ГАРЭ́ЦКІ (Пятро Ігнатавіч) (26.6.1919, в. Максімільянаўцы Данецкай вобл., Украіна — 17.3.1997),

украінскі паэт. Скончыў Ужгарадскі ун-т (1956). Друкуецца з 1937. Аўтар зб-каў вершаў «Дружба» (1948), «Мая любоў» (1957), «Вечнае цяпло» (1973), «Асеннія пракосы» (1979), «З дарог жыцця» (1982), «Зачараванне» (1986), у якіх паэтызаваў будні новай сав. рэчаіснасці, прыгажосць і шматграннасць роднай прыроды. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Астрэйкі, П.​Броўкі, А.​Бялевіча, П.​Глебкі, П.​Прыходзькі, М.​Танка і інш. На бел. мову творы Гарэцкага пераклалі Р.​Барадулін, А.​Вярцінскі, Х.​Жычка, М.​Калачынскі, У.​Паўлаў, П.​Прыходзька, А.​Пысін, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — З дняпроўскіх круч. Мн., 1969.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДА́НСКІ (Сцяпан Васілевіч) (6.1.1834, с. Хамуцінцы, цяпер с.Руданскае Жмерынскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 3.5.1873),

украінскі паэт. Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1861). Друкаваўся з 1859. Аўтар лірычных вершаў, баек, рамант. балад, гіст. паэм, у т. л. «Цар-Салавей» (1857). Найлепшы твор — цыкл «Спевамоўкі» (1857—58), кароткія гумарыст. і сатыр. вершы ў духу нар. анекдотаў, якія скіраваны на выкрыццё грамадскіх заган. Паэзія Р. прасякнута любоўю да прац. народа, спачуваннем яго долі, верай у будучае. Пераклаў на ўкр. мову «Іліяду» Гамера, «Энеіду» Вергілія, «Слова аб палку Ігаравым», асобныя творы А.​Пушкіна, М.​Лермантава. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі В.​Іпатава, А.​Паўловіч.

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1972—73;

Бел. пер. — у кн.: Ад круч дняпроўскіх. Мн., 1983;

Рус. пер.Соч. Симферополь, 1963.

Літ.:

Колесник П.Й. Степан Руданьский.: Літ. портрет. Київ, 1971.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)