КРО́НІН ((Cronin) Джэймс Уотсан) (н. 29.9.1931, г. Чыкага, ЗША),
амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1967) і Нац.АН ЗША (1970). Скончыў Чыкагскі ун-т (1953). З 1955 у Брукхейвенскай нац. лабараторыі, з 1958 у Прынстанскім (з 1964 праф.), з 1971 у Чыкагскім ун-тах. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў, астрафізіцы высокіх энергій. Вывучаў распады гіперонаў; удасканаліў іскравую камеру, адным з першых выкарыстаў яе як дэтэктар часціц. Эксперыментальна выявіў парушэнне CP-інварыянтнасці пры распадзе нейтральнага К-мезона (1964). Нобелеўская прэмія 1980 (разам з В.Фітчам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НІН ((Cronin) Арчыбалд Джозеф) (19.7.1896, Кардрас, каля г. Дамбартан, Вялікабрытанія — 6.1.1981),
англійскі пісьменнік. Д-рмед.н. (1925). Вучыўся ва ун-це ў Глазга. З 1939 жыў у ЗША, Швейиарыі. Дэбютаваў раманам «Замак Броўдзі» (1931), які лічыцца яго лепшым творам. У раманах «Тры каханні» (1932), «Канарскія астравы» (1933), «Зоркі глядзяць долу» (1935), «Цытадэль» (1937), «Іспанскі садоўнік» (1950), «Выкраслены з жыцця» (1953), «Помнік крыжаку» (1956), «Паўночны свет» (1958), дылогіі «Маладыя гады» (1944) і «Шлях Шэнана» (1948) адлюстраваў жыццё сучаснай яму Англіі, гал. ўвагу надаваў маральна-этычнай праблематыцы. Аўтар аўтабіягр.кн. «Прыгоды ў двух светах» (1952), п’есы «Юпітэр смяецца» (1940), літ.-крытычных артыкулаў. Творам К. ўласцівы лірызм, аўтабіяграфічнасць, трагізм сітуацый.