КУ́КАЛЬНІК (Павел Васілевіч) (1795, г. Замасць, Польшча — 1884),
гісторык, пісьменнік. Д-р права (1815). Брат М.В.Кукальніка. Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію (1815). У 1825—32 заг. кафедры ўсеаг. гісторыі Віленскага ун-та, у 1832—42 выкладаў у Мед.-хірургічнай і Духоўнай акадэміях у Вільні, потым у каталіцкай семінарыі. Адначасова з 1829 цэнзар, у 1863—65 старшыня цэнзурнага к-та. У 1860-я г. старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Пад яго рэдакцыяй выдадзены 1-ы т. «Актаў Віленскай камісіі» (1865). Аўтар прац па гісторыі ВКЛ. Яго буйнейшая праца «Гістарычныя нататкі пра Літву» (1864), як і іншыя, кампілятыўная, заснавана на даследаваннях Ю.Ярашэвіча, Е.С.Бантке, Ю.І.Крашэўскага, М.Стрыйкоўскага, М.М.Бантыш-Каменскага. Ідэйна-паліт. погляды К. грунтаваліся на заходнерусізме. Аўтар успамінаў, апублікаваных у «Русском архиве» (1873—74).
Д.У.Караў.
т. 8, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КАЛЬНІК (Нестар Васілевіч) (20.9.1809, С.-Пецярбург — 20.12.1868),
рускі пісьменнік. Брат П.В.Кукальніка. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1829), у якой вучыўся з М.Гогалем. Выкладаў у 1-й і 2-й віленскіх гімназіях (да 1831), служыў чыноўнікам у Пецярбургу. У 1832 сакратар камісіі па заснаванні Віленскай мед.-хірург. акадэміі. У 1836—41 у Пецярбургу выдаваў «Художественную газету» — адно з першых перыяд. выданняў Расіі, прысвечаных жывапісу, час. «Дагерротип» (1842), «Иллюстрация» (1845—47).
Друкаваўся з 1833 (п’еса «Тарціні»). Драм. творчасць умоўна падзяляюць на «драм. фантазіі» ў вершах і прозе пра лёс мастака («Тарквата Таса», паст. 1835; «Джакоба Саназар», 1834; «Мейстар Мінд», 1839; «Імправізатар», 1844, і інш.) і гіст. трагедыі, у якіх адлюстраваны моманты рус. гісторыі, што найб. ярка дэманструюць працэсы нац. яднання і самасвядомасці («Рука Усявышняга айчыну выратавала», паст. 1834; «Князь Данііл Дзмітрыевіч Холмскі», 1840, муз. М.Глінкі, і інш.). Гіст. аповесці і апавяданні 1830—40-х г. прысвечаны пераважна эпосе Пятра I («Сяржант Іван Іванавіч Іваноў, ці Усе заадно», «Два Іваны, два Сцяпанычы, два Кастыльковы» і інш.). На словы К. напісаны рамансы Глінкі «Сумненне», цыкл з 12 рамансаў «Развітанне з Пецярбургам» і інш. Удзельнічаў у напісанні лібрэта опер Глінкі «Руслан і Людміла» і «Жыццё за цара» («Іван Сусанін»). Аўтар «Практычнага курса рускай граматыкі» (Вільня, 1830).
А.В.Спрынчан.
т. 8, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)