Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БАК,
невялікая пасудзіна для піцця; найчасцей цыліндрычнай, радзей збана- ці бочкападобнай формы з выразным донцам, з адной ці дзвюма ручкамі (трапляюцца без ручак), звычайна без накрыўкі. К. выраблялі з гліны, металу, каменнай масы, дрэва, шкла. Вядомы ў розных народаў з часоў старажытнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НАЎКА (ад польск. konew збан, кубак),
у беларусаў і інш.еўрап. народаў невялікая драўляная, радзей метал. або ганчарная пасудзіна (звычайна конусападобнай формы з ручкай), якая служыла для зачэрпвання і пералівання вадкасцей. Выкарыстоўвалася таксама як кубак для пітва, у такім выпадку мела больш падоўжаную, звычайна цыліндрычную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТАБО́Л,
[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.
Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).
Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫБІЯ́СІ ((Dibiasi) Клаўс) (н. 6.10.1947, г. Зольбад-Халь, Аўстрыя),
італьянскі спартсмен (скачкі ў ваду). Алімпійскі чэмпіён (1968, 1972, 1976) і чэмпіён свету (1973, 1975) у скачках з вышкі. Чэмпіён Еўропы ў скачках з вышкі (1966, 1974) і трампліна (1974). Пераможца спаборніцтваў на Кубак Еўропы ў скачках з вышкі (1965, 1967, 1975), трампліна (1969, 1973, 1976), вышкі і трампліна (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,
від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.
П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.
На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЦЫЯ́ТЫ (Archaeocyatha),
тып вымерлых прымітыўных беспазваночных жывёл. Больш за 1 тыс. відаў. Жылі ва ўсіх морах ранняга кембрыю на глыб. да 100 м.
Даўж. 1—10 см (рэдка 40—150 см), дыям. 1—10 см (рэдка 40—80 см). Вапнавы порысты шкілет меў форму кубка або рога (грэч. kýathos кубак, адсюль назва). Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Вялі прымацаваны спосаб жыцця, зрэдку стваралі першыя стараж. рыфы. Рэшткі археацытаў з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі для кембрыйскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.
На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.Потэс, А.Мінянок, Дз.Яскевіч, М.Амяльянчык, Ю.Грамыка, А.Паўлава, А.Надзін і інш.Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦІ́Р (грэч. potēr чаша, кубак),
літургічная пасудзіна для прычашчэння (еўхарыстыі) ў выглядзе чашы на высокай складанапрафіляванай ножцы (стаян) з падножжам (паддон). Вырабляюць пераважна з каштоўных металаў і вырабных камянёў, упрыгожваюць каштоўнымі камянямі, перагародчатай эмаллю, чаканкай, гравіроўкай і інш. На П. змяшчаюць сімвалічныя выявы вінаграднай лазы, «Дрэва жыцця» (вобразы «Нябеснага царства», Хрыста, Усяленскай царквы і раю), Дэісус (вобразы святых заступнікаў). Форма і характар дэкору вызначаліся пануючым маст. стылем. Вядомы з 2 ст. На Беларусі выраб П. пашыраны ў канцы 15—19 ст.