КУРЛЯ́НДСКІЯ СТАТУ́ТЫ
(лац. Statuta Curlandica),
збор законаў Курляндскага герцагства, складзены ў 1617 з улікам патрабаванняў дваран Курляндыі. Мелі 9 раздзелаў (1-ы і 2-і аб суд. ладзе, 3-і — 8-ы аб прывілеях дваран, 9-ы аб крымін. праве). К.с. абмяжоўвалі на карысць дваран (пераважна немцаў па паходжанні) уладу герцага (мог чаканіць манету, прызначаць чыноўнікаў толькі па ўзгадненні з дваранамі, знешнюю палітыку ўзгадняў з уладамі Рэчы Паспалітай), узаконьвалі прыгонную залежнасць сялян. Пасля далучэння да Расіі і ліквідацыі Курляндскага герцагства (1795) статуты паступова касаваліся, канчаткова адменены ў 1865.
т. 9, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛЯ́НДЫЯ
(ням. Kurland),
Курземе, гістарычная вобласць на З Латвіі. Са старажытнасці населена балцкімі плямёнамі, ад аднаго з іх (куршаў) наз. Курземе. Кантактавала з Полацкім княствам. З пач. 13 ст. ў саюзе з літ. князямі намагалася абараніцца ад экспансіі крыжакоў. Да 1267 заваявана і хрысціянізавана крыжацкім Лівонскім ордэнам, тут існавала Курляндскае епіскапства. З 1561 б.ч. К. ўваходзіла ў склад падвасальнага ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай) Курляндскага герцагства, у якім з 1617 дзейнічалі Курляндскія статуты. Адсюль паходзіў фаварыт рас. імператрыцы Ганны Іванаўны Э.І.Бірон (курляндскі герцаг у 1737—40 і 1763—69, гл. Біронаўшчына). Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Расіі, уключана ў Курляндскую губ. (1796—1917). У 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Германіі (з 1915). 3 ліст. 1918 у складзе Латвіі (да 1940 яе правінцыя).
т. 9, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛЯ́НДСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Курляндскае і Земгальскае герцагства,
васальная Рэчы Паспалітай (да 1569 ВКЛ) дзяржава на тэр. Латвіі (гіст. вобласці Курляндыя і Земгале) у 16—18 ст. Сталіца — г. Мітава (цяпер Елгава). Утворана ў 1561—62 пасля распаду Лівонскага ордэна апошнім яго магістрам Г.Кетлерам, які прызнаў сюзерэнітэт вял. князя ВКЛ Жыгімонта III (гл. Жыгімонт II). Да 1737 тут правілі нашчадкі Кетлера, потым — дынастыя Біронаў (гл. таксама Біронаўшчына, Ганна Іванаўна). У 1617—1795 дзярж. лад герцагства вызначалі Курляндскія статуты. Найб. магутнасці дасягнула пры герцагу Якабе [1640—82], калі герцагства мела значны ваен. і гандл. флот, валодала калоніямі ў Вест-Індыі (Табага; 1645—65) і Зах. Афрыцы (Гамбія: 1651—65). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Рас. імперыі, у 1796—1917 яго тэрыторыя ўваходзіла ў Курляндскую губ.
Літ.:
Стродс Х. Курляндский вопрос в XVIII в. Ч. 1—2. Рига, 1993.
т. 9, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)