Курдская мова 7/285

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РДСКАЯ МО́ВА,

адна з іранскіх моў (паўн.-зах. група); мова курдаў. Пашырана ў Турцыі, Іране, Іраку, Сірыі, часткова ў Сярэдняй Азіі, Арменіі, Азербайджане, Грузіі. Афіц. мова (разам з араб. мовай) Ірака. Асн. гаворкі: курманджы (аснова літ. мовы ў Сярэдняй Азіі, Арменіі, Азербайджане, Грузіі) і сарані (аснова літ. мовы ў Іраку).

Курманджы мае 9 галосных, 30 зычных фанем; проціпастаўляюцца простыя зычныя «п», «т», «к», «ч» і прыдыхальныя п’, т’, к’, ч’ Націск сілавы, звычайна на апошнім складае. У марфалогіі 3 склоны (прамы, ускосны, клічны), пэўны і няпэўны артыклі, 2 тыпы спражэння (суб’ектнае і аб’ектнае), 6 часавых форм. У сарані адсутнічае фанема «в», айнізацыя галосных (уплыў на галосны папярэдняга зычнага «айн»), невыразна проціпастаўляюцца простыя і прыдыхальныя зычныя. У некат. гаворках страцілася катэгорыя роду. У літ. мове і некат. гаворках сарані адсутнічае катэгорыя склону.

Першыя пісьмовыя помнікі — на аснове араб. графікі (11 ст.). Пісьменства ў Сярэдняй Азіі, Арменіі, Азербайджане, Грузіі з 1921 на аснове арм., з 1929 — лац., з 1946 — рус. графікі, у Іраку — на аснове араб. графікі.

Літ.:

Курдоев К.К. Грамматика курдского языка. М.; Л., 1957;

Бакаев Ч.Х. Язык курдов СССР. М., 1973.

т. 9, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́НСКІЯ МО́ВЫ,

група моў, якія адносяцца да індаіранскай галіны індаеўрап, сям’і моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). Пашыраны ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, часткова на Каўказе, у Турцыі, Пакістане. Усталяваны падзел на ўсх. і зах. групы не зусім адпавядае іх сучаснаму геагр. пашырэнню. Усх. група ўключае асецінскую, афг., ягнобскую, памірскія, зах.перс., тадж., курдскую, белуджскую і прыкаспійскія мовы.

Стараж. І.м. — стараж.-перс. (клінапісныя надпісы 6—4 ст. да н.э.); мова «Авесты» (1-е тыс. да н.э.), скіфская (сакская, зберагліся паасобныя словы і ўласныя імёны). Мёртвыя І.м. сярэдняга перыяду (1-е тыс. да н.э.) — сярэднеперс., парфянская, сагдыйская, харэзмійская і інш. Новымі літ. І.м. з’яўляюцца перс., тадж., курдская, афг., асецінская, белуджская (у Пакістане). Стараж. І.м. характэрны развіты сінтакс. лад, флектыўны тып марфалогіі з разгорнутай сістэмай імя і дзеяслова; гэтыя рысы ў сучасных І.м. спрасціліся: страчана катэгорыя роду, скарацілася колькасць склонаў, пашырыліся аналіт. рысы. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць ізафетнай канструкцыі са спец. марфал. абазначэннем таго слова, да якога адносіцца атрыбут. Вывучае І.м. іраністыка.

Літ.:

Оранский И.М. Иранские языки. М., 1963;

Основы иранского языкознания. [Кн. 1—4.] М., 1979—87.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРДЫСТА́Н (перс., літар. краіна курдаў),

тэрыторыя ў Зах. Азіі ў межах Турцыі (большая частка), Ірака, Ірана, Сірыі, пераважна ў Курдыстанскіх гарах, населеная ў асноўным курдамі. Паверхня — спалучэнне рачных далін, пласкагор’яў і плато выш. 1500—2500 м, хрыбтоў з вяршынямі да 3500—4168 м. Есць патухлыя вулканы. На Пд — перадгорныя ўскраіны Месапатамскай нізіны. Клімат на З да выш. 1500—2500 м міжземнаморскі, на У — субтрапічны кантынентальны. Ападкаў 200—400 мм, у гарах — да 2000 мм. Рэкі басейнаў Тыгра, Еўфрата, Куры, Аракса. Расліннасць стэпавая і паўпустынная, у гарах — хмызнякі, лясы з хвоі і дуба, рэдкалессі, альпійскія лугі. Насельніцтва займаецца качавой і паўкачавой жывёлагадоўляй (авечкі, козы, буйн. раг. жывёла), у далінах вырошчваюць пшаніцу, ячмень, тытунь, бавоўнік, цукр. буракі. Садоўніцтва і вінаградарства. Здабыча нафты (Ірак), рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны.

Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 12 ст. У пач. 16 ст. падзелены паміж Асманскай імперыяй і Іранам, улада якіх над К. заставалася намінальнай. Пасля 1-й сусв. вайны і распаду Асманскай імперыі раёны К., якія ёй належалі, увайшлі ў склад Турцыі, Сірыі і Ірака. Сеўрскі мірны дагавор 1920 прадугледжваў стварэнне курдскай дзяржавы, але гэта не было здзейснена. Буйныя паўстанні курдаў адбыліся ў 1931—32 і 1944—45 у Іраку. У 1945—46 на ПнЗ Ірана існавала курдская т. зв. Мехабадская рэспубліка. У 1961 на Пн Ірака пачалося паўстанне курдаў пад кіраўніцтвам Дэмакр. партыі К. (ДПК) на чале з М.​Барзані. У сак. 1970 урад Ірака стварыў курдскую аўтаномію, але яе абмежаванасць падштурхнула ДПК працягваць барацьбу да 1975, калі іранскі ўрад спыніў сваю дапамогу паўстанцам. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 абодва бакі імкнуліся выкарыстаць курдаў у сваіх мэтах, падтрымліваючы курдскіх паўстанцаў на тэрыторыі праціўніка. Пасля Кувейцкага крызісу 1990—91 курда пачалі новае паўстанне супраць іракскага рэжыму. Пад націскам ЗША і іх саюзнікаў на Пн Ірака была створана «зона бяспекі для курдаў». У Турцыі з 1983 Курдская рабочая партыя на чале з А.​Аджаланам (у 1999 арыштаваны турэцкімі уладамі) вядзе ўзбр. барацьбу за незалежнасць турэцкага К.; у выніку ваен. дзеянняў загінула больш за 30 тыс чал., сотні тыс. засталіся без прытулку.

Літ.:

Ментешашвили А.М. Курды: Очерки обществ.-экон. отношений, культуры и быта. М., 1984;

Курдское движение в новое и новейшее время. М., 1987;

Васильева Е.И. Юго-Восточный Курдистан в XVII — начале XIX вв.: Очерки истории эмиратов Арделан и Бабан. М., 1991.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ВЫ СВЕ́ТУ,

натуральныя мовы народаў Зямлі, што жывуць цяпер або існавалі ў мінулым. Агульная колькасць М.с. дакладна не вызначана з-за неакрэсленасці межаў паміж мовамі і дыялектамі, недастатковай вывучанасці некаторых моўных рэгіёнаў. Лічыцца, што жывых моў на Зямлі ад 3 да 5 тыс. і ад 6 да 8 тыс. дыялектаў. Для апісання М.с. выкарыстоўваюць розныя віды класіфікацыі моў. Паводле генетычных характарыстык М.с. падзяляюцца на моўныя сем’і (гл. Сям’я моў), групы, падгрупы і асобныя мовы. Асн. сем’і моў: індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, мангольскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы і інш. Вядомы таксама ізаляваныя (японская мова, карэйская мова і інш., гл. Коранеізаляваныя мовы) і мёртвыя мовы. Найб. значная і вывучаная — індаеўрап. сям’я моў. Яна складаецца з моўных груп і асобных моў. Некаторыя з гэтых моў вядомы толькі па пісьмовых тэкстах. М.с. могуць аб’ядноўвацца і ў моўныя саюзы. На Зямлі жыве больш за 300 народаў, колькасць якіх паасобку перавышае 1 млн. чалавек. Яны складаюць каля 96% насельніцтва Зямлі. Сярод моў гэтых народаў 19 маюць больш за 50 млн. носьбітаў (англ., араб., бенгальская, ісп., італьян., карэйская, кіт., малайская, маратхі, ням., партугальская, панджабі, рус., тамільская, тэлугу, урду, франц., хіндзі і японская). Сярод пашыраных М.с. вылучаюцца міжнародныя мовы. М.с. вельмі неаднародныя паводле граматычнага ладу, форм існавання, сац. значнасці, ступені лексіка-паняційнага развіцця, існуючых на іх твораў фальклору, маст. л-ры, навукі. Суадноснасць дзяржаў, народаў, этнасаў і моў гл. ў табл. «Народы і мовы свету (сто першых пазіцый)».

А.​Я.​Міхневіч.

Народы і мовы свету (сто першых пазіцый)
Нумар народа
ў залежнасці
ад колькасці
Назва народа Колькасць,
млн. чал.
Моўная сям’я Моўная група Мова Асноўныя
краіны
рассялення
і колькасць
народа ў іх,
млн. чал.
1 2 3 4 5 6 7
1 кітайцы (хань) 1125 сіна-тыбецкая кітайская кітайская КНР 1094,1
2 хіндустанцы 244 індаеўрапейская індаарыйская хіндустані Індыя 243
3 амерыканцы 194 індаеўрапейская германская англійская ЗША 193
4 бенгальцы 189,65 індаеўрапейская індаарыйская бенгалі
(банглабхаса)
Бангладэш 109,5
Індыя 80
5 бразільцы 149,4 індаеўрапейская раманская партугальская Бразілія 139
6 рускія 146,66 індаеўрапейская славянская руская Расія 119,9
7 японцы
(ніхандзін)
125,6 японская японская японская Японія 123,65
8 панджабцы
(пенджабцы)
100 індаеўрапейская індаарыйская панджабі Пакістан 75
Індыя 24
9 біхарцы 97,6 індаеўрапейская індаарыйская бхаджпуры,
магахі, майтхілі
Індыя 92,5
10 мексіканцы
(мехікана)
91,05 індаеўрапейская раманская іспанская Мексіка 78
ЗША 13
11 яванцы 89,6 аўстранезійская заходне-аўстранезійская яванская Інданезія 89
12 немцы (дойчэ) 86 індаеўрапейская германская нямецкая Германія 74,6
ЗША 5,4
13 тэлугу (андхра) 74,5 дравідыйская паўднёва-ўсх. тэлугу (гентоа) Індыя 74,5
14 карэйцы
(часон сарам,
хангук сарам,
каро сарам)
70,2 карэйская карэйская карэйская Рэспубліка Карэя 44
КНДР 22,5
КНР 2
15 італьянцы (італіяні) 66,5 індаеўрапейская раманская італьянская Італія 54,35
Францыя 1,1
16 маратхі (маратха) 66,5 індаеўрапейская індаарыйская маратхі Індыя 66,5
17 тамілы 64,8 дравідыйская паўднёвая тамільская Індыя 61
Шры-Ланка 3
18 в’етнамцы (кінь, в’ет) 62,15 аўстраазіяцкая в’ет-мыонгская в’етнамская В’етнам 61
ЗША 1
19 егіпцяне 54,6 афразійская семіцкая арабская Егіпет 54,2
20 туркі (цюрк) 53,3 алтайская цюркская турэцкая Турцыя 50
Германія 1,35
21 французы (франсэ) 49,4 індаеўрапейская раманская французская Францыя 47
22 палякі (паляцы) 49,2 індаеўрапейская славянская польская Польшча 38,46
ЗША 5,6
Германія 1,5
Францыя 1
23 англічане (інгліш) 48,5 індаеўрапейская германская англійская Англія 44,7
Канада 1
24 гуджаратцы 47 індаеўрапейская індаарыйская гуджараці Індыя 46
Пакістан 1
25 украінцы 46 індаеўрапейская славянская украінская Украіна 37,4
Расія 4,36
26 іспанцы (эспаньёлес) 39 індаеўрапейская раманская іспанская Іспанія 38,4
27 каннара
(каннада, каннадыга)
35 дравідыйская паўднёвая каннада Індыя 34,9
28 малаялі 35 дравідыйская паўднёвая малаялам Індыя 34,7
29 калумбійцы
(каламбіянас)
34,5 індаеўрапейская раманская іспанская Калумбія 32,5
30 м’янма (мяма, м’янмы,
мран, бірманцы)
33,35 сіна-тыбецкая цэнтральная бірманская М’янма 33
31 орыя (уткалі) 32,25 індаеўрапейская індаарыйская орыя Індыя 32,2
32 хаўса 30,8 афразійская чадская хаўса Нігерыя 26
Нігер 4,3
33 афганцы
(пуштун, пухтун)
30,55 індаеўрапейская іранская афганская
(пушту, пашта)
Афганістан 19,5
Пакістан 10
Іран 1
34 аргенцінцы 30,4 індаеўрапейская раманская іспанская Аргенціна 30
35 сіямцы
(кхантай, тай-нен)
30,2 паратайская тайская сіямская (кхантай) Тайланд 30
36 бісая (вісая, вісаянцы) 26,75 аўстранезійская заходне-аўстранезійская бісайская Філіпіны 26,7
37 іаруба 26,2 нігера-кардафанская нігер-конга іаруба Нігерыя 25,5
38 персы (фарсы, ірані) 26 індаеўрапейская іранская персідская (фарсі) Іран 25,3
39 сунды
(сунданцы, сунда)
24,5 аўстранезійская заходне-аўстранезійская сунданская Інданезія 24,5
40 фульбе (пула) 23 нігера-кардафанская заходне-атлантычная
(нігер-конга)
фула (фульфульдэ) Нігерыя 14
Гвінея 2,5
Малі 1,4
Камерун 1,2
Сенегал 1
41 ігба (іба) 21,65 нігера-кардафанская нігер-конга ігба Нігерыя 21,6
42 малайцы (аранг-мелаю) 21,47 аўстранезійская заходне-аўстранезійская малайская Інданезія 10,8
Малайзія 7,8
Тайланд 2,1
43 румыны (рамынь) 21,3 індаеўрапейская раманская румынская
(дакарумынская)
Румынія 21
44 алжырцы 21,2 афразійская семіцкая арабская Алжыр 20
Францыя 1
45 амхара
(амхарцы, амара)
21 афразійская семіцкая амхара (амарынья) Эфіопія 20,8
46 сікхі 20 індаеўрапейская індаарыйская панджабі Індыя 20
47 узбекі (узбек, сарты) 19,6 алтайская цюркская узбекская Узбекістан 14,15
Афганістан 1,8
Таджыкістан 1,2
48 мараканцы 19,4 афразійская семіцкая арабская Марока 18,3
49 арома (гала) 19,2 афразійская усходне-кушыцкая арома Эфіопія 19
50 англа-аўстралійцы 18,3 індаеўрапейская германская англійская Аўстралія 18
51 курды
(курд, курмандж)
18,2 індаеўрапейская іранская курдская Турцыя 6,5
Іран 5,5
Ірак 4
52 лаосцы (лао) 18 паратайская тайская тхай-лаоская Тайланд 15
Лаос 2,2
53 раджастханцы 17,4 індаеўрапейская індаарыйская раджастхані Індыя 17
54 венесуэльцы 17,5 індаеўрапейская раманская іспанская Венесуэла 17,3
55 азербайджанцы
(азербайджанлылар)
17 алтайская цюркская азербайджанская Іран 10,43
Азербайджан 5,8
56 сіндхі 16,7 індаеўрапейская індаарыйская сіндхі Пакістан 14,7
Індыя 1,9
57 чжуан (бучжуан, буей,
бунун, буша)
16 паратайская чжуан-дунская
(тайская)
чжуан КНР 16
58 йеменцы 15,1 афразійская семіцкая арабская Йемен 13,7
Саудаўская Аравія 1,4
59 суданцы 15 афразійская семіцкая арабская Судан 13,5
Чад 1,25
60 кечуа (кічуа) 14,87 андская кечуа кечуа Перу 7,7
Эквадор 4,3
Балівія 2,47
61 асамцы
(асамія, ахамія)
14,77 індаеўрапейская індаарыйская асамская Індыя 14,55
62 іракцы 14,6 афразійская семіцкая арабская Ірак 14,5
63 галандцы (халандэрс,
нідэрландцы)
14,3 індаеўрапейская германская нідэрландская
(галандская)
Нідэрланды 12,3
64 партугальцы
(партугезіш)
13,9 індаеўрапейская раманская партугальская Партугалія 9,8
Бразілія 1,35
ЗША 1,15
65 венгры
(мадзьяры)
13,8 уральская фіна-угорская венгерская Венгрыя 9,95
Румынія 1,8
66 яўрэі
(іегудым, аід)
13,62 афразійская,
індаеўрапейская
семіцкая, германская іўрыт, ідыш ЗША 5,84
Ізраіль 4,3
67 непальцы (непалі, кхасы,
парбатыя, гуркхі)
13,4 індаеўрапейская індаарыйская непалі Непал 11,3
Індыя 2,1
68 тагалы 13,4 аўстранезійская заходне-аўстранезійская тагалог Філіпіны 13,4
69 малагасійцы
(мальгашы, ні малагасі)
12,8 аўстранезійская заходне-аўстранезійская малагасійская Мадагаскар 12,7
70 сінгалы (сінхала) 12,76 індаеўрапейская індаарыйская сінгальская Шры-Ланка 12,7
71 грэкі (эліны) 12,42 індаеўрапейская грэчаская навагрэчаская Грэцыя 9,73
72 чылійцы (чыленьёс) 11,78 індаеўрапейская раманская іспанская Чылі 11,4
73 кубінцы (кубанас) 11,7 індаеўрапейская раманская іспанская Куба 10,5
ЗША 1
74 акан (аканфа) 11 нігера-кардафанская ква акан Гана 7,9
Кот-д’Івуар 2,8
75 англа-канадцы 10,8 індаеўрапейская германская англійская Канада 10,8
76 мадурцы 10,8 аўстранезійская заходне-аўстранезійская мадурская Інданезія 10,7
77 кхмеры
(кхмер, кхмаэ)
10,4 аўстраазіяцкая мон-кхмерская кхмерская Камбоджа 8,6
В’етнам 1
78 перуанцы (перуанас) 10,4 індаеўрапейская раманская іспанская Перу 10,2
79 чэхі (чэшы) 10,38 індаеўрапейская славянская чэшская Чэхія 8,4
80 саудаўцы 10,35 афразійская семіцкая арабская Саудаўская Аравія 10,24
81 самалійцы (самалі) 10,3 афразійская кушыцкая самалі, арабская Самалі 7,4
Эфіопія 1,8
82 сірыйцы 10,2 афразійская семіцкая арабская Сірыя 10
83 беларусы 10 індаеўрапейская славянская беларуская Беларусь 8,16
Расія 1,2
84 маньчжуры
(маньчжу, нялма)
10 алтайская гунгуса-маньчжурская кітайская,
маньчжурская
Кітай 9,8
85 казахі (казах) 9,45 алтайская цюркская казахская Казахстан 6,54
КНР 1,15
86 малаві (мараві) 9,35 нігера-кангалезская бенуэ-кангалезская малаві Малаві 6
Мазамбік 1,8
87 конга (баконга) 9,2 нігера-кангалезская бенуэ-кангалезская конга Заір 6,6
Ангола 1,3
Конга 1,23
88 шведы (свенскар) 9,1 індаеўрапейская германская шведская Швецыя 8,59
89 хуэй (лаохуэйхуэй,
хуэйцзу, хуэймінь,
тунгань, дунган)
8,9 сіна-тыбецкая кітайская кітайская КНР 8,9
90 аўстрыйцы
(эстэрайхер)
8,8 індаеўрапейская германская нямецкая Аўстрыя 7,15
ЗША 1,27
91 тунісцы 8,6 афразійская семіцкая арабская Туніс 8,2
92 балгары 8,45 індаеўрапейская славянская балгарская Балгарыя 7,85
93 мяо (мео, хмонг) 8,53 аўстраазіяцкая мяо-яо мяо КНР 7,65
94 сербы (србі) 8,39 індаеўрапейская славянская сербская Сербія 6,43
Боснія і Герцагавіна 1,38
95 руанда 8,31 нігера-кангалезская бенуэ-кангалезская руанда Руанда 6,65
Уганда 1,4
96 таджыкі (тоджык) 8,28 індаеўрапейская заходне-іранская таджыкская Афганістан 3,7
Таджыкістан 3,17
Узбекістан 1
97 зулу
(зулусы, амазулу)
8,22 нігера-кардафанская бенуэ-кангалезская зулу ПАР 7,9
98 каталонцы (каталанс) 8,16 індаеўрапейская раманская каталанская Іспанія 7,5
99 шона (машона) 8,78 нігера-кардафанская нігер-конга чышона Зімбабве 6,32
Мазамбік 1
100 макуа (вамакуа, маква,
макаане, нгуру)
8,6 нігера-кардафанская нігер-конга імакуа (макуа) Мазамбік 6,9
Малаві 1,3

т. 10, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́К, Іракская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Іракія),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, у Месапатаміі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на ПнЗ з Сірыяй, на З з Іарданіяй, на ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй і нейтральнай зонай, на Пд з Кувейтам, на ПнУ з Іранам, на ПдУ абмываецца Персідскім залівам. Падзяляецца на 18 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 434,9 тыс. км². Нас. 22 219 тыс. чал. (1996). Сталіца — г. Багдад. Афіц. мова — арабская і курдская. Нац. свята — 17 ліп. (Дзень Рэвалюцыі).

Дзяржаўны лад. Паводле часовай канстытуцыі 1968 (са зменамі 1973 і 1974) І. — нар.-дэмакр. рэспубліка, эканам. сістэма якой грунтуецца на сацыяліст. прынцыпах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет рэв. камандавання (9 чал., выбіраюцца сярод членаў іракскага кіраўніцтва Партыі араб. сацыяліст. адраджэння). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца Саветам рэв. камандавання сярод яго членаў), які адначасова з’яўляецца старшынёй Савета і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту (250 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады), у склад якога ўваходзіць Курдскі канстытуцыйны савет (50 чал., выбіраюцца ў Курдскім аўт. раёне). Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам, на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Большая ч. тэр. краіны занята Месапатамскай нізінай, складзенай з рачных наносаў рэк Тыгр і Еўфрат. Паўд. ч. яе забалочаная. Нізіна нахілена з ПнЗ на ПдУ. На Пн і ПнУ — ускраіны Арм. і Іранскага нагор’яў з хрыбтамі выш. да 3—3,5 тыс. м. Найб. вышыні знаходзяцца каля іракска-тур. граніцы (Усх. Таўр) і на ПнУ (Курдыстанскія горы). Зах. ч. займае плато Сірыйскай пустыні з сярэднімі выш. 300—400 м. Карысныя выкапні: нафта (каля 20 млрд т), прыродны газ (каля 3 трыльёнаў м³), каменны вугаль, каменная соль, жал. і медная руды, фасфарыты, бітум, сера, буд. матэрыялы. Асн. радовішчы нафты і прыроднага газу на Пн каля Кіркука і Масула, на Пд каля Басры. Клімат паўн. ч. міжземнаморскі, паўд. — сухі, трапічны. У межах раўнін сярэдняя т-ра студз. ад 7 °C на Пн да 11 °C на Пд, чэрв. ад 32 °C на Пн да 34 °C на Пд. Ападкаў ад 500 мм на Пн (у гарах да 1500 мм) да 50—100 мм за год на Пд. Тэрыторыю І. сярэднім і ніжнім цячэннем перасякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія на Пд зліваюцца і ўтвараюць р. Шат-эль-Араб. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і для суднаходства. У Ніжняй Месапатаміі поймавыя азёры. У пустынных раёнах часовыя вадатокі (вадзі). Расліннасць стэпавая і паўпустынная, на ПдЗ пустынная, у гарах калючыя хмызнякі і рэдкія дрэвы фісташкі, смакоўніцы і інш. Па берагах рэк галерэйныя лясы, насаджэнні фінікавых пальмаў. Лясы займаюць 2% тэрыторыі. Жывёльны свет: газель, дзікі асёл, паласатая гіена, шакал, леапард і інш. Каля 20 запаведнікаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Жывуць арабы (75%), курды (больш за 20%, пераважна на Пн), туркмены, асірыйцы, іранцы (персы), армяне і інш. Курды і ч. арабаў захоўваюць племянны падзел. У краіне больш за 100 качавых, паўкачавых і аселых плямён. Амаль усе вернікі мусульмане (96%). Сярод іх 60% шыіты, 40% суніты. Сярэдняя шчыльн. 51,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 300 чал. на 1 км²) заселены цэнтр. ч. Месапатаміі, берагі Тыгра і Еўфрата, перадгор’і. У гарадах жыве каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., з прыгарадамі, 1996): Багдад — 4336, Эрбіль — 1743, Масул — 879. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 30%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. На тэр. сучаснага І., якая ў асноўным супадае з Месапатаміяй, існавалі стараж. цывілізацыі; буйнейшыя з іх — Шумер, Асірыя, Вавілонія. З сярэдзіны 6 ст. да н.э. тэр. І. ўваходзіла ў Ахеменідаў дзяржаву, з 4 ст. да н.э. — у дзяржаву Аляксандра Македонскага, потым — у дзяржаву Селеўкідаў, Парфянскае царства У 630-я г. Месапатамія заваявана арабамі і ў 661 увайшла ў склад Амеядаў халіфата. Б.ч. насельніцтва паступова прыняла іслам і араб. мову. Пры Абасідах (750—1258) засн. новая сталіца халіфата Багдад, які стаў паліт. і культ. цэнтрам усяго мусульм. свету. У 1055 Багдад, пазней і ўся Месапатамія заваяваны сельджукамі (гл. Сельджукская дзяржава), у 2-й пал. 13 ст. — манголамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. тэр. І. ўвайшла ў склад імперыі Цімура, пасля распаду якой яна стала арэнай барацьбы паміж асобнымі правадырамі манг.-цюрк. родаў, а потым паміж Сефевідамі (гл. Сефевідаў дзяржава) і туркамі. З 17 ст. і да канца 1-й сусв. вайны тэр. І. ўваходзіла ў Асманскую імперыю. З канца 16 ст. І. таксама — аб’ект экспансіі еўрап. дзяржаў, асабліва Англіі, у апошняй чвэрці 19 ст. і Германіі. У 1917—18 брыт. войскі акупіравалі б.ч. Месапатаміі, Багдад і багаты нафтай Масульскі вілает. У крас. 1920 Вялікабрытанія атрымала мандат Лігі нацый на кіраванне дзяржавай І., створанай ёю з трох вілаетаў б. Асманскай імперыі (Басрскага, Багдадскага, Масульскага). Гэта выклікала нац.-вызв. паўстанне, якое летам 1920 ахапіла ўсю краіну. Пасля задушэння паўстання ў кастр. 1920 створаны «нац. ўрад» І., які залежаў ад Вялікабрытаніі. У жн. 1921 краіна абвешчана канстытуцыйнай манархіяй на чале з эмірам Фейсалам I з дынастыі Хашымітаў. У 1922 Вялікабрытанія заключыла з І. т. зв. саюзны дагавор, што замацоўваў у ёй англ. панаванне; падпісаны ў 1930 англа-іракскі дагавор захоўваў паліт., эканам. і ваен. пазіцыі Вялікабрытаніі (гл. Англа-іракскія дагаворы і пагадненні 1922, 1926, 1930, 1948, 1955). У 1932 І. абвешчаны незалежным і прыняты ў Лігу нацый. У 1930-я г. і ў час 2-й сусв. вайны ў краіне адбыўся шэраг паўстанняў курдаў, якія вялі барацьбу за аўтаномію, і дзярж пераваротаў. У пач. 1930-х г. значны ўплыў у краіне мелі камуністы (створаны прафсаюзы, пашырыўся забастовачны рух), у 1934 засн. Іракская камуніст. партыя (ІКП). У пач. 2-й сусв. вайны І. разарваў дыпламат. адносіны з Германіяй. Аднак складаная ўнутр. сітуацыя і антыбрыт. скіраванасць іракскага грамадства спрыялі ўзмацненню прагерм. настрояў. У крас. 1941 адбыўся антыбрыт. дзярж. пераварот Р.А. аль-Гайлані, пасля ліквідацыі якога (май 1941) І. акупіравалі брыт. войскі; у 1943 І. аб’явіў вайну дзяржавам фаш. блоку. І. — адзін з заснавальнікаў Лігі араб. дзяржаў (1945). Яго войскі ўдзельнічалі ў араба-ізраільскай вайне 1948—49 (у выніку з краіны эмігрыравала каля 130 тыс. яўрэяў). У 1948—58 урад ліквідаваў ІКП (у 1949 пакараны смерцю 4 яе кіраўнікі), правёў адм. і эканам. рэформы, перадаў канцэсіі на здабычу нафты ЗША і Вялікабрытаніі. У 1955 І. заключыў з Турцыяй дагавор, які стаў асновай Багдадскага пакта (гл. Арганізацыя цэнтральнага дагавора).

У выніку ваен. перавароту 14.7.1958 (гл. Іракская рэвалюцыя 1958) скінута манархія, І. абвешчаны рэспублікай, прынята часовая канстытуцыя, якая гарантавала роўныя правы ўсім грамадзянам і аўтаномію курдам. Урад ген. А.​К.​Касема праводзіў палітыку т. зв. пазітыўнага нейтралітэту (у 1959 І. выйшаў з Багдадскага пакта, ліквідаваны замежныя ваен. базы, выведзены брыт. войскі), аднавіў дыпламат. адносіны з СССР. Ва ўнутр. палітыцы Касем карыстаўся дыктатарскімі метадамі, апіраючыся на падтрымку камуністаў. У 1961 успыхнула новае паўстанне курдаў, якія не атрымалі абяцанай аўтаноміі. Прэтэнзіі І. на Тэр. Кувейта выклікалі асуджэнне інш араб. краін. Ваен. пераварот 1963 адбыўся пад лозунгамі антыкамунізму і араб. адзінства; да ўлады прыйшло крайняе правае крыло Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння (БААС). Пачаліся масавыя рэпрэсіі і тэрор, адноўлены ваен. дзеянні супраць курдаў. У выніку дзярж. перавароту 18.11.1963 уладу захапіла ваен. групоўка, якую падтрымлівалі памяркоўныя колы БААС. У 1965 І. разарваў дыпламат. адносіны з ФРГ (пасля прызнання ёю Ізраіля), пасля ізраільска-араб. вайны 1967 — з ЗША і Вялікабрытаніяй (да 1968), налажыў эмбарга на пастаўкі нафты ў гэтыя краіны. 17.7.1968 кіраўнікі партыі БААС ажыццявілі дзярж. пераварот, ген. С.А.Х. аль-Бакр стаў прэзідэнтам і ўзначаліў Савет рэв. камандавання, да якога перайшла ўся ўлада. Аль-Бакр падтрымаў курс на сацыяліст. арыентацыю і цесныя сувязі з СССР. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны замежныя нафтавыя кампаніі, у 1974 курды атрымалі абмежаваную аўтаномію. У 1979 пераемнікам аль-Бакра стаў С.Хусейн. У выніку супярэчнасцей у Савеце рэв. камандавання ч. яго членаў абвінавачана ў спробе дзярж. замаху і пакарана смерцю, рэпрэсіраваны камуністы, палепшыліся адносіны з зах. краінамі (І. разам з інш. араб. краінамі асудзіў інтэрвенцыю СССР у Афганістане). У чэрв. 1980 адбыліся першыя ўсеагульныя выбары (права голасу атрымалі і жанчыны), выбраны парламент — Нац. сход. Пагаршэнне адносін з Іранам прывяло ў вер. 1980 да ірана-іракскай вайны 1980—88, якая нанесла вял. эканам. страты абодвум бакам. Фін. дапамога Саудаўскай Аравіі, Кувейта і Аб’яднаных Араб. Эміратаў дала І. магчымасць аднавіць ваен. патэнцыял. Канфлікт з Іранам паспрыяў паляпшэнню іракска-егіп. адносін (Егіпет пастаўляў зброю для арміі І.), а таксама аднаўленню ў 1984 дыпламат. адносін з ЗША, больш цеснаму супрацоўніцтву з Францыяй (пастаўкі зброі для І.). У жн. 1988 заключана перамір’е з Іранам. У 1990 І. прад’явіў Кувейту непрымальныя фін. і тэр. патрабаванні, і ў жн. 1990 яго войскі акупіравалі Кувейт. Савет Бяспекі ААН асудзіў акт агрэсіі, патрабаваў вываду войск І. з Кувейта. У ліст. 1990 Савет Бяспекі ААН ухваліў рашэнне аб выкарыстанні ваен. сілы супраць І. У студз. 1991 войскі антыіракскай кааліцыі пачалі ваен. дзеянні, якія скончыліся капітуляцыяй І. і прызнаннем ім рэзалюцыі Савета Бяспекі ад 3.4.1991 аб умовах перамір’я. У маі 1992 іракскія курды абвясцілі аб стварэнні сваёй аўт. дзяржавы, але ўрад І. не прызнаў яе і пачаў фактычную эканам. блакаду Курдыстана. Нявырашанасць курдскай праблемы і эканам. крызіс, выкліканы міжнар. санкцыямі, ускладнілі ўнутрыпаліт. сітуацыю ў краіне. І. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты, Араб. лігі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1996.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя араб. сацыяліст. адраджэння (БААС) — правячая, Дэмакр. партыя Курдыстана, Патрыят. саюз Курдыстана, Іракская камуніст. партыя (на нелегальным становішчы); Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.

Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Аснова эканомікі — здабыча нафты. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) за апошнія гады значна паменшаў (у 1995 да 41,1 млрд. дол.) і складае каля 1,8 тыс. долараў на 1 чал. ў год. Доля ў ВУП нафтаздабыўной і нафтаперапр. прам-сці каля 67%, апрацоўчай прам-сці каля 7, сельскай гаспадаркі каля 6%. Пасля 1958 праведзены агр. рэформы, нацыяналізаваны банкі, страхавыя т-вы, буйныя прамысл. і гандл. прадпрыемствы, створаны дзярж. сектар, у т. л. Іракская нафтавая кампанія. Больш за 75% прамысл. прадукцыі ствараецца ў дзярж. сектары. Эканам. сітуацыя ў краіне пасля агрэсіі супраць Кувейта застаецца складанай. Рашэннямі Савета Бяспекі ААН устаноўлены рэжым санкцый, забаронены экспарт усіх відаў сыравіны, у т. л. нафты і гатовых вырабаў, продаж або перадача ўзбраенняў і ваен. тэхнікі. Гал. галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Максімальны ўзровень здабычы дасягнуты ў 1979—175 млн. т, у 1996—29,6 млн. т. Буйныя нафтапромыслы знаходзяцца на Пн у раёне Кіркука (Джамбур, Бай-Хасан і інш.) і Масула (Айн-Зала, Каяра, Бутма і інш.). Працуюць нафтаперапр. з-ды ў Кіркуку і Эль-Хадыце. Цяжкая нафта з радовішчаў каля Масула перапрацоўваецца на нафтаперапр. з-дзе ў Каяры пераважна на змазачныя маслы. На Пд нафту здабываюць у Эз-Зубайры і Эр-Румайле. Разам з нафтай здабываюць серу і прыродны гаручы газ. У Басры прадпрыемствы па звадкаванні газу. Вядзецца здабыча фасфатаў, мармуру, солі, кварцу. Энергетыка засн. на выкарыстанні нафты і газу. Вытв-сць электраэнергіі 25,7 млрд. кВтгадз (1996). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Адноснае развіццё атрымала вытв-сць тэкст. і швейная (Багдад, Масул, Сулейманія, Кербела), гарбарна-абутковая (Багдад, Эрбіль, Масул, Кіркук, Басра, Эль-Кут), буд. матэрыялаў (Сулейманія, Масул, Эль-Куфа, Ум-Каср). Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці (млыны, цукр. з-ды, ф-кі кансервавыя і па апрацоўцы фінікаў). Ёсць прадпрыемствы цэм., шкляной, металаапр., аўтазборачнай, хім., эл.-тэхн., фармацэўтычнай, папяровай прам-сці. За апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваецца ваен. прам-сць. Развіта саматужная вытв-сць абутку, дываноў, ювелірных вырабаў, посуду, цыновак і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі краіны ствараецца ў Багдадзе, Басры, Масуле.

Для развіцця сельскай гаспадаркі прыдатна каля 12 млн. га зямель, пад ворыва выкарыстоўваецца каля 8 млн. га, у т. л. 2,5 млн. га арашаецца. Земляробства развіта пераважна ў Ніжняй Месапатаміі і ў перадгор’ях; у паўд. і цэнтр. раёнах яно выключна арашальнае, у паўн. раёнах — багарнае. Раслінаводства экстэнсіўнага характару. Збожжавыя (гадавы збор каля 2 млн. т) займаюць 90% пасяўной плошчы. Вырошчваюць азімую пшаніцу, сачавіцу, ячмень (на Пн), рыс (на Пд). З тэхн. культур гал. бавоўнік і тытунь. І. займае 1-е месца ў свеце па вырошчванні фінікаў (каля 30 млн. дрэў, гадавы ўраджай каля 200—300 тыс. т). Развіта садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Жывёлагадоўля пераважна качавая. Як пашы выкарыстоўваюцца каля 35 млн. га ў пустынных, паўпустынных і горных раёнах. У 1996 было (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 2,5, авечак і коз — 15. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Рыбалоўства ў рэках, каналах, азёрах і Персідскім заліве. Асн. від транспарту — аўтамабільны (каля 70% усіх перавозак). Даўж. чыгунак 3 тыс. км, аўтадарог — больш за 45 тыс. км, з іх больш за 20 тыс. з цвёрдым пакрыццём. Тыгр, Еўфрат, Шат-эль-Араб і некат. арашальныя каналы выкарыстоўваюцца для дробнатанажнага суднаходства. Гал. марскія парты Басра, Ум-Каср і Фао (экспарт нафты). Агульны танаж танкернага флоту 2,1 млн. т. Дзейнічаюць нафтаправоды даўж. 4,2 тыс. км, нафтапрадуктаправоды 0,7 тыс. км і газаправоды даўж. 2,6 тыс. км. Знешнеэканам. сувязі краіны з-за санкцый Савета Бяспекі ААН абмежаваныя. У даваен. час (да 1979) нафтавы сектар даваў 95% экспарту. Даходы ад экспарту нафты складалі штогод 21—26 млрд. дол., у 1994 імпарт — 1,9 млрд. дол., экспарт — 0,45 млрд. долараў. Гандаль пераважна з ЗША, Германіяй, Бразіліяй, Іарданіяй (транзітны). У 1996 экспарт нафты склаў толькі 5% ад узроўню 1979. І. экспартуе таксама фінікі, скуры, шэрсць; імпартуе харч. і прамысл. тавары. Знешні доўг больш за 50 млрд. долараў. Грашовая адзінка — іракскі дынар.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1997) каля 1 млн. чал., у т. л. 450 тыс. узбр. рэзервістаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць 350 тыс. чал. асабовага складу, маюць на ўзбраенні каля 2,7 тыс. танкаў, каля 3 тыс. бронеаўтамабіляў, больш як 2 тыс. гармат і мінамётаў, рэактыўную і зенітную артылерыю, ракетныя ўстаноўкі і інш. У ВПС 35 тыс. чал., больш як 300 баявых і трансп. самалётаў, каля 240 вучэбных самалётаў, 400 верталётаў. У ВМС каля 2,5 тыс. чал., 9 баявых караблёў і 7 катэраў.

Літаратура. Першыя літ. помнікі на тэр. І. створаны ў 3-м тыс. да н.э, на вавілонскім дыялекце. Самы вядомы твор вавілона-асірыйскай л-ры (гл. ў арт. Вавілона-асірыйская культура) — эпічная песня пра Гільгамеша. Багатая сярэдневяковая араб. л-ра найб. развіццё атрымала ў Багдадзе — цэнтры араб. культуры (гл. Арабская культура). Больш за 300-гадовае ўладаранне Асманскай імперыі прывяло да заняпаду краіны, яе культуры. Росквіт уласна іракскай л-ры прыпадае на 19 ст., перыяд т. зв. літ. ўздыму (ан-нахда аль-адабія). У 1854 А.Б. аль-Омары стварыў дыван «Рэшткі добрага», панегірычныя вершы, у т. л. папулярныя «Касыды плашча». У вершах А.Г. аль-Ахраса гучаў заклік да міласэрнасці. Асаблівую напружанасць пачуццяў набыла яго паэзія ў вершах, звернутых да паэта-бунтара М.А.Г. аль-Джаміля. Яго хамрыят (вершы пра віно) нагадваў вершы Абу Нуваса (8—9 ст.). Значнае месца ў тагачаснай л-ры належала паэту, празаіку і філосафу А.С. аль-Алюсі, аўтару твораў «Дзіўнае і дзівоснае ўдалечыні ад радзімы і забавы душы ў вандроўцы, знаходжанні на чужыне і пры вяртанні», «Ап’яненне універсальнымі ведамі пры падарожжы ў Стамбул» і інш. Асв. і літ. дзейнасць у той час вялі А.Н. аль-Ансары, аль-Омары, І. ат-Табатабаі, Дж. аш-Шаркі. Адлюстраванне тэмы тэхн. прагрэсу ў канцы 19 — пач. 20 ст. нарадзіла новую форму — баркіят — верш тэлегр. стылю, які нагадваў шараду(М. аль-Казвіні). Паэта А.М. аль-Казымі на Араб. Усходзе называлі «паэтам арабаў». Да класічнай іракскай школы канца 19 ст. належыць творчасць Дж.С. аз-Захаві. М. ар-Русафі ў вял. главе свайго «Дывана» (1910) адлюстраваў шэраг драм. момантаў з сярэдневяковай гісторыі І. «Вершаваныя апавяданні» ар-Русафі і аз-Захаві — першыя творы л-ры І. з дакладна выяўленай сюжэтнай лініяй, што сталі перадумовай стварэння апавяданняў і аповесцей. Сярод сучасных літаратараў І. вылучаюцца: А.​Зу-н-Нун («Справа Маджыда Рахіма», «Доктар Ібрахім»), аль-Джахіз («Кніга пра скупых»), Абу-ль-Фараджаль-Ісфахані, А.М. ар-Рубаі («Каралеўства дзеда»), А.​Муніф («На ўсход ад Міжземнамор’я»), Б. аль-Хатыб («Самія з Александрыі»), С.​Джамал («Ён вярнуўся», «Прэзідэнт», «Тры гваздзікі», «Падманутыя надзеі», «Чорныя ружы»), Г.​Т.​Фарман («Пяць галасоў») і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найбольш стараж. помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да канца 8-га тыс. да н.э. (раскопкі паселішчаў у даліне Сінджара, помнікі археал. культур Урука, Джэмдэт-Насра, Эль-Абейда). У 4—1-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Шумера, Акада, Асірыі, Вавілоніі (гл. Вавілона-асірыйская культура). Захаваліся помнікі эліністычнага мастацтва, Парфянскага царства, дзяржавы Сасанідаў.

Вял. роля належыць І. ў фарміраванні араб. культуры. У 630-я г. тут заснаваны гарады Эль-Куфа, Басра, у пач. 8 ст. — Васіт. Захаваліся руіны помніка раннесярэдневяковага араб. дойлідства — Ухайдыра. У 762 пачаў будавацца Мадынат ас-Салам (сучасны Багдад). Да архітэктуры перыяду халіфата Абасідаў адносяцца пабудовы Самары (грандыёзныя палацавыя і культавыя ансамблі, умацаваныя мурамі і вежамі, у т. л. палац Джаусак, спіралепадобны мінарэт аль-Мальвія). Мастацтва прадстаўлена фрагментамі сценапісу і размалёўкі па дрэве, арнаментальнымі стукавымі рэльефамі і разнымі драўлянымі панэлямі. У Багдадзе і на Пн І. развівалася кніжная мініяцюра. У 10—11 ст. манум. буд-ва заняпала. Архітэктура 12—1-й пал. 13 ст. вылучалася дакладнымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі, скляпеністымі памяшканнямі, высокімі парталамі, купаламі на тромпах; у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорысты цагляны мур, разную тэракоту, часам рэльефы. Былі пашыраны васьмерыковыя маўзалеі з высокімі канічнымі ячэістымі купаламі (т.зв. маўзалей Зубайды ў Багдадзе). У 12—13 ст. дасягнула росквіту т. зв. багдадская школа мініяцюры, якой уласцівы лаканічныя ілюстрацыі да навук. трактатаў («Фармакалогія» Дыяскарыда, рукапісаў Кітаб аль-дырыяк і інш.). Мініяцюры паўн. І. вылучаліся ўрачыстай параднасцю («Кніга песняў»), У 2-й пал. 13—15 ст. буд-ва амаль не вялося. Архітэктуры 16—17 ст. уласцівы ўплывы сефевідскага Ірана: вял. купальныя маўзалеі-мячэці (у Багдадзе, Кербеле, Неджэфе) з яркім паліхромным дэкорам. Для нар. жылля характэрна планіроўка з унутр. дваром, лоджыямі і калонным айванам, вокны і балконы з узорыстымі драўлянымі кратамі. У дэкар.-прыкладным мастацтве важнае месца займала кераміка з рэльефным дэкорам, які змяшчаў выявы людзей і жывёл (8—14 ст.), глазураваная з размалёўкай люстрам (9 ст.), паліхромнай падглазурнай размалёўкай. Былі пашыраны маст. вырабы з металу — пасудзіны ў выглядзе птушак або звяроў (8—9 ст.), аздобленыя чаканкай, гравіроўкай, сярэбранай інкрустацыяй (13 ст.), а таксама ткацтва (залататканыя, шаўковыя і льняныя тканіны). Сярэдневяковыя маст. традыцыі захаваліся да 20 ст. Сучасная архітэктура імкнецца падпарадкаваць міжнар. стандарты мясц. кліматычным умовам, выкарыстоўваць элементы традыц. планіроўкі і дэкору. У пач. 20 ст. зарадзіўся алейны жывапіс (А.К. ар-Расам, М.​С.​Закі і інш.), развіваліся скульптура і графіка. Пасля 1958 пашырыліся прапагандысцкія формы манум. мастацтва (манумент «Рэвалюцыя 14 ліпеня» Дж.​Саліма, 1959—60, і інш.), у станковым мастацтве — сац.-быт. партрэт і тэматычная карціна, выкарыстанне мясц. маст. традыцый і вопыту сусв. мастацтва (Ф.​Хасан, Х. ад-Дурубі, М.​Ахмед). На тэр. І. на працягу стагоддзяў развіваецца маст. культура курдаў. Музеі: Іракскі (засн. ў 1923), араб. старажытнасцей (1937), этнаграфічны (1941), сучаснага мастацтва (1963), палаца Абасідаў (1935) — усе ў Багдадзе, Масульскі (1951), Вавілонскі (засн. ў 1949 на руінах Стараж. Вавілона).

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Бутырчык (літаратура).

Герб і сцяг Ірака.
Да арт. Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Панарама Багдада.
Да арт. Ірак. Танцоўшчыцы. Фрагмент размалёўкі палаца Джаусак у Самары. 9 ст.
Да арт. Ірак. Глінянае вядро з размалёўкай люстрам.
Да арт. Ірак. Залаты збанок. 2-я пал. 10 ст.
Да арт. Ірак. Тытульны ліст рукапісу Кітаб аль-дырыяк. Масул. 1199.
Да арт. Ірак. Мячэць Мутавакіля ў Самары з мінарэтам аль-Мальвія. Сярэдзіна 9 ст.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)