КРУПЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

сельскагаспадарчыя расліны, зерне якіх перапрацоўваецца пераважна на крупы. Большасць К.к. (магар, полба, проса, рыс, сорга, чуміза) з сям. метлюжковых, грэчка — з сям. драсёнавых. Крупы вырабляюць таксама з зерня аўса, пшаніцы, ячменю, гароху, кукурузы. Багатыя бялкамі, вітамінамі і вугляводамі. З зерня К.к. атрымліваюць крухмал, муку, спірт, іх выкарыстоўваюць на корм жывёле. З саломы вырабляюць паперу (рысавая папера), плеценыя вырабы, скормліваюць жывёле. Грэчка — добры меданос. Вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах. Найб. плошчы займаюць рыс (Азія), проса, сорга (Азія, Афрыка), грэчка (Еўропа, Паўн. Амерыка).

У.​П.​Пярэднеў.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБО́ЖЖАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць пераважна на збожжа — асн. прадукт харчавання чалавека. корм для жывёл і сыравіна для многіх галін прам-сці. З.к. падзяляюць на зерневыя, у т. л. крупяныя культуры (найб. пашыраны пшаніца, рыс, жыта, кукуруза, ячмень, авёс, проса, сорга, грэчка, а таксама чуміза, магар, пайза, дагуса і інш.) і бабовыя (зернебабовыя) культуры. Займаюць амаль палову ўсіх пасяўных плошчаў свету і вырошчваюцца практычна на ўсіх кантынентах. На Беларусі пад З.к. занята каля 3 млн. га, яны даюць ⅓ таварнай прадукцыі раслінаводства. З хлебных злакавых культур найб. плошчы займаюць жыта і ячмень, вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, кукурузу (у паўд. раёнах), грэчку і проса, зернебабовыя культуры. Зерне хлебных злакаў высокапажыўнае, мае 60—80% вугляводаў, 7—20% бялкоў, 2—5% тлушчу. ферменты, вітаміны і інш., зерне бабовых — багатае бялком.

т. 7, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ, меданосы,

кветкавыя расліны, з якіх у перыяд цвіцення пчолы збіраюць нектар і кветкавы пылок; кармавая база пчалярства. Класіфікуюцца па часе цвіцення (веснавыя, летнія, асеннія), форме росту (дрэвавыя, кустовыя, кусцікавыя, травяністыя), характары выкарыстання пчоламі (нектараносы, пылканосы, нектарапылканосы), пераважных месцах росту (лясныя, лугавыя, палявыя, садовыя і інш.), гасп. прыналежнасці (зернебабовыя, кармавыя, крупяныя, пладовыя, спец. меданосы і інш.), нектарапрадукцыйнасці. Большасць М.р. — нектарапылканосы. Найб. каштоўныя М.р. даюць шмат нектару і пылку, даступных для пчол, маюць вял. колькасць кветак, доўгі перыяд цвіцення, найб. пашыраны. На Беларусі М.р. характарызуюцца разнастайнасцю (каля 600 відаў) і нераўнамерным размеркаваннем. З культурных М.р. найб. каштоўныя: грэчка, канюшына, сырадэля, баркун, рутвіца, сланечнік, агурок, пладовыя, ягадныя культуры; з лясных і паркавых дрэў і кустоў — ліпа, клён, вярба, крушына, рабіна, бружмель, маліны, каліна, верас; з дзікарослых траў — іван-чай, расходнік, чабор, шалфей, чальчак, дзьмухавец, мята і інш.

В.​І.​Сапега.

Меданосныя расліны: 1 — грэчка; 2 — клён; 3 — верас; 4 — маліны; 5 — канюшына; 6 — скрыпень.

т. 10, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБОЖЖАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для ўборкі збожжавых культур прамым камбайнаваннем або раздзельным (двухфазным) спосабам. Абсталяваны адпаведнымі прыстасаваннямі, можа ўбіраць насеннікі траў і цукр. буракоў, кукурузу, сланечнік, зернебабовыя, крупяныя і інш. культуры. Пры прамым камбайнаванні З.к. ажыццяўляе ўборку за адзін праход: адначасова скошвае і абмалочвае збажыну, вылучае, ачышчае і збірае зерне ў бункер, скідвае салому ў капноўшчык або на поле (у валок ці рассыпае здробненую). Пры раздзельным спосабе ўборкі збажына ў стадыі васковай спеласці скошваецца жняяркай З.к. і ўкладваецца ў валкі, а калі зерне даспее і валкі падсохнуць, камбайн з дадаткова зманціраваным падборшчыкам (або з платформай-падборшчыкам) падбірае валкі і абмалочвае іх.

З.к. бываюць: самаходныя, прычапныя і навясныя; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя; 1-, 2- і 3-барабанныя. Найб. пашыраны самаходныя З.к., якія складаюцца з жняяркі (хедара), малатарні, капноўшчыка або здрабняльніка саломы з дэфлектарам, бункера для зерня, рухавіка, хадавой часткі, органаў кіравання (у найноўшых — з камп’ютэрам). У краінах СНД выкарыстоўваюць пераважна самаходныя З.к. расійскай вытв-сці: аднабарабанныя СК-5М «Ніва» (прапускная здольнасць 5,5 кг/с) і «Дон-1500» (8 кг/с); двухбарабанныя «Енісей—1200» (6 кг/с); ротарныя СК-10 «Ротар» (10—12 кг/с) і інш. Двухбарабанныя З.к. эфектыўныя на ўборцы вільготнай збажыны і збожжавых культур, якія цяжка абмалочваюцца. Першы З.к. сканструяваў рус. вынаходнік А.​Р.​Уласенка ў 1868, серыйны выпуск З.к. ў СССР пачаўся ў 1929 на з-дзе «Камунар» у г. Запарожжа (Украіна).

На Беларусі выкарыстоўваюць у асноўным З.к. «Ніва», «Дон-1500», а таксама камбайны вытв-сці ФРГ (Е-525, Е-527, МЕГА-218) і Фінляндыі.

В.​П.​Чабатароў.

Схема збожжаўборачнага камбайна: 1 — рэжучы апарат; 2 — матавіла; 3, 4 — шнэкавы і нахілены транспарцёры; 5,9 — прыёмны і адбойны бітэры; 6 — малацільны барабан; 7 — выгрузны шнэк; 8 — бункер; 10, 11 — зерневы і коласавы элеватары; 12 — рухавік; 13 — саломатрэс; 14 — саломанабівальнік; 15 — капноўшчык; 16 — рашотка; 17 — вентылятар ачысткі; 18 — грохат.
Збожжаўборачны камбайн «Дон-1500».

т. 7, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)