Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫД (Язэп Міхайлавіч) (27.7.1896, г. Адэса, Украіна — 1.9.1939),
бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1923—25) і Парыжы (1928). Вядучы мастак гумарыстычна-сатыр.зах.-бел.час.«Маланка» (1926—28). Яго палітычна завостраныя карыкатуры былі скіраваны супраць сац. і нац. ўціску ў Зах. Беларусі і Польшчы, а таксама закраналі тэмы міжнар. жыцця. Аформіў паэт.зб. «Вянок» (2-е выд., 1927) М.Багдановіча, «Шум баравы» М.Васілька, «Веснапесні» Хв.Ільяшэвіча (абодва 1929), «Журавінавы цвет» (1937) М.Танка, кн. «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.Грыневіча, «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы, «Беларускія (крывіцкія) казкі» (абедзве 1929), падручнік «Пішы самадзейна» (1929) С.Паўловіча і інш., змяшчаў свае малюнкі ў час. «Родныя гоні» (1927), «Заранка» (1927—31), газ.Бел.сял.-рабочай грамады «Народны звон» (1926). Стварыў серыю гравюр для «Беларускага календара на 1927 год» (серыя «Дванаццаць месяцаў» выкарыстоўвалася і ў інш. календарах канца 1920 — пач. 30-х г.). Аўтар літаграфічных партрэтаў Я.Купалы (1923) і Я.Коласа (1931). Апошнія гады працаваў як партрэтыст (жывапісны партрэт скульптара Р.Яхімовіча), пейзажыст («Віды Вільні і ваколіцаў») і дэкаратар (сграфіта на фасадзе будынка букіністычнай кнігарні ў Вільні).
Літ.:
Ліс А.С. Пякучай маланкі след. Мн., 1981.
А.С.Ліс.
Я.Горыд. Ілюстрацыя да казкі «Змей». 1929.Я.Горыд. Вокладка кн. «Беларускія (крывіцкія) казкі». № 1. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́,
гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. За 39 км ад Мядзела, 139 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Крывічы на лініі Маладзечна—Полацк. 1,6 тыс.ж. (1998).
Пад 1493 К. ўпамінаюцца як шляхецкая ўласнасць. У 1552 вёска, мела 8 дымоў. Пазней уласнасць Кішкаў. Каля 1640 пабудавана Свята-Троіцкая царква. З 1684 належала Укольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім. У 1770 цівун і падкаморы трокскі А.Укольскі дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў грамату кляштару на крывіцкія землі. У 1777 пабудаваны мураваны касцёл. З 1776 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв., з 1793 ў Рас. імперыі. цэнтр воласці Вілейскага пав. У 1860—485 ж., 55 двароў. У 1886 у К. школа, нар. вучылішча, валасная ўправа, царква, касцёл, капліца, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя дамы, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. У 1897—719 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. У 1921 у мястэчку 623 ж., у фальварку 13 ж., управа, касцёл, 4 млыны, бальніца, пошта, аптэка; штотыднёвы кірмаш. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Крывіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. якія загубілі ў К. і раёне 2189 чал. З 28.6.1958 гар. пасёлак, з 1962 у Мядзельскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Крывіцкі касцёл і кляштар трынітарыяў (18 ст.), царква (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́,
аб’яднанне ўсх.-слав. плямён, якія жылі ў бас. верхняга Дняпра, Зах. Дзвіны, Волгі і на Пд Чудскога воз. Вядомы па археал. помніках і пісьмовых крыніцах. На думку адных вучоных, назва паходзіць ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві), на думку іншых — ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва ці ад язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, магчыма, узгоркавай мясцовасці (крывізна), дзе яны жылі. Працэс фарміравання К. адбываўся ў 2-й пал. 1-га — пач. 2-га тыс.н. э. ў выніку асіміляцыі славянамі балцкіх і зах.-фін. плямён. У канцы 1-га тыс.н. э. племянное аб’яднанне К. распалася на 3 групы — полацкую, смаленскую і пскоўскую (паводле назвы іх гал. гарадоў). Смаленскія К. паводле культуры вельмі блізкія да полацкіх, таму ў этнагр. адносінах іх звычайна разглядаюць як полацка-смаленскую групу плямён. Для полацкіх К., ці палачан, як яны названы ў летапісе, характэрны доўгія курганы, у якіх захавалася шмат рэчаў матэрыяльнай культуры балтаў. На мяжы 10—11 ст. К. хавалі нябожчыкаў у круглых курганах з абрадам трупапалажэння на гарызонце, пазней — трупапалажэнне ў ямах, зрэдку ў насыпах. Большасць нябожчыкаў арыентавана паводле слав. звычаю галавой на З, трапляюцца мужчынскія пахаванні з адваротнай арыентацыяй (галавой на У) або мерыдыянальныя (Пн—Пд). У курганах трапляюцца багатыя пахаванні з мноствам рэчаў, бедныя з невял. колькасцю інвентару ці зусім без яго, што сведчыць пра маёмасную няроўнасць. Трапляюцца і драўляныя дамавіны. Есць у могільніках і кенатафы. Пры даследаванні курганоў выяўлены прыкметы трызны і стравы. Для полацкіх і смаленскіх К. характэрны пэўны тып упрыгожанняў — бранзалетападобныя драцяныя скроневыя кольцы дыяметрам 5—11 см з завязанымі канцамі і шкляныя залачоныя пацеркі. У курганах 11—12 ст. трапляюцца язычніцкія амулеты з іклаў і зубоў жывёл, вельмі рэдка — металічныя крыжыкі, якія насілі ў маністах. Асн.гасп. адзінкай К. у 2-й пал. 1-га тыс.н. э. была вял. патрыярхальная сям’я; працэс вылучэння малых сямей пачаўся у 8—9 ст. У сац. адносінах К. — федэрацыя плямён, у рамках якіх фарміраваліся класы, дзяржаўнасць (княжанні), пранароднасць. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у Полацку існавала сваё княжанне К. — палачан. У ваен.-адм. адносінах племянныя княжанні апіраліся на сістэму ўмацаванняў (Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў), на аснове якіх пазней сфарміраваліся гарады.
Упершыню ў летапісе К. (відаць, пскоўскія) упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 859. Яны ўдзельнічалі ў паходах Алега (907) і Ігара (944) супраць Візантыі. У канцы 10 ст. на тэрыторыі рассялення полацкіх К. склалася Полацкае княства, насельніцтва якога названа К. ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162. Назва «крывіцкія землі» захоўвалася ў асобных выпадках за тэр.паўн. Беларусі да 1-й чвэрці 14 ст. У латышскай мове тэрмінам «К.» называюць усіх усх. славян, «балткрыеві» — беларусаў. Ад этноніма К. паходзяць назвы многіх вёсак у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях Беларусі. На тэрыторыі рассялення полацкіх К. вывучаліся гарадзішчы ў Віцебску, Полацку, Заслаўі, Лукомлі, селішчы і курганныя могільнікі каля вёсак Баркі, Бельчыца, Бяльмонты, Вышадкі, Глівін, Глінішча, Дарахі, Ізбішча, Кублішчына, Лісна, Плусы, Пуцілкавічы, Сенчукі, Сосенка, Чарневічы, Янкавічы і інш. На думку Я.А.Шміта, паводле даных раскопак доўгіх курганоў Смаленшчыны 8—9 ст., К. — племянны саюз, які «уключаў у сябе славян і розныя групы ўсх. балтаў». Э.М.Загарульскі лічыць, што доўгія курганы, з якімі звычна атаясамліваюць К., належалі балтам.
Літ.:
Этногенез белорусов: Тез. докл.Мн., 1973;
Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992;
Загарульскі Э.М. Заходняя Русь IX—XIII стст. Мн., 1998.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Крывічы: 1 — выява крывіча (рэканструкцыя І.У.Чаквіна па чэрапе з курганнага могільніка Кублішчына 11 ст., скульптар Л.П.Яшэнка); 2—3 — этнавызначальныя рэчы.