механічныя ваганні, пры якіх пругкія элементы канструкцый зведваюць дэфармацыю кручэння. Напр., гарманічны рух круцільнага маятніка. Выяўляюцца таксама ў машынах з пераменнай нагрузкай на вярчальны вал, напр., поршневых рухавіках, турбінах, генератарах, сілавых перадачах трансп. машын.
К. в. круцільнага маятніка выкарыстоўваюцца ў розных фіз. прыладах, напр., для вызначэння модуля пругкасці пры зруху, каэфіцыентаў унутр. трэння. У канструкцыях механізмаў і машын К. в. звычайна адмоўная з’ява — пры супадзенні частаты ваганняў, што ўзнікаюць, з адной з частот, напр., сілавой перадачы, выяўляюцца рэзанансныя К. в. (гл.Рэзананс), якія вядуць да разбурэння машыны. Гл. таксама Флатэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЭМАНА ЭФЕ́КТ,
закручванне ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі. Адкрыты Г.Відэманам. Відэмана эфект — адно з праяўленняў магнітастрыкцыі ў полі, утвораным складаннем падоўжнага магн. поля і кругавога магн. поля, якое ствараецца эл. токам. Пры пераменным эл. току ці магн. полі адбываюцца круцільныя ваганні стрыжня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАЦЯНО́,
1) прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У стараж. часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка, пазней — конусападобная даўж. 20—30 см з завостраным верхам і патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца.
2) Вярчальны стрыжань, на які надзяваюцца патрон, шпуля, катушка і інш.; асн. рабочы орган роўнічных, прадзільных, прадзільна-круцільных і круцільных машын. Прызначана для скручвання роўніцы, пражы, нітак і ўтварэння пакоўкі пэўнай формы і памераў. Бываюць кальцавыя, круцільныя, полыя і рагульчатыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛО́Н ((Coulomb) Шарль Агюстэн) (14.6.1736, г. Ангулем, Францыя — 23.8.1806),
французскі інжынер і фізік, адзін з заснавальнікаў электрастатыкі і магнітастатыкі. Чл. Парыжскай АН (1803). Скончыў школу ваен. інжынераў (1761). Навук. працы па электрычнасці, магнетызме і дастасавальнай механіцы. Сфармуляваў законы сухога трэння (1781). Даследаваў дэфармацыю кручэння ніцей, устанавіў законы пругкага кручэння. Вынайшаў (1784) круцільныя вагі, з дапамогай якіх устанавіў у 1785 асн. законы электрастатыкі (Кулона закон), пашырыў яго на ўзаемадзеянне засяроджаных магнітных полюсаў і сканструяваў магнітометр (1785—88). Яго імем названа адзінка эл. зараду кулон.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 242—252.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЁР,
1) горна-тэхнічнае збудаванне над шахтавым ствалом для размяшчэння пад’ёмнай устаноўкі, накіравальных (капровых) шківаў, разгрузачных крывых для скіпаў і перакульных клецей. Будуюць з металу, жалезабетону, дрэва. Бываюць часовыя (праходчыя) і пастаянныя (эксплуатацыйныя); А-падобныя, 4-стоечныя, вежавыя і шатровыя; вышынёй да 100 м.
2) Будаўнічая машына (канструкцыя, устаноўка) для падтрымкі палябойнага абсталявання (мех., пара-паветраных і дызельных молатаў, вібрапагружальнікаў, вібрамолатаў і інш.), падымання, устаноўкі і накіроўвання паляў і шпунтоў пры іх забіўцы. Бываюць на рэйкавым хаду, на базе самаходных машын (трактара, экскаватара, аўтамабіля), на пароме (пантоне). Вышыня вежы да 30 м, грузападымальнасць да 30 т. 3) Устаноўка для драблення крохкага метал. лому, застылых глыб мартэнаўскага шлаку і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя (кранавага тыпу).
4) Прыстасаванне для ўдарных мех. выпрабаванняў матэрыялаў. Бываюць з падаючым грузам («бабай»), маятнікавыя (найб. пашыраны) і ратацыйныя. Для выпрабавання на кручэнне выкарыстоўваюць круцільныя К.
М.М.Кунцэвіч.
Капёр для забівання паляў.Капёр вугальнай шахты: 1 — галоўныя пад’ёмныя тросы; 2 — вугальны скіп; 3 — канвеер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
гідраўлічная перадача, якая складаецца з лопасцевых колаў з агульнай поласцю, дзе круцільны момант перадаецца за кошт змены моманту колькасці руху рабочай вадкасці. Служыць для перадачы і бесступеньчатай змены круцільнага моманту ад рухавіка (вядучага вала) да прыводнай машыны (вядзёнага кола).
Лопасцевыя колы гідрадынамічнай перадачы (помпавае, злучанае з рухавіком, і турбіннае, злучанае з прыводнай машынай) размешчаны сувосева і збліжаны так, што ўтвараюць торападобную поласць, запоўненую рабочай вадкасцю. Помпавае кола прыводзіць у рух вадкасць, энергія якой перадаецца турбіннаму колу. Гідрадынамічная перадача з двума гэтымі коламі наз.гідрамуфтай. У яе аднолькавыя круцільныя моманты на вядучым і вядзёным валах. Выкарыстоўваецца ў прыводах буравых установак, сілкавальных помпаў і дымасосаў ЦЭС і інш. для аховы рухавікоў ад перагрузак. Гідрадынамічная перадача з трыма і болей коламі (помпавым, накіравальнага апарата — рэактара і турбінным) наз.гідратрансфарматарам. У ім вадкасць дадаткова праходзіць праз рэактар, які мяняе напрамак патоку і дазваляе бесступеньчата рэгуляваць круцільны момант і частату вярчэння вядзёнага (турбіннага) вала. Гідратрансфарматары выкарыстоўваюць у сілавых перадачах аўтамабіляў, цеплавозаў і інш.
Да арт.Гідрадынамічная перадача. а — гідрамуфта (1 — помпавае кола на вядучым вале; 2 — турбіннае кола на вядзёным вале); б — гідратрансфарматар (1 — помпавае кола на вядучым вале, 2 — накіравальны апарат, або рэактар, 3 — турбіннае кола на вядзёным вале).