МА́ЯТНІК,

цвёрдае цела, здольнае пад уздзеяннем прыкладзеных сіл вагацца вакол нерухомага пункта ці восі. Ваганні могуць адбывацца пад дзеяннем сілы цяжару, калі вось М. не супадае з цэнтрам цяжару цела, або пад дзеяннем сіл пругкасці, што ўзнікаюць пры дэфармацыях сціскання-расцяжэння і кручэння.

Адрозніваюць матэматычны маятнік (напр., невял. масіўны груз на доўгім нерасцяжным падвесе), фізічны маятнік (маса цела размеркавана па ўсёй даўжыні падвеса), а таксама спружынны М. (груз, падвешаны на спружыне, здольнай да дэфармацыі сціскання-расцяжэння) і круцільны М. (дыск, падвешаны на лёгкім стрыжні, здольным да дэфармацыі кручэння). Пры гарманічных ваганнях цыклічная частата ω і перыяд Τ = 2π / ω ваганняў М. вызначаюцца інертнымі і пругкімі ўласцівасцямі сістэмы. Напр., для спружыннага М. ω​2 = k/m, дзе k — каэфіцыент жорсткасці спружыны, m — маса грузу; для круцільнага М. ω​2 = D/I, дзе D — модуль кручэння падвеса (гл. Модулі пругкасці), I — момант інерцыі дыска. Уласцівасці М. выкарыстоўваюцца ў розных прыладах для вызначэння часу, момантаў інерцыі, паскарэння свабоднага падзення і інш. дынамічных характарыстык мех. сістэм.

А.​І.​Болсун.

Да арт. Маятнік: 1 — матэматычны; 2 — фізічны; 3 — спружынны; 4 — круцільны.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

гідраўлічная перадача, якая складаецца з лопасцевых колаў з агульнай поласцю, дзе круцільны момант перадаецца за кошт змены моманту колькасці руху рабочай вадкасці. Служыць для перадачы і бесступеньчатай змены круцільнага моманту ад рухавіка (вядучага вала) да прыводнай машыны (вядзёнага кола).

Лопасцевыя колы гідрадынамічнай перадачы (помпавае, злучанае з рухавіком, і турбіннае, злучанае з прыводнай машынай) размешчаны сувосева і збліжаны так, што ўтвараюць торападобную поласць, запоўненую рабочай вадкасцю. Помпавае кола прыводзіць у рух вадкасць, энергія якой перадаецца турбіннаму колу. Гідрадынамічная перадача з двума гэтымі коламі наз. гідрамуфтай. У яе аднолькавыя круцільныя моманты на вядучым і вядзёным валах. Выкарыстоўваецца ў прыводах буравых установак, сілкавальных помпаў і дымасосаў ЦЭС і інш. для аховы рухавікоў ад перагрузак. Гідрадынамічная перадача з трыма і болей коламі (помпавым, накіравальнага апарата — рэактара і турбінным) наз. гідратрансфарматарам. У ім вадкасць дадаткова праходзіць праз рэактар, які мяняе напрамак патоку і дазваляе бесступеньчата рэгуляваць круцільны момант і частату вярчэння вядзёнага (турбіннага) вала. Гідратрансфарматары выкарыстоўваюць у сілавых перадачах аўтамабіляў, цеплавозаў і інш.

Да арт. Гідрадынамічная перадача. а — гідрамуфта (1 — помпавае кола на вядучым вале; 2 — турбіннае кола на вядзёным вале); б — гідратрансфарматар (1 — помпавае кола на вядучым вале, 2 — накіравальны апарат, або рэактар, 3 — турбіннае кола на вядзёным вале).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)