ТЫГР,

араб. Шат-эд-Дыджла, рака ў Турцыі і Іраку (часткова цячэ па мяжы гэтых краін з Сірыяй). Даўж. 1850 км, пл. бас. 375 тыс. км². Пачынаецца ў межах Армянскага нагор’я, у сярэднім і ніжнім цячэнні перасякае плато Джэзірэ і Месапатамскую нізіну. Каля г. Эль-Курна зліваецца з р. Еўфрат, утварае р. Шат-эль-Араб, якая ўпадае ў Персідскі заліў. Асн. прытокі: Вял. і Малы Заб, Дыяла, Керхе (злева). Веснавое разводдзе, асенняя межань. Сярэдні гадавы расход вады каля Багдада 1240 м²/с, ніжэй воднасць памяншаецца ў выніку вадазабору на арашэнне (уздоўж берагоў Т. на Месапатамскай нізіне — паласа арашальных аазісаў). Сцёк Т. зарэгуляваны плацінамі. Вадасх. Масул. Суднаходная да Багдада, у разводдзе да г. Масул. На Т. — гарады Дыярбакыр (Турцыя), Масул, Багдад, Эль-Кут, Амара, Эль-Курна (Ірак). Міжрэчча Еўфрата і Т. — адзін з найб. стараж. асяродкаў цывілізацыі, дзе знаходзіліся дзяржавы Асірыя, Вавілонія, Шумер.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯНКЕ́ВІЧ Юрый Аляксандравіч (н. 4 3.1937, г. Чайбалсан, Манголія),

расійскі падарожнік, урач і тэлежурналіст. Палкоўнік мед. службы (1979), канд. мед. н. (1974). Нашчадак беларусаў — ураджэнцаў б. Віленскай губ. Скончыў Ленінградскую ваен.-мед. акадэмію (1960). Узначальваў Цэнтр мед.-біял. падрыхтоўкі касманаўтаў; значны яго ўклад у тэорыю авіякасм. медыцыны. З 1973 вядучы праграмы «Клуб падарожнікаў» на рас. тэлебачанні. Удзельнік экспедыцый у Антарктыку і Арктыку, плаванняў Т.Хеердала на папірусных лодках «Ра-1» (1969) і «Ра-2» (1970; гл. «Ра») праз Атлантычны ак., трысняговай лодцы «Тыгрыс» па маршруце Эль-Курна (Ірак) — Джыбуці (1977—78). Вывучае паводзіны чалавека ў экстрэмальных умовах. Дзярж. прэмія СССР 1987.

Тв.:

На «Ра» через Атлантику. 2 изд. М., 1981;

В океане «Тигрис». М., 1982;

Их позвал горизонт. М., 1987 (разам з А.​В.​Шумілавым);

Путешествие длиною в жизнь. М., 1999.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 15, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЕРДАЛ (Heyerdahl) Тур (6.10.1914, г. Ларвік, Нарвегія — 18.4.2002),

нарвежскі вучоны, падарожнік, пісьменнік. Чл. Нарв. АН (з 1958). Ганаровы д-р ун-та Осла (1961). Вучыўся ва ун-це Осла (1933—38). Вывучаў пераемнасць культуры і магчымасць трансакіянскіх міграцый народаў паміж Старым і Новым Светам. Каб пацвердзіць сваю тэорыю пра засяленне а-воў Палінезіі з Амерыкі, у 1947 праплыў з экіпажам на плыце «Кон-Цікі» ад Перу да архіпелага Туамоту, у 1969 і 1970 — на папірусных лодках «Ра» і «Ра-2» ад Афрыкі да а-воў Цэнтр. Амерыкі, у 1977—78 — на трысняговай лодцы «Тыгрыс» па маршруце Эль-Курна (Ірак) — вусце р. Інд—Джыбуці. Уражанні ад падарожжаў у кнігах «Падарожжа на «Кон-Цікі» (1949), «Аку-Аку» (1957), «Ра» (1970), «Фату-Хіва» (1975), «Тыгрыс» (1979) і інш. Займаўся археал. пошукамі ў Перу, Балівіі, Эквадоры, на Галапагоскіх а-вах і в-ве Рапануі (Вялікадня). Аўтар прац па антрапалогіі, стараж. гісторыі Акіяніі і Амерыкі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў С.​Міхальчук.

Тв.:

Бел. пер. — Падарожжа на «Кон-Цікі»;

На плыце ад Перу да Палінезіі. Мн., 1958;

Рус. пер. — Приключения одной теории. Л., 1969;

В поисках рая;

Аку-Аку. М., 1970;

Экспедиция «Кон-Тики»;

«Ра». М., 1972.

Т.Хеердал.

Літ.:

Якоби А. Сеньор Кон-Тики: Пер. с норв. М., 1970.

т. 17, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)