Кузьміно (в., Гарадоцкі р-н) 4/463

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКІ РАЁН,

на ПнУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 3,1 тыс. км². Нас. 36,5 тыс. чал. (1996), гарадскога 46,2%. Сярэдняя шчыльн. 11,8 чал на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Гарадок; г.п. Езярышча; 384 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 18 сельсаветаў: Бычыхінскі, Вайханскі, Віраўлянскі, Вярэцкі, Газьбенскі, Гуркінскі, Даўгапольскі, Зайкаўскі, Марчанскі, Мяжанскі, Пальмінскі, Першамайскі, Пралетарскі, Прудніцкі, Руднянскі, Стадалішчанскі, Халамерскі, Хмяльніцкі.

Большая ч. тэр. раёна ў межах Гарадоцкага ўзвышша, на ПдУСуражская нізіна, на З — ускраіна Полацкай нізіны. Паверхня ўзгорыста-марэнная, пераважаюць выш. 170—180 м, найвыш. пункт 259 м (каля в. Загараны). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, радовішчы гліны і пяску. Сярэдняя т-ра студз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 625 мм за год. Вегетац. перыяд 183 сут. Найб. рэкі Обаль з прытокамі Чарнуйка, Чарняўка і Усыса; Аўсянка і Лужасянка; Ловаць (бас. Нявы). 92 возеры, найб. — Езярышча, Лосвіда, Вымна, Цёста, Кашо, Сясіта, Вял. Свіно, Чарнова, Бярнова, Чарняста. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 32,5% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і яловыя; трапляюцца чорная вольха, асіна, ясень. Балоты займаюць 28,3 тыс. га; вял. балотныя масівы: Чырвоны Мох, Абрамнае, Лукашэўскі Мох, Вялікае і інш. На тэр. раёна Езярышчанскі арніталагічны заказнік, гідралагічны заказнік Карыценскі Мох.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 101,4 тыс. га, з іх асушана 21,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 18 калгасаў, 16 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, лёгкай паліўнай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Віцебск—Гарадок—Невель (Расія), аўтадарогі Руба—Невель, Обаль—Гарадок—Полава. У раёне 16 сярэдніх, 11 базавых, 9 пач. школ, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа-інтэрнат, 29 дашкольных устаноў, 44 клубы, 42 б-кі, 8 бальнічных устаноў. На воз. Лосвіда турбаза «Віцебская». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя 1-й пал. 19 ст. ў в. Кузьміно, касцёл (1896) у в. Рамні. Выдаецца газ. «Гарадоцкі веснік».

Г.С.Смалякоў.

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ РАЁН,

на ПдУ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,7 тыс. км. Нас. 44,8 тыс. чал. (1995), сярэдняя шчыльн. 26,4 чал./км², гарадскога 12%. Цэнтр — г. Орша; г. Барань, г.п. Арэхаўка і Копысь. 261 сельскі нас. пункт. 18 сельсаветаў: Браздзетчынскі, Веравайшанскі, Высокаўскі, Дубраўскі, Задроўеўскі, Зубаўскі, Клюкаўскі, Крапівенскі, Кудаеўскі, Ліпкаўскі, Малатынскі, Межаўскі, Панізоўскі, Першамайскі, Пішчалаўскі, Смалянскі, Стайкаўскі, Якаўлевіцкі.

Размешчаны ў межах Аршанскага ўзвышша і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паўночная ч. занята Лучоскай нізінай. Паверхня пераважна ўзгорыстая і платопадобная. Пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 237,5 м (на ПнЗ ад в. Стайкі). Карысныя выкапні: торф, даламіт, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 дні. Рэкі: Дняпро з прытокамі Аршыца і Адроў (справа), Крапівенка і Лешча (злева). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,43 км/км². Азёры: Вял. Арэхаўскае, Дзевінскае, Перавалачна, Кузьміно, Карэсіна. Пад лясамі 23% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, асінавыя і альховыя. Агульная пл. балотаў 4,2 тыс. га. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (67,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,3%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (3%), тарфяна-балотныя (3%), поймавыя (2,5%); паводле мех. складу — сугліністыя (84,9%), супясчаныя (11,4%), тарфяныя (3%), пясчаныя (0,7%).

Пад с.-г. ўгоддзямі 107 тыс. га, з іх асушаных 11,7 тыс. га. На 1.1.1995 у Аршанскім раёне 23 калгасы і 10 саўгасаў. Развіты льнаводства, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінаводства і птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (кафля, цэгла, жалезабетонныя вырабы), металаапрацоўцы (лёгкае машынабудаванне, станкабудаванне), лёгкай (тэкст., швейная), харч. прам-сці. БелДРЭС. Здабыча торфу. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі ад Оршы на Мінск, Магілёў, Крычаў, Віцебск, Лепель. Найб. значныя аўтадарогі Брэст—Масква і Магілёў—Віцебск. Магістральны газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы і нафтаправод на Наваполацк (адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба»). У раёне Смалянскі саўгас-тэхнікум, Высокаўскае СПТУ, 26 сярэднеагульнаадук., 7 базавых, 11 пач. школ, 2 муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 4 клубныя і 58 бібліятэчных устаноў, 6 бальніц, 28 фельч.-ак. пунктаў. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Архітэктурныя помнікі ў в. Смаляны: касцёл дамініканцаў (18 ст.), руіны замка (17 ст.), Спаса-Праабражэнская і Аляксееўская цэрквы (18 ст.). Помнікі прыроды — Высокаўскі і Межаўскі паркі. Выдаецца «Аршанская газета».

С.І.Сідор.

т. 1, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)