага, вёскі Дубае Пінскага, Урэчча Любанскага р-наў і інш.).

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)