помнік садова-паркавага мастацтва канца 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на хутары Крыкалы ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. на левым беразе р. Заражанка. Створаны пры сядзібе, ад якой уцалелі 2 аднолькавыя драўляныя флігелі з мураванымі тарцовымі фасадамі ў стылі позняга класіцызму, клець і бутавы арачны мост. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 15 га) на перасечаным рэльефе, з ПдЗ абмежаваны дарогай Дунілавічы—Варапаева. На ўсх. ускраіне парку ландшафтная кампазіцыя з круглым вадаёмам. Маляўнічая гал. алея праходзіць паміж узгоркамі і завяршаецца штучнай круглай тэрасай, абсаджанай клёнамі. У парку пераважаюць мясц. пароды дрэў, ёсць экзоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАДЫЯ́НСТВА,
кірунак у еўрап. архітэктуры 17—18 ст., які развіў (у рамках класіцызму) прынцыпы, закладзеныя ў творчасці італьян. архітэктара і тэарэтыка архітэктуры Позняга Адраджэння А.Паладыо. Першы прадстаўнік П. — арх. В.Скамоцы, які закончыў некат. пабудовы Паладыо (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы і інш.). У 17 ст.найб. паслядоўна адбілася ў архітэктуры Вялікабрытаніі (І.Джонс) і Галандыі (Я. ван Кампен). Росквіт П. прыпадае на 18 ст., калі англ. (У.Кент, К.Кэмпбел і інш.) і ням. (Г.В.Кнобельсдорф, Ф.В.Эрдмансдорф) архітэктары ўзводзілі будынкі, адметныя строгай прастатой, вытанчанасцю форм і дэкору, мэтазгоднасцю планіроўкі, арган. сувяззю з наваколлем (пейзажныя паркі). У Расіі пабудовы гэтага кірунку з’явіліся ў 1780—90-х г. і вылучаліся інтымнасцю і прастатой (Ч.Камерон, Дж.Кварэнгі, А.М.Львоў). На Беларусі ўплыў П. меў месца ў палацавай, сядзібнай, культавай архітэктуры 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Для збудаванняў характэрны прастата і рацыянальнасць планавай будовы, выкарыстанне ў арх.-маст. кампазіцыі перапрацаваных форм ант. ордэраў; палацы сім. кампазіцыі з анфіладнымі параднымі пакоямі ў цэнтры. Тыповымі для палацаў былі працяглыя, плоскасна вырашаныя фасады і пластычна багатыя порцікі (палацы ў Гомелі, в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.). Некат. паркавыя і службовыя пабудовы сядзіб мелі цэнтрычную кампазіцыю і былі аналагічныя збудаванням тыпу вілы «Ратонда» Паладыо («павільён руж» у сядзібе ў в. Старыя Пескі Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., драўляны свіран у сядзібе на хутары Крыкалы, Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Асобныя культавыя пабудовы мелі цэнтрычную кампазіцыю, адсутнічалі традыц. апсіды, аднолькава вырашаліся ўсе фасады (Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, Стрэшынская царква), пашырыліся храмы-ратонды (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква).
Г.С.Ларкін.
Да арт.Паладыянства. У.Кент. Сядзібны дом Холкемхол у Норфалку (Вялікабрытанія). 1734—59. Макет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1965). Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 47,8 тыс.чал. (2000), гарадскога 55,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Паставы. Уключае г.п.Bapanaeea і Лынтупы, 523 сельскія населеныя пункты, Варапаеўскі і Лынтупскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Белькаўскі, Ваўкоўскі, Дунілавіцкі, Казлоўшчынскі, Камайскі, Курапольскі, Мягунскі, Навасёлкаўскі, Палескі, Шыркаўскі, Юнькаўскі, Ярэўскі.
Паўн. ч. раёна ў межах Дзісенскай нізіны, паўд. — Свянцянскіх град. Паверхня на Пн плоская, забалочаная, на Пд — градава-ўзгорыстая са шматлікімі озамі, камамі і азёрнымі катлавінамі. 55% тэрыторыі знаходзіцца на выш. да 150 м, 21% — 170—200 м, найвыш. пункт 228 м (каля в. Камаі). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі, пяскі, торф, сапрапель, прэснаводныя вапнавыя адклады. Сярэдняя т-растудз. -6,8 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 645 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. рэкі Дзісна, Лучайка, Мядзелка і Галбіца; на ПдЗ выток р. Страча. Найб. азёры: Вялікія Швакшты, Лучай, Малыя Швакшты, Доўжа, Вялікае Сурвілішскае, Лодасі, Свідна, Задзеўскае, Лісіцкае, Світа. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (39,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (19%). Пад лесам 38% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, трапляюцца чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, дубовыя і інш. Пад балотамі 5% тэрыторыі. На тэр. раёна частка нац. парку Нарачанскі, гідралагічны заказнік рэсп. значэння Швакшты. Заказнікі мясц. значэння: ландшафтныя — Карагач, Палескія Узгоркі, Сяргеевіцкія Узгоркі, Саранчанскія грады, Спорыцкая ледавіковая лагчына; батанічны — Лынтупскі; ахоўныя тарфянікі — Равы, Гіненкі і Каліты. Помнікі прыроды рэсп. значэння: горы Маяк, Баяроўшчына, Лысая; вял. камяні Заўлечанскі, Лодаскі, Мягунскі, Дзіравы камень Каптарунскі, Чортаў камень Саболкаўскі. Помнікі прыроды мясц. значэння: горы — Балдоўшчына, Гара вялікая, Гараватка; Жуперская града; узгоркі — Барадзінскі і Чарнецкі; вял. камяні — Зыбалішскі, Камайскі, Трапшавіцкі, Чашкаўшчынскі; камень Казнадзеюшскі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 81,2 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 36 фермерскіх гаспадарак, аграфірмы «Зара», «Рассвет», ААТ «Паставыаграсервіс», «Райаграпрамтэхніка». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы радыёэлектроннай (тэлерадыёкампаненты), буд. матэрыялаў (бетонныя і жалезабетонныя вырабы), шкляной (слоікі), ільняной (перапрацоўка льновалакна), дрэваапр. (мэбля, у т. л. для навучальных устаноў), харч. (мясная і малочная прадукцыі, спірт, кансервы — Пастаўскі кансервавы завод), кааператыўнай прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Полацк—Вільня, Варапаева—Друя; аўтадарогі Полацк—Вільня, Віцебск—Браслаў—Паставы—Мядзел і інш. У раёне 13 сярэдніх, 18 базавых, 13 пачатковых школ, школа-садок, маст. школа, школа мастацтваў, 3 муз. школы, 2 школы-інтэрнаты, прафесійна-тэхн. ліцэй, 19 дашкольных устаноў, 40 клубаў, 40 б-к, 6 бальніц, 2 амбулаторыі, 32 фельч.-ак. пункты. Пастаўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: царква (1-я пал. 20 ст.) у в. Апідамы, Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Асінагарадок, царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Груздава, Троіцкі касцёл (1769—73) у в. Дунілавічы, касцёл Іаана Хрысціцеля (1603—06) у в. Камаі, парк (канец 18 — пач. 19 ст.) каля хутара Крыкалы, касцёл Тадэвуша (1766) у в. Лучай, царква (пач. 20 ст.) у в. Манькавічы, парк (2-я пал. 18 ст.) у в. Нарыца. Гістарычныя помнікі: каменны крыж (15—16 ст.), надпіс не расшыфраваны, у в. Камаі; стэла (1975) на месцы былой в. Альцы, спаленай ням. фашыстамі ў 1943. Выдаецца газ. «Пастаўскі край».