Куранецкае ўзвышша 7/395

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКА-КУРАНЕ́ЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у г. Вілейка і вёсках Куранецкага р-на Вілейскай вобл. Адзін з арганізатараў — А.І.Валынец. Аб’ядноўвала 75 чал., 14 груп, з іх 5 у Вілейцы (кіраўнікі Ю.​М.​Балашоў, І.​І.​Баслык, У.​М.​Жаўтко, Л.​В.​Чыжэўская, Н.​М.​Валынец), у вёсках Більцавічы (В.​А.​Рогач), Воўкаўшчына (К.​А.​Хаванскі), Куранец (М.​М.​Мацюкевіч, І.​Б.​Айнбіндэр), Талуць (М.​Я.​Кручонак), Урэчча (А.​І.​Ахрэм), Халопы (З.​П.​Бічун), Чабатары (В.​І.​Чабатар). Падпольшчыкі трымалі сувязь з партыз. брыгадай «За Савецкую Беларусь», стварылі падп. друкарню, у якой выдавалі лістоўкі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва, здабывалі для партызан зброю, медыкаменты, харчаванне, дакументы, вызвалілі з фаш. лагера каля 300 ваеннапалонных, разграмілі варожы гарнізон у в. Каловічы, учынялі інш. дыверсіі. У Вілейцы ўдзельнікам падполля ўстаноўлена мемар. дошка, у в. Куранец — помнік.

т. 4, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАНЕ́Ц,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка — Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад г. Вілейка, 111 км ад Мінска, 1 км ад чыг. раз’езда Куранец. 1115 ж., 473 двары (1998).

У пісьмовых крыніцах з 1519 упамінаецца як мястэчка ВКЛ, у 1665 горад. У 1539 пабудавана царква, у 1665 — касцёл. У 19 ст. заможнае гандл. мястэчка. У 1887—1765 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Віленскай губ., валасная ўправа, 2 царквы, царк.-прыходская школа, 2368 ж. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навагрудскага, з 1925 Віленскага ваяводстваў. 3 вер 1939 у БССР. З 15.1.1940 цэнтр Куранецкага раёна. З 12.10.1940 гар. пасёлак, цэнтр сельсавета. З 25.6.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія часткова спалілі К., стварылі тут лагер сав. ваеннапалонных, знішчылі каля 1,3 тыс. чал. Дзейнічала Вілейска-Куранецкае патрыятычнае падполле. У ноч на 1.10.1943 партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» імя В.​Т.​Варанянскага разграмілі ў К. варожы гарнізон. З 1946 у Вілейскім р-не, з 1954 вёска. У 1972—1427 ж., 446 двароў.

Лесацэх Вілейскага дрэваапр. камбіната, кандытарскі цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ўдзельнікаў паўстання 1863—64. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (2-я пал. 19 ст.).

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙКА,

горад, цэнтр Вілейскага раёна Мінскай вобл., на р. Вілія. За 103 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Полацк. Вузел аўтадарог (на Маладзечна, Смаргонь, Мядзел, Докшыцы, Плешчаніцы). 29,8 тыс. ж. (1995).

Вядома з 1599 як мястэчка, цэнтр Вілейскага староства Ашмянскага пав. ВКЛ. Мела назву Стары Куранец, у 16 ст. належала роду Куранецкіх З 1793 у складзе Рас. імперыі, Кацярына II падаравала Вілейку мінскаму ген.-губернатару Карнееву, які аб’яднаў мястэчка і вёску Вілейку ў адзін нас. пункт. З 1795 цэнтр Вілейскага павета. 22.1.1796 зацверджаны герб горада: чырв. поле шчыта перасякае выява ракі з суднам і залатым коласам. Развіццю Вілейкі спрыяла гандл. суднаходства, штогод адбываліся 4 кірмашы. Вял. страты гораду прычынілі пажар 1810 і вайна 1812. У час паўстання 1830—31 тут дзейнічаў паўстанцкі к-т, паўстання 1863—64 — паўстанцкі атрад. У 1860 у Вілейцы царква, 3 малітоўныя дамы, 3 капліцы, шпіталь, бровар, 14 крам, 272 дамы, у 1861 — 2931 ж., у 1897 — 3560 ж. У 1904 праз Вілейку прайшла чыгунка. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічаў рэв.-сялянскі к-т, с.-д. група. У 1918 акупіравана герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяв. Дзейнічалі падп. райкомы КПЗБ і КСМЗБ, арг-цыі Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-ва бел. школы. З 1939 у БССР, цэнтр Вілейскай вобласці. З 26.6.1941 да 2.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут больш за 6 тыс. чал.; дзейнічала Вілейска-Куранецкае патрыятычнае падполле 31.10—1.11.1943 адбыўся Вілейскі бой 1943. У 1959 у Вілейцы 8,2 тыс., у 1989 — 25 тыс. жыхароў.

Арх.-планіровачную структуру горада фарміруюць вуліцы 17 Верасня, Першамайская, Вадап’янава, якія ўтвараюць прамавугольную сетку дробных кварталаў сядзібнай, пераважна драўлянай забудовы. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр — прамавугольная ў плане пл. Леніна. Яе асн. кампазіцыйнымі дамінантамі з’яўляюцца Вілейскі Крыжаўзвіжанскі касцёл і Вілейская царква. У зах. частцы будуюцца шматпавярховыя дамы, на Пн і З фарміруецца індывід. забудова сядзібнага тыпу. Зберагліся помнікі архітэктуры 19—20 ст.: будынкі гімназіі, турмы, бальніцы, жылы дом па вул. Чырвонаармейскай, 28. Паводле генплана 1979 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана развіццё горада ў паўд. напрамку ўздоўж р. Вілія, рэканструкцыя і забудова цэнтр. часткі 3—6-павярховымі жылымі дамамі з захаваннем існуючай сеткі вуліц, стварэнне на левабярэжжы буйнога шматпавярховага жылога раёна.

Заводы «Зеніт» і аўтарамонтны, прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вілейскі гісторыка-краязнаўчы музей. Магілы ахвяр фашызму. За 1 км ад Вілейкі Вілейскае вадасховішча.

Г.​А.​Каханоўскі (гісторыя).

Вілейка. Цэнтр горада. Крыжаўзвіжанскі касцёл і царква (справа).

т. 4, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну,

сістэма кіруючых органаў, арганізацый, груп і асобных патрыётаў, якія ў 1941—44 вялі барацьбу супраць ням. фашыстаў на акупіраванай імі тэр. Беларусі. Фарміравалася ва ўмовах акупацыйнага рэжыму 2 шляхамі: «знізу» — па ініцыятыве патрыётаў-антыфашыстаў; «зверху» — вынік арганізац. дзейнасці к-таў КП(б)Б і ЛКСМБ. Ядром і кіруючай сілай з’яўлялася партыйнае (патрыят.) падполле, састаўнымі часткамі якога былі камсам.-маладзёжнае падполле і антыфашысцкія арганізацыі. У 1941—42 П.п. фарміравалася пераважна «знізу», таму што большасць кіруючых органаў, створаных к-тамі КП(б)Б і ЛКСМБ загадзя (абкомы, міжрайкомы, райкомы, гаркомы), па розных прычынах не змаглі разгарнуць сваю дзейнасць адразу пасля акупацыі. З пачатку свайго існавання падполле спалучала сваю дзейнасць з партызанскім рухам на Беларусі. Асн. кірункамі яго дзейнасці ў 1941—42 былі: агітац.-прапагандысцкая работа сярод насельніцтва, супрацоўнікаў акупац. улад, у ваен. падраздзяленнях ворага, дыверсійна-баявыя дзеянні, стварэнне і папаўненне партыз. атрадаў людзьмі, забеспячэнне іх зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі, адзеннем, харчаваннем, разведвальная і сувязная работа для партызан. У першы год свайго існавання падполле з-за адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту. барацьбы несла вял. страты. У 1941—42 з буйней шых арг-цый пачалі дзейнасць П.п.: Аршанскае, Асвейскае, Асіповіцкае, Бабруйскае, Барысаўскае, Брагінскае, Браслаўскае, Брэсцкае, Бягомльскае, Бялыніцкае, Васілевіцкае, Велікастахаўскае, Вілейска-Куранецкае, Віцебскае, Гомельскае, Гродзенскае, Грэскае, Дзяржынскае, Добрушскае, Ельскае, Жлобінскае, Жыткавіцкае, Калінкавіцкае, Кармянскае, Краснапольскае, Круглянскае, Крычаўскае, Лідскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскае, Петрыкаўскае, Пінскае, Полацкае, Прапойскае, Рагачоўскае, Расонскае, Рудзенскае, Рэчыцкае, Слуцкае, Смалявіцкае, Смалянскае, Старадарожскае, Тарасава-Ратамскае, Уздзенскае, Ушацкае, Хойніцкае, Чашніцкае; камсам.-маладзёжныя: Асінторфскае, Брэсцкае, Гомельскае, Дзятлаўскае, Калінінскае, Клімавіцкае, Мар’інагорскае, Мікалаевіцкае, Мірскае, Мотальскае, Нізянскае, Обальскае, Плешчаніцкае, Прошкаўскае, Скідзельскае, Тураўскае, Турнаеўскае, Хідраўскае, Шаркаўшчынскае, Шчадрынскае (пра кожнае гл. асобны арт.). З пачатку 1943 П.п. фарміравалася ў асноўным «зверху». Вялікі ўплыў на гэты працэс мелі рашэнні Пленума ЦК КП(б)Б «Аб абстаноўцы і задачах работы партыйных органаў і партыйных арганізацый у акупіраваных раёнах Беларусі» (люты 1943) і пісьмо ЦК КП(б)Б «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР», накіраванае ў чэрв. 1943 у падп. парт. арг-цыі. У 2-й пал. 1943—1-й пал. 1944 структуры П.п. дзейнічалі практычна ва ўсіх акупіраваных раёнах. З жн. 1943 актыўна дзейнічала Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. Асн. кірункі дзейнасці падполля з 1943: шматлікія дыверсіі, якія парушалі работу аператыўнага тылу ворага, зрыў мерапрыемстваў акупац. улад, забеспячэнне партызан акупац. дакументамі, друкарскім абсталяваннем, распаўсюджванне зводак Саўінфармбюро, падрыхтоўка матэрыялаў для друку падпольнага, збор разведданых партызанам для правядзення баявых аперацый, дзейсная сувязь з партызанамі, выратаванне насельніцтва, асабліва дзяцей, ад знішчэння і вывазу ў Германію. Паводле пасляваенных падлікаў дакументальна ўлічаная колькасць удзельнікаў падполля склала больш за 70 тыс. чал., сярод іх грамадзяне ўсіх рэспублік СССР, антыфашысты інш. краін; з маладзёжнага падполля дзейнічала амаль 3 тыс. пярвічных арг-цый, 335 антыфаш. маладзёжных арг-цый (амаль 100 тыс. чал.). Некалькі тысяч удзельнікаў падполля ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі; званне Героя Сав. Саюза атрымалі падпольшчыкі У.С.Амельянюк. Ц.С.Барадзін, А.Х.Валынец, Е.С.Зянькова, А.Л.Ісачанка, Х.К.Кабушкін, Р.П.Казінец, М.А.Кедышка, Я.У.Клумаў, Ф.А.Крыловіч, А.Р.Мазанік, П.М.Машэраў, М.Б.Осіпава, У.А.Парахневіч, З.М.Партнова, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.

Літ.:

Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944): Краткие сведения об орг., структуре и составе. Мн., 1975;

Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944): Краткие сведения об орг., структуре и составе. Мн., 1976;

Тозик А.А. В дни суровых испытаний: Укрепление рядов КП(б)Б в условиях подполья в годы Великой Отечественной войны (1941—1944). Мн., 1981;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85.

А.А.Тозік.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)