КРЫВАБЛО́ЦКІ (Уладзімір Васілевіч) (н. 17.2.1952, в. Хвалава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак-манументаліст, жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1997 выкладчык каледжа мастацтваў у Мінску. Працуе ў тэхніцы вітража, мазаікі, размалёўкі. Творчасць вызначаецца філасафічнасцю, уменнем арганізаваць вял арх. асяроддзе: вітраж «Чалавек і прырода» (1978) y НВА «Цэнтрсістэм» у Мінску, размалёўка «У імя жыцця на зямлі» (1985) у Музеі нар. славы ў г.п. Ушачы Віцебскай вобл., мазаікі на тарцах жылых дамоў у Брэсце (1985) і Салігорску (1986, 1997) і інш. Сярод станковых карцін: «Дыялог», «Песня пра зубра» (абедзве 1982), трыпціх «Маці зямлі» (1985), «Дрэва жыцця» (1997) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Крываблоцкі. Фрагмент мазаікі «Дрэва жыцця». 1997.

т. 8, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗА́ІКА (франц. mosaïque, італьян. mosaico ад лац. musivum літар. прысвечанае музам),

выява ці ўзор, складзены з кавалачкаў розных форм рознакаляровых натуральных камянёў, смальты, керамікі, дрэва (гл. Маркетры) і інш. і замацаваны ў слоі вапны, цэменту, воску і інш.; від манументальнага мастацтва. М. выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва, радзей для стварэння станковых карцін. Існуюць 2 тыпы мазаічных твораў: з маленькіх кубікаў смальты ці каменю (тэхніка, вядомая з часоў антычнасці, т.зв. рымская М.) і з тонкіх пластоў рознакаляровых мармураў і яшмы, выразаных і складзеных па контурах выявы, т.зв. фларэнтыйская мазаіка. Набор М. можа быць простым (выяву адразу набіраюць на слой цэменту ці масцікі) і адваротным (кавалачкі М. наклейваюць пярэднім бокам уніз на малюнак, выкананы на тканіне, кардоне, заліваюць цэментам, потым блок пераносяць у патрэбнае месца паверхні, якая дэкарыруецца). Блізкія да М. інкрустацыя, інтарсія.

Найб. стараж. М. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Росквіту дасягнула ў ант. і візант. мастацтве, Італіі, Стараж. Русі і інш. У краінах ісламу з 13—14 ст. развіваецца маёлікавая М., якой упрыгожвалі парталы пабудоў і купалы маўзалеяў. У 18 ст. ў Расіі М.​Ламаносаў адрадзіў тэхніку смальтавай М. У 1870-я г. бел. мастак Н.​Сілівановіч стварыў мазаічнае пано «Тайная вячэра» ў Ісакіеўскім саборы ў Пецярбургу. Шырока вядомы М. буйных мастакоў канца 19 — пач. 20 ст.: В.​Васняцова, Р.​Гутуза, А.​Дайнекі, Г.​Клімта, Ф.​Лежэ, І.​Рабіновіча, Д.​Рыверы, Д.​Сікейраса, Б.​Тальберга, М.​Урубеля, Х.​Эрні, архітэктара А.​Гаўдзі і інш.

На Беларусі смальтавая М. вядома з 12 ст. (аздабленне пабудоў Верхняга замка і храма-пахавальні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў г. Полацк Віцебскай вобл., Ніжняй царквы ў Гродне). М. пач. 20 ст. зберагліся ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, фамільнай пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., будынку пазямельна-сял. банка ў Віцебску. М. з розных матэрыялаў шырока выкарыстоўваецца з 1960-х г.: інтэр’еры Палаца культуры тэкстыльшчыкаў (1963, Г.​Вашчанка), кінатэатра «Партызан» (1967, М.​Данцыг, Б.​Няпомняшчы), кампазіцыі на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (1969, А.​Бембель), «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973, А.​Кішчанка), у афармленні станцый метрапалітэна «Маскоўская» (У.​Стальмашонак, В.​Даўгала), «Інстытут культуры» (В.​Чайка, С.​Катовіч; абедзве 1984), на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць (1998, В.​Барабанцаў) — усе ў Мінску; на тарцах дамоў у мікрараёне Усход у Мінску (1977—78, Кішчанка), г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1981, У.​Новак і інш.), Брэсце (1985) і г. Салігорск Мінскай вобл. (1986, 1997, усе У.​Крываблоцкі), трыпціх на фасадзе індустр.-пед. тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1984, У.​Самсонаў) і інш.

А.​М.​Пікулік.

Мазаіка з выявай нацюрморта. Старажытны Рым. 2 ст. н.э.
Да арт. Мазаіка. Сімяон Полацкі. Мазаічная выява ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы. Паводле кардона АМ.Васняцова. Пач. 20 ст.
Да арт. Мазаіка. Дзмітрый Салунскі з Міхайлаўскага Залатаверхага сабора ў Кіеве. Фрагмент. Пач. 12 ст.
В.​Барабанцаў. Мазаіка над уваходам у царкву Усіх смуткуючых радасцей у Мінску. 1998.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)