ПАКРЫЦЦЁ ў будаўніцтве,

верхняя агараджальная канструкцыя, якая аддзяляе памяшканне будынка (або ўнутраны аб’ём збудавання) ад вонкавага асяроддзя і знешніх уздзеянняў. Асн. від П. — плоскія дахі (тэрасы), якія выкарыстоўваюцца як спартыўныя пляцоўкі, салярыі і інш. Асн. элементы П. — нясучая аснова (напр., панэлі, абалонка), уцяпляльнік (керамзіт і інш.) і дахавае крыццё.

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ДСЦІЛЬНАЯ ПАВЕ́РХНЯ ў геаграфіі,

паверхня Зямлі (расліннасць, глеба, грунт, вада, снег і інш.), якая ўзаемадзейнічае з атмасферай у працэсе цепла- і вільгацеабмену. З’яўляецца таксама крыніцай пылу і ядраў кандэнсацыі для атмасферы. Уплывае на фіз. стан атмасферы, у т. л. на надвор’е і клімат, вызначае мясц. асаблівасці атм. цыркуляцыі. П.п. ў геалогіі фіксуе мяжу сутыкнення больш маладых адкладаў горных парод з больш стараж.; крыццё ніжняга і падэшва верхняга слоя. У межах тэктанічных структурных комплексаў П.п. з’яўляецца перадперарыўнай, таксама паверхняй размыву, дэнудацыі.

І.​В.​Клімовіч.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НТА (польс.: gont),

драўляны матэрыял для крыцця даху і сцен у форме невял. тонкіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам з другога. Робіцца з яловай, хваёвай, асінавай і інш. драўніны, даўж. звычайна 50—60 см, шыр. каля 10 см. Дах з гонты служыць 25—35 гадоў. Вядома ва ўсёй Еўропе. У Беларусі гонта вядома з даўніх часоў, рабілася ўручную (радыяльным расколваннем), пазней — на механізаваных станках (распілоўваннем). Гонтай крылі дахі ўсіх тыпаў будынкаў. Дошчачкі ўваходзілі адна ў адну і прыбіваліся да дахаў. Кожны верхні рад гонты перакрываў ніжэйшы, таму крыццё атрымлівалася шматслойнае — да 4 слаёў (касцёл у Койданаве, 18 ст.). Часам гонты ніжняга, навіслага над карнізам рада рабілі завостранымі, што ўпрыгожвала дах (сядзібны дом у Борках Дзятлаўскага, званіцы ў Белагрудзе Лідскага і Шарашове Пружанскага, касцёл у Жытомлі Гродзенскага р-наў).

С.​А.​Сергачоў.

Канструкцыя абшыўкі з гонты.
Дах з гонты на царкве ў вёсцы Строчыца Мінскага раёна.

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СЬ,

этнаграфічны рэгіён, які займае большую частку Мінскай і зах. ўскраіну Магілёўскай абласцей. На Пн мяжуе з Паазер’ем, на У — з Падняпроўем, на Пд — з Усходнім Палессем (гл. Дадатак), на З — з Панямоннем. Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове (патомкі дрыгавічоў і крывічоў) з удзелам асобных груп палякаў, рускіх, татараў і інш. З 10 ст. паўн. ч. рэгіёна ўваходзіла ў склад Полацкага княства. У пач. 12 ст. вылучыліся самаст. Мінскае, Ізяслаўскае, Лагожскае княствы. У 14 ст. Ц.Б. увайшла ў ВКЛ. З пач. 15 ст. Мінскі ўдзел быў у складзе Віленскага ваяводства (у 1566 утворана Мінскае ваяводства з цэнтрам у Мінску). Паўд. частка Ц.Б. ў старажытнасці была цесна звязана з Тураўскім княствам, дзе вылучыліся Слуцкі і Клецкі ўдзелы. У канцы 12 ст. Слуцкі ўдзел стаў самаст. княствам, якое ў складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай існавала як асобная адм. адзінка да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ц.Б. увайшла ў склад Мінскай губ.

У сярэдневякоўі Ц.Б. размяшчалася на сумежжы Белай Русі і Чорнай Русі і як этнагр. рэгіён са сваімі адметнымі рысамі склалася ў 18—19 ст. У ім былі сканцэнтраваны этнакульт. рысы, характэрныя амаль для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Аднак яна адыграла важную ролю ў фарміраванні бел. народнасці і культуры (Слуцк, Нясвіж, Клецк, Капыль і інш. гарады доўгі час былі буйнымі цэнтрамі культ. і паліт. жыцця). Мова Ц.Б. належыць да сярэднебеларускіх гаворак. Характар сельскіх пасяленняў мяняецца з ПнУ на ПдЗ і Пд ад невялікіх вёсак, раскіданых сярод лясоў, да мнагадворных сёл на адкрытай мясцовасці. Пасяленні вызначаліся выразнай планіроўкай, нярэдка мелі браму ў канцы вуліцы, якая нанач зачынялася. Вясковае жыллё і хлявы звычайна будавалі на адным баку вуліцы, а гумны, свірны, адрыны — на другім. На тэр. рэгіёна існавалі амаль усе тыпы забудоў (вянковы, пагонны, Г-падобны). Традыц. сял. жыллё — хата + сенцы, хата + сенцы + клець, зрэдку — хата + хата + сенцы. Да сянец часам дабудоўвалі ганак. Зруб ставілі з сасновых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам («у чашку»), Стрэхі крылі саломаю «пад шчотку», на У пераважала драўлянае крыццё. У традыц. нар. адзенні жанчын рэгіёна былі пашыраны кашуля з полікамі стрыманага дэкору, суконны клятчасты або паласаты андарак (або льняная спадніца), фартух, гарсэт, каптур з «вушкамі». хустка або намітка (гл. Капыльска-клецкі строй, Ляхавіцкі строй, Слуцкі строй, Вілейскі строй). Своеасаблівым арнаментам і каларыстычнай гамай вызначаюцца слуцкае ткацтва і капыльскае ткацтва. Мясц. кераміка па сваёй тэхналогіі і маст. якасцях вызначалася разнастайнасцю і спалучала ў сабе рысы, уласцівыя суседнім рэгіёнам. У адных і тых жа ганчарных цэнтрах вядома па некалькі спосабаў апрацоўкі гліны і вырабу посуду. Фармовачную масу рыхтавалі звычайна з гліны аднаго гатунку (часам з дамешкам жарствы) і апрацоўвалі на нажным ганчарным крузе з рухомай воссю. У 19 — пач. 20 ст. найб. пашыраны быў задымлены і паліваны посуд (бабруйская кераміка, гарадоцкая кераміка, дарасінская кераміка), а таксама абвараная кераміка (сіняўская кераміка). Вырабы размалёўвалі ў выглядзе хвойных галінак, стылізаваных кветак, паяскоў, хвалістых ліній (івянецкая кераміка, ракаўская кераміка).

Літ.:

Зеленский И. Материалы для географии и статистики России: Минская губерния. Ч. 1—2. СПб., 1864;

Титов В.С. Историко-этнографические регионы в экспозиции Белорусского государственного музея народной архитектуры и быта. Мн., 1982;

Яго ж. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983.

В.​С.​Цітоў.

т. 18, кн. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

Размешчана на У краіны. Мяжуе на У з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29,1 тыс. км². Нас. 1169,2 тыс. чал. (на 1.1.2004). Цэнтр — г. Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі, 15 гарадоў, у т. л. 2 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Бабруйск; 9 гар. пасёлкаў, 194 сельсаветы, 3111 сельскіх населеных пунктаў. З 2002 дзейнічае свабодная эканам. зона «Магілёў».

Насельніцтва. Паводле перапісу 1999 асноўнае насельніцтва — беларусы (86,1%), жывуць таксама рускія (10,9%), украінцы (1,7%) і інш. Сярэдняя шчыльнасць 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 10,9 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва 72,8%. Найбольшыя гарады (тыс. чал., на 1.1.2004): Магілёў (365), Бабруйск (221), Асіповічы (35), Горкі (34), Крычаў (28). На радыяцыйна забруджаных (у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) тэрыторыях у 14 населеных пунктах жывуць (на 1.1.2004) 132,9 тыс. чал. (11,4% насельніцтва вобласці).

Прамысловасць — асноўная галіна гаспадаркі, у ёй занята каля 29% працоўных. Найб. развіты (2003) вытворчасці: хім. і нафтахім. (26,6% прамысл. прадукцыі), машынабудаванне і металаапрацоўка (16,2%), харчовая (15,3%), лёгкая (11,2%). У 2003 на вобласць прыпадала (у % да рэспубліканскай вытв-сці): шын аўтамабільных і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 47, ліфтаў — 100, самаходных скрэпераў — 100, магнітафонаў — 100, электрарухавікоў пераменнага току — 52, цэменту — 53,9, шаўковых тканін — 63, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 66, жывёльнага масла, кандытарскіх вырабаў, гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў, безалкагольных напіткаў — 10—15%. У 2003 у вобласці выраблена 96 тыс. т хім. валокнаў і нітак, 159 тыс. т смол і пластмас, 2,8 млн. шын, 225,3 тыс. шт. электрарухавікоў пераменнага току, 3,6 тыс. шт. ліфтаў, 17 млн. м² драўнянавалакністых пліт, 37,8 тыс. м³ фанеры, 1,3 млн. т цэменту, 30,4 млн. м² шаўковых тканін, 6,6 млн. м² цюлегардзінных вырабаў, 34,9 тыс. т мяса, 20,3 тыс. т каўбасных вырабаў, 8,8 тыс. т масла жывёльнага, 90,5 тыс. т цэльнамалочнай прадукцыі, 26,7 млн. умоўных слоікаў кансерваў, 3,9 млн. дал безалкагольных напіткаў. У вобласці працуе (2003) 286 прамысл. прадпрыемстваў, якія сканцэнтраваны пераважна ў Магілёве і Бабруйску (вырабляюць 72% прамысл. прадукцыі вобласці), а таксама ў Асіповічах, Крычаве, Касцюковічах, Шклове, Быхаве. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прамысловасці размешчаны ў Магілёве — ААТ «Магілёўхімвалакно» (поліэфірныя валокны і ніткі, смолы і пластмасы, «Магілёўскі завод штучнага валакна» (віскозныя ніткі, поліэтыленавая плёнка і інш.), Бабруйску — ААТ «Белшына» (больш за 200 тыпапамераў шын для аўтамаб. і с.-г. тэхнікі), «Беларусьгуматэхніка», РУП «Гідролізны завод» і ў Крычаве — РУВП «Крычаўскі завод гумавых вырабаў». Асн. прадпрыемствы машынабудавання — УРП «Магілёўскі аўтамабільны завод імя С.​М.​Кірава» (самаходныя скрэперы, падземныя аўтапаязды, пагрузчыкі, аднавосевыя цягачы), «Магілёўтрансмаш» (аўтамаб. прычэпы, аўтакраны, рэфрыжэратары), РУП «Завод «Магілёўліфтмаш», «Магілёўскі завод «Электрарухавік», РВУП «Магілёўскі завод «Строммашына», Рэсп. унітарнае вытворчае даччынае прадпрыемства «Зеніт», ААТ «Тэхнапрылада» (Магілёў), «Магілёўспецаўтаматыка», РУП «Бабруйскі завод трактарных дэталей і агрэгатаў», «Бабруйскаграмаш», ААТ «Бабруйскі завод вагавымяральных прылад», «Бабруйскі машынабудаўнічы завод», РУП «Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў», «Камунмаш» (Асіповічы). Чорная металургія прадстаўлена ААТ «Магілёўскі металургічны завод» (чыгунныя і стальныя трубы). Найб. дрэваапрацоўчае прадпрыемства — ААТ «ФанДОК» (Бабруйск). Мэблю вырабляюць на 10 прадпрыемствах у Бабруйску, Магілёве, Крычаве, Шклове і інш., паперу — на ААТ «Шклоўская папяровая фабрыка «Спартак». Прадпрыемствы прамысловасці буд. матэрыялаў: ВРУП «Беларускі цэментавы завод» (самы магутны на Беларусі) у Касцюковічах, «Крычаўцэментнашыфер», «Клімавіцкі вапнавы завод», ЗАТ «Магілёўскі камбінат сценавых вырабаў», ААТ «Крыццё» і інш., шкляной — ААТ «Шкло-Глуша» (Бабруйскі р-н), «Люстэрка» (Бабруйск), Бел.-аўстрыйскае сумеснае ЗАТ «Шклозавод «Ялізава» (Асіповіцкі р-н). У лёгкай прамысловасці развіты тэкстыльная, швейная, абутковая, маст. вырабаў галіны; найб. прадпрыемствы ў Магілёве — ААТ «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), «Вяснянка», «Акмо» (швейныя вырабы), СП «Спатэкс» (шаўковыя і баваўняныя тканіны і вырабы з іх), у Бабруйску — ААТ «Славянка» (швейныя вырабы), абутковая, футравая, маст. вырабаў фабрыкі. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў. Харч. прамысловасць займае 2-е месца паводле аб’ёму прамысл. прадукцыі і прадстаўлена прадпрыемствамі мясной (буйныя мясакамбінаты ў Магілёве, Бабруйску, Крычаве), масласыраробнай і малочнай (20 прадпрыемстваў, у т. л. ААТ «Бабруйскі гармалзавод», «Горацкі масларобна-сыраробны завод», «Масласырзавод» у Глуску, «Сыраробны завод» у Чэрыкаве, «Масларобны завод» у Шклове, «Фабрыка марожанага» ў Магілёве), кандытарскай (ААТ «Чырвоны харчавік» у Бабруйску), лікёра-гарэлачнай (РУП «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод»), па перапрацоўцы садавіны і агародніны (6 прадпрыемстваў, у т. л. УВХП «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод»), алейна-тлушчавай (ААТ «Завод алею» ў Бабруйскім р-не), безалкагольных напіткаў (4 прадпрыемствы, у т. л. ААТ «Завод «Вейнаўская крыніца» ў Магілёўскім р-не), мукамольна-крупяной (4 буйныя камбінаты хлебапрадуктаў у Магілёве, Бабруйску, Клімавічах, Асіповічах) прамысловасці.

Сельская гаспадарка. Большасць раёнаў вобласці спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і свінагадоўлі з развітым бульбаводствам і льнаводствам (асабліва на Пн вобласці). Павялічваецца роля вытворчасці агародніны і прадукцыі птушкагадоўлі. У вобласці 330 с.-г. арганізацый, 346 фермерскіх гаспадарак (2003). С.-г. арганізацыі выкарыстоўвалі 7,6 тыс. трактароў, 4,1 тыс. грузавых аўтамабіляў, 2,1 тыс. збожжаўборачных камбайнаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 50,3% тэр. вобласці, у т. л. ворныя землі займаюць 31,2%, сенажаці і паша — 17,4%. У выніку чарнобыльскай катастрофы забруджана 30,9% тэр., у т. л. 22% с.-г. зямель. У складзе с.-г. зямель 19,9% (292,7 тыс. га) асушаных. За 1991—2002 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі скарацілася на 31,4%, вядучай галіной стала раслінаводства (57,2% с.-г. прадукцыі). Пры агульным скарачэнні пасяўных плошчаў на 13,7%, значна выраслі плошчы пад пшаніцай, трыцікале, рапсам, агароднінай (гл. табл.). Пагалоўе (тыс. галоў; на 1.1.2004): буйной рагатай жывёлы 508,3, у т. л. кароў 208,4, свіней 352, птушкі 2,9 млн. галоў. У вобласці 13 буйных спецыялізаваных комплексаў па вытворчасці ялавічыны на прамысл. аснове, 5 птушкафабрык, 14 свінакомплексаў.

Транспарт. Агульная даўжыня чыг. ліній 823,4 км (2003). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: С.-Пецярбург—Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск (часткі транс’еўрапейскага калідора №9 і яго адгалінавання №9В), Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы. Чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На чыг. транспарт прыпадае 93,7% грузаабароту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9,4 тыс. км (2003). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па рэках Дняпро, Сож, Бярэзіна. Эксплуатацыйная даўж. водных шляхоў 436 км. Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод «Дружба» (Унеча—Полацк) і адгалінаванне газаправода Таржок—Мінск—Івацэвічы.

Ахова здароўя. На 1.1.2004 у вобласці 84 бальнічныя ўстановы на 13 тыс. ложкаў (111 на 10 тыс. ж.), 210 амбулаторна-паліклінічных устаноў магутнасцю 29 тыс. наведванняў за змену (248,3 наведванняў на 10 тыс. ж.), 7 санаторыяў і пансіянатаў з лячэннем на 1,1 тыс. ложкаў, 12 санаторыяў-прафілакторыяў на 1,8 тыс. ложкаў, 14 баз і інш. арганізацый адпачынку на 800 ложкаў (найб. курорт Бабруйск з санаторыем імя У.​І.​Леніна). Працавалі 4333 (37,1; тут і далей у дужках колькасць урачоў на 10 тыс. ж.) урачы ўсіх спецыяльнасцей, у т. л. 1064 (9,1) тэрапеўты, 631 (5,4) хірургі, 261 (4,2) акушэр-гінеколаг, 365 (19,2) педыятраў, 144 (1,1) неўрапатолагі, 148 (1,3) псіхіятраў, 155 (1,3) урачоў санітарна-проціэпідэмічнай групы, 371 (3,1) стаматолаг, 14 224 (122) чал. сярэдняга мед. персаналу.

Культура. На 1.1.2004 у вобласці 549 дзіцячых дашкольных устаноў (41,1 тыс. дзяцей). У 2003/04 навуч. годзе было 558 агульнаадукацыйных школ усіх відаў (164,7 тыс. вучняў), у т. л. 54 пачатковыя, 109 базавых, 351 сярэдняя, 10 гімназій, 6 ліцэяў, 2 навуч. комплексы: школа (гімназія) — каледж, 13 для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 13 вячэрніх (зменных); 37 прафес.-тэхн. вучылішчаў (17,1 тыс. навучэнцаў), 32 сярэднія спец. навуч. ўстановы (19 тыс. навучэнцаў), 5 ВНУ (ун-ты: імя А.​А.​Куляшова, тэхн., харчавання; фінансава-эканам. ін-т — у Магілёве, Бел. с.-г. акадэмія ў Горках; 33,8 тыс. студэнтаў). У вобласці 14 арганізацый, якія выконвалі даследаванні і распрацоўкі (574 чал.), у т. л. навук. ўстановы «Ін-т прыкладной оптыкі», «Ін-т тэхналогіі металаў», «НДІ экалагічнай і прафесіянальнай паталогіі», РУП «Магілёўская абл. с.-г. доследная станцыя» і інш. На 1.1.2004 у вобласці 602 масавыя бібліятэкі (9928 тыс. экз. кніг і часопісаў), 447 кінаўстановак, 24 музеі, у т. л. 4 гіст.(гісторыі Магілёва, сав.-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага р-на і інш.), 18 краязнаўчых (Бабруйскі, Касцюковіцкі, Крычаўскі і інш.), 2 мастацтвазнаўчыя (этнаграфіі ў Магілёве, абл. маст. музей П.​В.​Масленікава); 3 тэатры (абл. драм. тэатр і абл. тэатр лялек у Магілёве, абл. тэатр драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску), філармонія, 580 устаноў клубнага тыпу.

У вобласці (на 1.1.2004) 3328 спарт. збудаванняў, у т. л. 35 стадыёнаў з трыбунамі больш як на 1500 месцаў, 1 спарт. збудаванне са штучным лёдам, 222 стралковыя ціры, 536 спарт. залаў, 25 плавальныя басейны.

Л.​В.​Казлоўская (насельніцтва, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт).


Табліца
Пасяўныя плошчы і ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур
Пасяўныя плошчы, тыс. га Ураджайнасць, ц/га
1990 2003 1990 2003
Уся пасяўная плошча 1008,7 870,1
Збожжавыя і зернебабовыя 431,5 355,8 25,8 24,1
у т. л.:
 жыта 159,7 103,4
 пшаніца 22 50,4
трыцікале 37,9
 ячмень 154,5 102,3
 авёс 78,3 42,4
Тэхнічныя культуры 24,2 19,7
у т. л.:
 лён 19 9,5 4,9 6,7
 рапс 5,2 8,1
Бульба 88,3 64,1 124 169
Агародніна 5 11,8 218 187
Кармавыя культуры 459,2 402,6

т. 18, кн. 2, с. 739

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОЙЛІДСТВА.

Асаблівасці нар. дойлідства адлюстроўваюць светапогляд людзей, якія тысячагоддзямі жылі на тэр. Беларусі, іх уменне сродкамі архітэктуры арганізаваць прастору для жыццядзейнасці, што вызначала існаванне грамадства на розных этапах яго развіцця ў канкрэтных гіст., сац.-эканам. і прыродна-кліматычных умовах. Дойлідства — адметная галіна вытворчасці, частка духоўнай культуры, у якой захоўваліся веды, традыцыі, рытуалы. Яно заўсёды было школай навучання працоўным навыкам, уменню працаваць у калектыве, пошуку шляхоў для выяўлення індывідуальных здольнасцей і таленту. У даўнія часы кожны з этапаў буд-ва (выбар месца, закладка першага вянца, муроў печы і інш.) суправаджаўся адпаведнымі абрадамі, магічнымі дзеяннямі, абярэгамі. Дэкаратыўныя элементы хаты (вільчык, аканіцы, карнізы) праз сімвалізм архітэктурна-канструкцыйных элементаў увасаблялі ўяўленні народа аб прыгажосці. Асноўны будаўнічы матэрыял — дрэва (бярвенне, жэрдкі, галлё, карэнне, кара) — вызначаў канструкцыйную аснову і арх.-мастацкае аблічча. Найб. старажытная канструкцыя сцен — слупавая (бярвёны запускалі ў пазы вертыкальных стоек-шул). З пашырэннем больш дасканалых прылад працы будаўнікі ў 3 ст. перайшлі да складаных злучэнняў драўляных элементаў, а потым да больш дасканалых зрубных канструкцый. Зрубныя канструкцыі сталі асноўнымі для ўсіх тыпаў будынкаў, а слупавыя выкарыстоўвалі толькі ў гасп. пабудовах і пры павелічэнні ўжо існуючага будынка (прыбудове сенцаў да хаты). На будаўніцтва ў цэнтр. і паўн. рэгіёнах ішлі хвоя і елка, на Палессі — дуб, вольха, асіна. Першапачаткова зруб рабілі з круглага бярвення, з 12 ст. — з абчасаных на 4 грані бярвён (брусоў). Вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок». Развіццё канструкцыйных прыёмаў ішло праз удасканаленне злучэнняў (урубкі, замкі) і за кошт змяншэння масы элементаў (пілаваныя дошкі, каркасныя сістэмы замест зрубных, замена бярвён брусамі, меншая велічыня «астатку» ў вуглах і інш.). Аднак аж да пач. 20 ст. на Пд цэнтр. Беларусі (Слуцкі, Старадарожскі, Салігорскі р-ны) будавалі хаты з выкарыстаннем тэхн. прыёмаў, вядомых з 10—12 ст. (злучальныя пазы высякалі ў верхняй частцы кожнага вянка зруба), а на Панямонні з яшчэ больш старадаўняй канструкцыяй — на сохах. Цяжкая і складаная страха (на стаяках і закотам) паступова змянілася лёгкай каркаснай (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Стрэхі пераважна рабілі саламяныя ці з чароту, радзей з дрэва (дошкі, дранка, гонта), з сярэдзіны 19 ст. — з бляхі, дахоўкі; столь — з дошак, пакладзеных па бэльках. На Панямонні і ў цэнтр. Беларусі вядома старадаўняя столь на «траме» — тоўстай бэльцы, якую клалі ўздоўж хаты для падтрымкі папярочных бэлек. Падлогу ў хатах доўгі час рабілі земляной або глінянай, потым — з дошак. З іншых матэрыялаў выкарыстоўвалі камень (фундаменты, брукаванне дарог, двароў і падлог, муроўка студняў, сцен і шул), салому і чарот (крыццё даху, ацяпленне акон узімку, саман для сцен), гліну (падлога ў хаце, ток у гумне, муроўка сцен), вапну (рошчына для муроўкі сцен).

З сярэдзіны 19 ст. пашырылася выкарыстанне цэглы і дахоўкі, металічных вырабаў (цвікі, клямкі, засланкі і інш.). У сельскай мясцовасці ўсе буд. работы на сваіх гаспадарках выконвалі звычайна самі сяляне. Гэтай справе яны вучыліся ў сваіх бацькоў і дзядоў, усё жыццё развіваючы ў сабе талент дойліда. Сярод іх былі майстры, чые будаўнічыя здольнасці былі вядомыя далёка за межамі сваёй вёскі. У панскіх сядзібах будаўнічую працу выконвалі прыгонныя сяляне, што адбывалі паншчыну, або рамеснікі — слугі, якія працавалі па заказе панскага двара. У асобных выпадках для будаўніцтва запрашалі прышлых майстроў. У гарадах паступова фарміраваліся цэхавыя арганізацыі дойлідаў, якія абаранялі інтарэсы членаў цэха, садзейнічалі развіццю будаўнічага рамяства, рэгулявалі адносіны паміж майстрамі, забяспечвалі навучанне буд. майстэрству, што спрыяла перадачы і захаванню традыцыйных прыёмаў і метадаў. Асобныя цэхі дойлідаў існавалі ў вял. гарадах: Магілёве (1590), Мінску (1634), Гродне (1774). Аднак часцей яны аб’ядноўваліся ў адным цэху з рамеснікамі іншых спецыяльнасцей (Мінск, канец 17 ст.; Віцебск, 1760). У 6 гіст.-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, Усх. і Зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) нар. дойлідства мае свае адметныя рысы. Гэтыя рэгіянальныя асаблівасці (кампазіцыйныя, канструкцыйна-тэхн. і дэкар. прыёмы, тыпы пабудоў) выпрацаваліся ў ходзе гіст. развіцця і шматвяковага працэсу творчых пошукаў мясц. дойлідаў, залежалі і ад прыродна-кліматычных умоў. Паазер’ю ўласціва хаатычная забудова вёсак, выкарыстанне замкнёных схем і асіметрычных прыёмаў у аб’ёмна-планіровачных вырашэннях сядзіб і сядзібных пабудоў, што арганічна звязвала архітэктуру з прыродным асяроддзем. Дэкаратыўныя прыёмы даволі сціплыя. На Падняпроўі таксама выкарыстоўвалі замкнёныя планіровачныя схемы (сядзібы вяночнага тыпу), але ў іх большую ролю адыгрывалі сіметрычныя прыёмы. Гал. фасад дома вылучаўся багатым дэкорам (скразная ці накладная разьба па дрэве). Тут будавалі самыя вялікія на Беларусі гумны і ветракі шатровага тыпу. У дойлідстве Панямоння развілася лінейная структура (сядзібы пагоннага тыпу). У кампазіцыі сядзібы хата вылучаецца як галоўны элемент. Пашыраны ярусныя кампазіцыі — 2-павярховыя свірны, вяндлярні, званіцы, якія кантрастна выглядаюць на фоне выцягнутай асноўнай забудовы. Ветракі тут ставілі толькі т.зв. казловага тыпу. Дойлідства Усх. Палесся адметнае надзвычайнай разнастайнасцю кампазіцыйных прыёмаў, багаццем дэкар. ўпрыгожвання хаты. Старадаўні цяслярскі дэкор спалучаўся з новымі прыёмамі скразной разьбы. Толькі тут вядомы хаты з шатровым дахам. На Зах. Палессі вялікае пашырэнне атрымалі святлоценявыя эфекты, якія ствараліся галерэямі, навесамі. Шырока выкарыстоўваліся слупавыя канструкцыі і сістэмы (колатае дубовае бярвенне-дылі, плеценыя сцены і агароджы). У знешнім выглядзе кожнага будынка вял. значэнне маюць форма і памеры даху. Дойлідства цэнтр. Беларусі фарміравалася на аснове сінтэзу асаблівасцей дойлідства суседніх рэгіёнаў і мясц. вырашэнняў. Больш пашыраны сядзібы, у якіх жылыя і гаспадарчыя будынкі ставіліся асобна, таму вялікая ўвага аддавалася аб’ёмнай кампазіцыі. Пабудовы ўспрымаліся з розных бакоў, адсюль і вялікая ўвага да ўсіх фасадаў, а не толькі да галоўнага. Межы паміж рэгіёнамі размытыя, таму дойлідства кожнага з іх мае і адметныя асаблівасці і рысы суседніх рэгіёнаў. Напр., на Пн і У абавязкова будавалі лазні, гумны з сушнямі, у якіх была печ; у іншых частках Беларусі яны былі больш рэдкай з’явай. На Панямонні і Зах. Палессі вядомы хаты з падчэнямі — галерэяй на гал. фасадзе; будавалі лёгкія каркасныя дахі. Такая звычайная для ўсёй Беларусі пабудова, як склеп, амаль невядомая на Палессі. На Паазер’і часта сустракаліся і рубленыя дахі закотам. На Панямонні сцены рубілі з брусоў «у чысты вугал», а на Падняпроўі — часцей з бярвён «з астаткам».

Дойлідства Падняпроўя і Усх. Палесся адметнае багаццем дэкар. прыёмаў, найперш разнастайнасцю разьбы. Дойлідства Беларусі развівалася ў цесных кантактах з суседнімі краінамі, таму ў ім шмат агульных рыс з нар. архітэктурай рускіх, літоўцаў, украінцаў і палякаў. Мастацкую выразнасць нар. дойлідства вызначалі дакладнасць у выкарыстанні матэрыялаў і канструкцыйных сістэм; у выбары месца для будынкаў і ўсёй вёскі; арганічнае спалучэнне будынкаў з прыродным асяроддзем; прапарцыянальныя суадносіны асобных частак будынкаў, дэкар. элементы. Найб. пашыраныя тыпы будынкаў — хаты і гасп. пабудовы. Самы старадаўні тып хаты — адназрубная пабудова з адным памяшканнем. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы, хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. Гэтыя планіровачныя схемы сталі асновай больш складанага жылля ў панскіх сядзібах, у горадзе, а таксама сучаснага індывідуальнага. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля рамеснікаў і гандляроў з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня ці крама. Хата магла стаяць асобна або складаць з гасп. пабудовамі (каморай, варыўнёй, хлявамі, павецямі і інш.) адзіны комплекс вяночнага ці пагоннага тыпу. Асобна насупраць хаты ставілі свіран (клець) — другі па значнасці будынак сядзібы. Пабудовы для абмалоту ўраджаю і захоўвання снапоў і саломы (гумны, адрыны, сенніцы, пуні) месцілі на гумнішчы, у баку ад асноўных будынкаў. Вялікае значэнне ў стварэнні ансамбля ў нар. дойлідстве атрымалі малыя арх. формы, якія мелі рознае функцыянальнае прызначэнне (брамы, плятні і інш. агароджы, студні, азяроды і інш.). Амаль у кожнай вял. вёсцы быў «магазін» — грамадскі свіран для захоўвання запасаў прадуктаў на непрадбачаныя выпадкі. Архітэктура гэтага даволі вялікага па памерах будынка спалучала элементы гасп. пабудовы з маштабнасцю, уласцівай значным грамадскім аб’ектам (Касарычы Глускага, Вялікія Чучавічы Лунінецкага р-наў).

На аснове прасцейшых прыёмаў выпрацаваны больш дасканалыя, якія выкарыстоўваліся ў абарончым, грамадскім, культавым і прамысловым будаўніцтве. Вялікі шлях паступовага ўдасканалення ад прасцейшых сцен тыпу астрог ці замёт да складаных канструкцыйных сістэм (спачатку з гародняў, пазней — з тарасаў) прайшлі абарончыя збудаванні. Сцены і вежы разам з інш. штучнымі і прыроднымі перашкодамі складалі комплексы, якія адпавядалі тагачаснаму ўзроўню ваен. майстэрства. Найб. магутныя драўляныя абарончыя збудаванні ў 16—17 ст. былі ў гарадах Віцебск, Полацк, Слуцк, а таксама замкі ў Радашковічах, Астрашыцкім Гарадку, Свіслачы і інш. На скрыжаваннях дарог, на галоўных рыначных плошчах гарадоў і мястэчак або на ўездзе ў іх, каля манастыроў будавалі корчмы (у адным населеным пункце іх магло быць некалькі). Іх архітэктура спалучала памяшканні пад агульным дахам для жылля (пакоі для гасцей) і грамадскага прызначэння (шынок, крама і інш.); уключалі таксама каморы для тавараў, стайню і паветкі для вазоў. На гарадскіх рынках у 16—17 ст. узводзілі будынкі для гандлю — асобныя крамы, або ў выглядзе гандлёвых радоў, дзе пад агульным дахам былі аб’яднаны дзесяткі крам, часам свірны для захоўвання тавару, важніца для захавання гар. мер і вагаў. Гал. месца ў ансамблі гар. цэнтра займала ратуша. Найбольш эфектныя формы выкарыстоўваліся ў будаўніцтве храмаў. Прасцейшыя пабудовы культавага прызначэння — капліцы. Яны мелі сціплыя памеры і формы, вельмі шанаваліся прыхаджанамі. Разнастайныя аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі цэркваў (восевыя, крыжова-цэнтрычныя) і касцёлаў (1-, 2-нефавыя і цэнтрычныя) сталі асновай для стварэння іх выразных абліччаў. Ярусныя завяршэнні цэркваў былі водгукам на стыль барока, заканамерным вынікам развіцця традыцыйных у мясц. дойлідстве шатровых дахаў (Слуцк, Рубель і Давыд-Гарадок Столінскага, Сінкевічы Лунінецкага р-наў). Пры будаўніцтве драўляных касцёлаў дойліды ў большай ступені арыентаваліся на спалучэнне мясц. традыцый з формамі каменнай архітэктуры (Адэльск Гродзенскага, Воўпа Ваўкавыскага, Дуды Іўеўскага р-наў). Шмат’ярусныя званіцы, што ўзводзіліся каля храмаў, узбагачалі кампазіцыю ансамбля і яго сілуэт (Нарач, Шарашова, Велямічы Столінскага, Чэрск Брэсцкага р-наў). Вытворчыя збудаванні (найперш ветракі і вадзяныя млыны) сведчаць пра канструктарскі талент майстроў, характарызуюцца простымі і адначасова выразнымі формамі, што адпавядалі функцыянальнаму прызначэнню. Нар. дойлідства ўплывала на будаўніцтва ў панскіх сядзібах і гарадах, дзе многія творы архітэктуры сталі сінтэзам асаблівасцей афіцыйных маст. стыляў барока, класіцызму з прыёмамі, выпрацаванымі мясц. майстрамі (сядзібныя дамы ў Поразаве і Заполлі Пінскага р-на, лямусы ў Гродне і Мураванай Ашмянцы Ашмянскага р-на). Нар. дойлідства захавала свае асноўныя рысы ў самадзейным будаўніцтве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Яго рэгіянальныя аспекты праяўляюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб, выкарыстанні кампазіцыйных прыёмаў і арх. форм. Нар. дойлідства — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы, адпачынку. Найб. каштоўныя помнікі нар. дойлідства пераносяцца ў спец. музейныя экспазіцыі (Бел. дзярж. музей народнай архітэктуры і побыту).

С.​А.​Сергачоў.

Хата ў Гомелі. Фрагмент дэкору. Пач. 20 ст.
Касцёл у в. Адэльск Гродзенскага раёна. 17 ст.
Званіца з в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.
Вятрак з в. Бярозаўка Кармянскага раёна. Пач. 20 ст.
Вадзяны млын у в. Пабрэззе Навагрудскага раёна. 1930-я гады.

т. 18, кн. 2, с. 630

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)