Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ПТА (ад грэч. krypte крыты падземны ход, тайнік),
1) у Старажытным Рыме скляпеністае падземнае або паўпадземнае памяшканне.
2) У сярэдневяковай зах.-еўрап. архітэктуры — капліца пад храмам (звычайна пад алтарнай часткай), месца ганаровых пахаванняў.
На Беларусі К. вядомы ў культавых збудаваннях 16 — пач. 20 ст.: К. пад касцёламі езуітаў і бенедыкцінак у Нясвіжы (фамільныя скляпы кн. Радзівілаў), брыгітак у Гродне, езуітаў у в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл., у капліцах-пахавальнях у в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТА... (ад грэч. kryptos тайны, скрыты), першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнні слову «тайны» ці абазначае нешта скрытае, тайнае, напр., крыптафіты, крыптаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСТАВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ ВІЗІТА́ЦЫІ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,
помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны каля 1615 у г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. па фундацыі Гераніма Хадкевіча пад уплывам касцельнай архітэктуры Дж.Трэвана. У 1741 і 1855 касцёл рамантаваўся, у 1794 пры ім існаваў шпіталь, у 2-й пал. 18 — 1-й пал. 19 ст. дзейнічала школа. Храм — мураваная 3-нефавая базіліка з трансептам, паўкруглай апсідай і 2 нізкімі сакрысціямі па баках алтарнай часткі. Гал.зах. фасад бязвежавы, падзелены пілястрамі на 3 часткі і завершаны ступеньчатым атыкам. Рэліквіяй касцёла быў абраз анёлаў-ахоўнікаў работы мастака Ф.Смуглевіча (1797—1807). Пад будынкам крыпта (пахавальня) — 9 памяшканняў, злучаных пераходамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАРХІ́ЗМ (ад крыпта... + грэч. orchis яечка),
затрымка (рэтэнцыя) яечка ў працэсе апускання яго з брушной поласці ў машонку ва ўнутрывантробным перыядзе. Праяўляецца адсутнасцю ў машонцы аднаго ці абодвух яечак. Бывае сапраўдны і несапраўдны. Пры сапраўдным К. яечка знаходзіцца ў брушной поласці (абдамінальная форма), пахвінным канале (пахвінная, або інгвінальная, форма) ці за яго межамі каля вонкавага пахвіннага кольца (высокая машоначная форма); асн. прычына — парушэнне ўнутрывантробнага развіцця плода. Найчасцей бывае несапраўдны К. (псеўдарэтэнцыя, яечка мігрыруе) — нармальна апушчанае яечка доўга ці перыядычна знаходзіцца па-за машонкай пад уплывам скарачэння мышцы, што паднімае яго. Лячэнне К. кансерватыўнае (у эндакрынолага) і хірургічнае, пры заганах развіцця (гіпаплазіі) яечак, адсутнасці другасных палавых прыкмет — пажыццёвая гармонатэрапія пасля 15—16 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЯ СПАСА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Пабудавана ў г. Заслаўе (Мінскі р-н) як кальвінскі збор, пазней вядома як касцёл св. Міхаіла-архангела, з 1840 Спаса-Праабражэнская царква. Размешчана на высокім узгорку, абкружаным ровам і высокім валам з 4 землянымі бастыёнамі па вуглах (гарадзішча «Вал»). Мае рысы стылю рэнесансу. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане храм пад высокім 2-схільным дахам; да яго прыбудавана 35-метровая вежа-званіца. Развіты атык, знадворны і ўнутр. парталы, гарыз. і верт. чляненні франтона і інш. надаюць невял. будынку манументальнасць. Сцены знадворку дэкарыраваны пілястрамі і руставанымі вугламі-выступамі. У інтэр’еры самкнутыя скляпенні на падпружных арках пераходзяць у пілястры з прафіляванымі капітэлямі і базамі. Над уваходам драўляныя хоры. Пад царквой 2-часткавая крыпта (пахавальня) з цыліндрычнымі скляпеннямі. Храм перабудоўваўся ў 1678 і 1865, рэстаўрыраваны ў 1968—72. Уваходзіць у Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік. У 1978—90 у будынку царквы размяшчаўся Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў. Храм перададзены праваслаўнай абшчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ МІКАЛА́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры рэнесансу ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1599—1605 на месцы драўлянага касцёла 1587, фундаванага М.К.Радзівілам Сіроткам і асвячонага Ю.Радзівілам. У 1605 новы мураваны касцёл асвячоны Б.Войнам. Ў 1710 касцёл адноўлены, узведзены мураваны алтар у стылі барока, адліты вял. звон у гонар перамогі над шведамі ў Паўн. вайне 1700—21. Пры касцёле існавалі школа і шпіталь св. Шкаплера (засн. Радзівілам Сіроткам у 1610), мураваная 2-павярховая плябанія (1609—1880). У 1865 касцёл прыстасаваны пад царкву. Храм — мураваная 3-нефавая 3-вежавая базіліка. Цэнтр. неф з паўкруглым прэсбітэрыем раней завяршаўся на гал. фасадзе вял. квадратнай у плане 4-яруснай вежай з шатровым дахам (захаваліся 2 ніжнія ярусы). Бакавыя нефы на гал. фасадзе завершаны круглымі ў плане вежачкамі з вітымі ўсходамі, з боку алтарнай ч. — закругленымі ў плане сакрысціямі, абапал якіх — больш высокія гранёныя аб’ёмы, што нагадваюць трансепт. На бакавых фасадах высокія аконныя праёмы з паўцыркульным завяршэннем. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Пад будынкам крыпта-пахавальня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл. Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.Орды 1864—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры барока з рысамі рэтраспектыўна-рус. стылю ў в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Пабудавана ў 1730—93 з цэглы як храм уніяцкага манастыра (засн. ў 1702, скасаваны ў 1839) на сродкі прыхаджан, кн. Сангушкі і членаў Ракаўскага брацтва св. Ганны. У 1866 храм пераасвячоны ў правасл. царкву. 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак з выцягнутай паўкруглай апсідай, да якой з паўн. боку далучана рызніца, з паўд. — Мікалаеўская капліца з 3-граннай апсідай. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам і быў фланкіраваны вежамі (захаваліся 1-я ярусы). Сцены рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках, апяразаны па перыметры прафіляваным карнізам. У 1866 па цэнтры 2-схільнага даху надбудаваны магутны драўляны 8-гранны барабан, накрыты сферычным гранёным купалам з галоўкай, над апсідай — макаўка на 8-граннай шыі. Пад царквой крыпта, у якой хавалі мясц. памешчыкаў (у 1866 засыпана). Перад храмам — мураваная 2-ярусная пірамідальная брама-званіца ў рэтраспектыўна-рус. стылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1-й пал. 17 ст. — 1-й пал. 20 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), знаходзіўся на яго паўд.-ўсх. баку, абмежаваны вуліцамі Валоцкай (цяпер Інтэрнацыянальная), Дамініканскай (цяпер Энгельса) і Юр’еўскай (цяпер Ракаўская). Комплекс уключаў будынкі касцёла, кляштара і гасп. пабудовы. Засн. ў 1605 па фундацыі С.Слушкі. У 1615 мінскі ваявода П.Тышкевіч перадаў ордэну пляц для пабудовы касцёла і кляштара. Пабудаваны ў стылі барока; у пач. і 2-й пал. 18 ст. рэканструяваны. Касцёлсв. Томаша Аквінскага (закладзены ў 1622) — прамавугольная ў плане 3-нефавая 6-слуповая базіліка з 2 капліцамі ў паўд.-зах. частках бакавых нефаў. Бязвежавы гал. фасад быў падзелены пілястрамі на 2 часткі: цэнтральная завяршалася хвалістым шмат’ярусным шчытом з невял. вежачкай, бакавыя — вял. сіметрычнымі на высокіх 8-гранных светлавых барабанах над капліцамі. Сцены касцёла расчлянёны пілястрамі, лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавым жывапісам, у ім было 13 разных драўляных і стукавых алтароў. Да прэсбітэрыя касцёла прымыкаў 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара. У паўн.-зах. частцы комплексу былі сад і драўляныя гасп. пабудовы (2 флігелі, свіран, стайня). Комплекс быў абнесены высокай агароджай з 2-вежавай 3-яруснай брамай-званіцай. У 1832 кляштар закрыты, у 1840-я г. перабудаваны пад каталіцкую семінарыю, пасля 1869 у ім размяшчаліся казармы. У 1950 разбураны. Захаваліся падмуркі, крыпта, частка сцен (пасля археал. даследаванняў закансерваваны).