АСУЭ́ЛА (Azuela) Марыяна

(1.1.1873, г. Лагас дэ Марэна, Мексіка — 1.3,1952),

мексіканскі пісьменнік. Раманы «Няўдачнікі» (1908), «Пустазелле» (1909) пра грамадскае жыццё Мексікі ў часы дыктатуры П.Дыяса. Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, падзеі якой адлюстраваў у рамане «Тыя, хто ўнізе» (1916). У раманах «Касіки» (1917), «Муха», «Хваляванні добрапрыстойнай сям’і» (абодва 1918), «Таварыш Пантоха» (1937), «Новая буржуазія» (1941), «Праклён» (1955) і інш. расчараванне вынікамі рэвалюцыі, непрыняцце паслярэв. рэчаіснасці. Раманы «Ліхадзейка» (1923), «Адплата» (1925), «Светлячок» (1931) пазначаны рысамі сюррэалізму, псіхааналізам з ухілам у паталогію.

Тв.:

Рус. пер. — Те, кто внизу: Роман о мексик. революции // Асуэла М. Те, хто внизу;

Гальегос Р. Донья Барбара;

Астуриас М.А. Сеньор Президент. М., 1970.

Літ.:

Винниченко И.В. Мариано Асуэла. М., 1972.

т. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКЕРБА́Й Міхаіл Аляксандравіч

(19.1. 1901, с. Мерхеулі, Абхазія — 15.10. 1965),

абхазскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў абх. л-ры. Засл. дз. маст. Абхазіі (1961). Скончыў Тбіліскі політэхн. ін-т (1929), Вышэйшыя сцэнарныя курсы ў Маскве (1937). Друкаваўся з 1919. У кнігах «Абхазскія навелы» (1957) і «Аламыс» (1961), напісаных лаканічна, з гумарам, на фальклорнай аснове, адлюстравана жыццё абх. народа. Аўтар камедыі «У яры Сабыды» (паст. 1941), гіст. драмы «Данакай» (паст. 1956), сцэнарыяў кінафільмаў, лібрэта оперы «Мзія» (1951), аперэты «Шчасце» (1961, абедзве муз. А.Баланчывадзе), даследаванняў па абх. тэатры, фальклоры і інш.

Тв.:

Очерки из истории абхазского театрального искусства. Сухуми, 1962;

Тот, кто убил лань. Сухуми, 1982.

Літ.:

Аншба А.А., Дарсалия В.В. М.Лакербай. Сухуми, 1979.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РГАС ЛЬЁСА (Vargas Llosa) Марыо

(н. 28.3.1936, г. Арэкіпа, Перу),

перуанскі пісьменнік. Чл. Перуанскай акадэміі мовы. Прэзідэнт Пэн-клуба (1976—79). З 1959 жыве ў Еўропе (Мадрыд, Барселона, Парыж, Лондан). У раманах «Горад і сабакі» (1962), «Зялёны дом» (1966), «Размова ў «Катэдрале» (1969), «Панталеон і наведвальніцы» (1973), «Цётачка Хулія і пісака» (1977), «Вайна канца свету» (1981), «Гісторыя Майты» (1984), «Хто забіў Паламіна Малера?» (1986), «Апавядальнік» (1987), «Пахвальнае слова мачысе» (1988), аповесці «Шчанюкі» (1967), зб. апавяданняў «Важакі» (1959) сплаў вымыслу з амаль дакументальнымі замалёўкамі з натуры, уражаннямі дзяцінства і юнацтва. Звяртаючыся да вопыту рыцарскага рамана, флабэраўскай традыцыі, экзістэнцыялізму, сцвярджаючы права мастака на творчую свабоду і паслядоўны нонканфармізм, Варгас Льёса робіць кожны з сваіх твораў востраактуальным, чарговым эксперыментам прасторава-часавых і жанравых пабудоў. Аўтар кніг эсэ «Гарсія Маркес: сведчанне богазабойства», «Сакрэтная гісторыя рамана» (абедзве 1971), «Спрадвечная оргія: Флабэр і «Мадам Бавары» (1975), «Паміж Сартрам і Камю» (1981), «Супраць ветру і прыліву» (1983—90), «Праўда няпраўды» (1990), п’ес.

Тв.:

Рус. пер. — Война конца света: Роман. М., 1987;

Кто убил Паломино Молеро?: Повесть, пьеса. М., 1989;

Рота добрых услуг: Романы. М., 1993.

Літ.:

Земсков В.Б. Марио Варгас Льоса: сознание художника и реальность // Латинская Америка. 1975. № 4.

І.Л.Лапін.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЭКАФО́НІЯ

(ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),

адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднай атанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл. Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, у выніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.М.Гаўэра, А.Габы, Э.Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т.л. бел. В.Войцік, Г.Гарэлава, А.Гураў, У.Дарохін, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, С.Картэс, В.Кузняцоў, А.Літвіноўскі, Дз.Смольскі, А.Сонін, Р.Сурус і інш.

Літ.:

Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;

Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;

Яго ж. Гармония. М., 1988.

Т.Г.Мдывані.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)