КУЗНЕ́ЦКАЯ КАТЛАВІ́НА,

міжгорная катлавіна на Пд Зах. Сібіры, у Кемераўскай вобл. Расіі, паміж Кузнецкім Алатау на ПнУ, Салаірскім кражам на ПдЗ і Горнай Шорыяй на Пд. Пл. 70 тыс. км², даўж. 400 км, шыр. 120 км. Хвалістая алювіяльная раўніна, выш. 200—500 м расчлянёна густой сеткай далін рэк Том, Іня і інш. прытокаў р. Об; у цэнтры — горныя кражы (выш. да 740 м), складзеныя з базальтаў. У межах катлавіны — Кузнецкі вугальны басейн. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. каля -18 °C, ліп. 18—20 °C. Гадавая колькасць ападкаў 350—500 м. На ПнЗ разнатраўе — кавыльныя стэпы на вышчалачаных чарназёмах, бярозава-асінавыя колкі, на У — піхтава-асінавая тайга. Пашырана земляробства (пшаніца, авёс, жыта, бульба).

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЙ СІБІ́РЫ ГО́РЫ,

горная краіна на Пд Сібіры, якая ўключае Алтай, Салаірскі краж, Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх. Саяны, горы Тывы, Прыбайкалля, Забайкалля, Станавы хрыбет, а таксама міжгорныя катлавіны: Кузнецкая, Мінусінская, Тувінская, Таджынская і інш. Пл. каля 1,6 млн. км². Горы складзены пераважна з пратэразойскіх і ніжнепалеазойскіх парод. Ва ўтварэнні рэльефу вял. ролю адыгралі мезакайназойскія і найноўшыя тэктанічныя рухі. Пераважае сярэднягорны (800—2000 м) рэльеф; для асобных хрыбтоў і масіваў характэрны высакагорны рэльеф і сучаснае зледзяненне; у перыферычнай ч. — нізкагор’і (300—800 м). Найвышэйшы пункт — г. Бялуха (4506 м). Высокая сейсмічнасць. Радовішчы руд каляровых і рэдкіх металаў, каменнага вугалю, азбесту. На схілах горна-таежныя лістоўнічныя і цемнахвойныя лясы, вышэй за 2000—2500 м — горныя тундры і альпійскія лугі; у міжгорных катлавінах стэпы.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)