Крывашыпны прэс 3/371

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЫ́ПНЫ МЕХАНІ́ЗМ,

механізм са звяном (крывашыпам або каленчатым валам), якое пры вярчэнні вакол нерухомай восі пераўтварае адзін від руху ў другі. Бываюць К. м. плоскія (з рухам усіх звёнаў у паралельных плоскасцях) і прасторавыя, чатырох- і шматзвёнавыя.

Найб. пашыраны плоскія крывашыпна-паўзунныя (пераўтвараюць вярчальны рух у прамалінейны зваротна-паступальны або наадварот), крывашыпна-каромыславыя (вярчальны рух — у хістальны) і крывашыпна-кулісныя (раўнамерна вярчальны рух — у нераўнамерна вярчальны, хістальны або зваротна-паступальны; гл. таксама Кулісны механізм). К. м. выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, прэсах, металарэзных станках, цестамясілках, снегапагрузчыках і інш. машынах.

Плоскія крывашыпныя механізмы: а — крывашыпна-каромыславы; б — крывашыпна-паўзунны; в — крывашыпна-кулісны; г — крывашып з пастаянным радыусам r; 1 — крывашып; 2 — шатун; 3 — каромысел; 4 — паўзун; 5 — куліса.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУ́Н,

дэталь крывашыпна-паўзуннага механізма (гл. Крывашыпны механізм), якая слізгае ў прамалінейных накіравальных. Шарнірна звязаны з шатуном. Перадае папярочныя намаганні на накіравальныя, падоўжныя — на шатун.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭС (франц. presse ад лац. presso цісну),

машына для апрацоўкі матэрыялаў ціскам.

Складаецца з рухомай (напр., паўзуна) і нерухомай (асновы) рабочых частак, прыводу, механізму кіравання і фармовачнага прыстасавання (напр., прэс-формы). Адрозніваюць гідраўлічныя прэсы, мех. (напр. крывашыпныя) і гідрамеханічныя. Іх рухомая частка перамяшчаецца вертыкальна і гарызантальна. Па прызначэнні П. падзяляюць на трубапрофільныя, кавальскія, штамповачныя, гібачныя, правільныя, чаканачныя. абразныя і інш. На П. брыкетуюць кавалкавыя і парашкападобныя матэрыялы, прасуюць швейныя вырабы, сушаць шпон і фанеру, вырабляюць стэрэатыпы, праводзяць зборачныя аперацыі і мех. выпрабаванні металаў; найчасцей выкарыстоўваюцца ў кавальска-штамповачнай вытв-сці.

В.​І.​Шагун.

Прынцыповыя схемы прэсаў: а — гідраўлічны вертыкальны; б — механічны (крывашыпны); 1 — рабочы цыліндр; 2 — плунжэр; 3 — паўзун; 4 — інструмент; 5 — станіна; 6 — крывашыпны вал; 7 — шатун.

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́СНЫ МЕХАНІ́ЗМ,

шарнірны механізм, у склад якога ўваходзіць куліса. Найб. пашыраны сінусны і тангенсны К.м., у якіх перамяшчэнне кулісы прапарцыянальнае сінусу ці тангенсу вугла павароту крывашыпа (гл. Крывашыпны механізм). Выкарыстоўваюцца для пераўтварэння руху ў рэверсіўных механізмах, механізмах параразмеркавання паравых машын, а таксама ў якасці сінусных і тангенсных механізмаў у прыводах станкоў, прыладах і інш.

Кулісны механізм: а — з хістальнай кулісай;. б — з паступальным рухам кулісы.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́РСАР,

прыстасаванне, якое дае магчымасць пабудаваць лінію аднаго віду (напр., прамую) з лініі другога віду (напр., акружнасці). Прынцып работы засн. на геам. інверсіі; асн. частка І. — шарнірны механізм.

Першы І., які набліжана пераўтвараў кругавы рух у прамалінейны вынайшаў Дж.Уат (паралелаграм Уата, 1784) і выкарыстоўваў яго ў паравой машыне для спалучэння паступальнага руху поршня з вярчальным рухам махавіка. Шэраг падобных механізмаў сканструяваў П.Л.Чабышоў на аснове створанай ім тэорыі функцый, якія найменш адхіляюцца ад нуля (1858). Дакладныя спрамляльныя механізмы (напр., інверсар Паселье; 1864) выкарыстоўваюцца для пераўтварэння ліній з аднаго віду ў другі, у тэхніцы — для пераўтварэння кругавога руху ў зваротна-паступальны (гл. таксама Крывашыпны механізм, Кулісны механізм).

Інверсары: а — Паселье (здабытак адлегласцей OA∙OC= const пры любых перамяшчэннях пункта A адносна цэнтра інверсіі O); б — падвойны паралелаграм Уата ў паравой машыне.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПРЭ́САР,

машына для сціскання і падачы паветра або газаў пад ціскам 0,2 МПа і вышэй. Машыны, якія сціскаюць паветра да 12 кПа, наз. вентылятарамі, да 0,2 МПа — паветрадуўкамі.

Адрозніваюць К.: аб’ёмныя (поршневыя і ратацыйныя, дзе сцісканне газу адбываецца пры змяншэнні замкнёнага аб’ёму), лапатачныя (цэнтрабежныя і восевыя, у якіх сілавое ўздзеянне на газ робіцца вярчальнымі лапаткамі) і струменныя (прынцып дзеяння падобны да струменных помпаў), нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (да 10 МПа) і высокага (больш за 10 МПа) ціску. Поршневыя К. бываюць адна- і шматцыліндравыя, адна-, двух- і шматступеньчатыя; цэнтрабежныя і восевыя наз. таксама турбакампрэсарамі. Магутнасць К. дасягае дзесяткаў мегават (цэнтрабежныя і восевыя К.), падача 20 тыс. м³ /мін і больш (восевыя). К. выкарыстоўваюцца ў хім., газавай, нафтаперапр. і горнай прам-сці, авіяцыі, металургіі, машынабудаванні, энергетыцы, буд-ве, ваен. тэхніцы і інш.

Схемы кампрэсараў: а — поршневага (1 — фільтр, 2 — клапаны, 3 — поршань, 4 — цыліндр, 5 — крывашыпны механізм); б — ратацыйнага (1 — цыліндр, 2 — ротар са слізгальнымі пласцінамі); в — восевага (1 — цыліндр, 2 — ротар з рабочымі лапаткамі, 3 — нерухомыя лапаткі).

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)