старажытны горад на ПнЗ Месапатаміі (цяпер г. Харан, Турцыя), паблізу якога 9.5.53 да н.э. адбылася бітва паміж рым. войскам М.Краса (больш за 40 тыс.чал.) і парфянскім войскам пад камандаваннем Сурэны. Перавага парфян у конніцы прывяла да разгрому рым. авангарда і адступлення рымлян у К. 10 мая Крас забіты ў час перагавораў, а рэшткі рым. арміі (12—14 тыс.чал.) адступілі за р. Еўфрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СІЙ (Лонгін Гай) (Gaius Cassius Longinus; ?—42 да н.э.),
старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. З плебейскага роду Касіяў. Нар. трыбун (49), прэтар (44). Удзельнік парфянскага паходу Ліцынія Краса (53). У пач.грамадз. вайны 49—45 прыхільнік Гнея Пампея, пасля бітвы пры Фарсале (48) спыніў супраціўленне, памілаваны Цэзарам. У 44 да н.э. адзін з арганізатараў забойства Цэзара. Пасля ўтварэння 2-га трыумвірату (43) аб’яднаўся з М.Брутам супраць трыумвіраў. Пасля паражэння ў бітве пры Філіпах (42) скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТО́НІК (Aristonikos, ? — 129 да нашай эры),
кіраўнік антырымскага паўстання 133 (або 132) — 129 да нашай эры ў Пергаме. Пазашлюбны сын пергамскага цара Яўмена II У паўстанні (пачалося пасля смерці зводнага брата Арыстоніка цара Атала III, які завяшчаў сваё царства Рыму) удзельнічалі частка насельніцтва Пергама, грэчаскія гарады Малой Азіі, наёмныя войскі, рабы. Паўстанцы марылі стварыць «сонечную дзяржаву», дзе б усе людзі былі роўнымі. У 130 да нашай эры яны разбілі каля Леўкі консульскую армію П.Ліцынія Краса, але ў 129 пацярпелі паражэнне пры Стратанікеі. Арыстонік трапіў у палон і пакараны смерцю. Пергам стаў рымскай правінцыяй пад назвай Азія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́У (Аляксандр Артуравіч) (8.3.1906, Масква — 28.12.1973),
расійскі кінарэжысёр, буйнейшы майстар жанру кінаказкі. Нар.арт. Расіі (1968). Скончыў кінашколу Б.Чайкоўскага (1930) і драм. тэхнікум імя Ярмолавай у Маскве (1934). У кіно з 1930. Паставіў прасякнутыя паэзіяй, гумарам, фантаст. рамантыкай фільмы: «Па шчупаковаму загаду» (1938), «Васіліса Прыгожая» (1940), «Канёк-гарбунок» (паводле П.Яршова, 1941), «Кашчэй Бессмяротны» (1945), «Новыя прыгоды Ката ў ботах» (1958), «Мар’я-майстрыха» (1960), «Каралеўства крывых люстэркаў» (1963), «Марозка» (1965, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў у Венецыі), «Агонь, вада і медныя трубы» (1968), «Варвара-краса, доўгая каса» (1970), «Залатыя рогі» (1973) і інш. Экранізаваў творы М.Гогаля: «Майская ноч, або Тапельніца» (1952, стэрэафільм), «Вечары на хутары каля Дзіканькі» (1961). Ставіў карціны, прысвечаныя сучаснасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ЦЫЯ (ад лац. gratia вытанчанасць, краса),
1) разнавіднасць прыгожага, эстэт. характарыстыка руху, дзеянняў. У эстэтыцы Адраджэння грацыя — тое, што натхняе фармальны пачатак прыгожага, робячы яго прывабным, мілым. Англ. філосафы і эстэтыкі 18 ст. падкрэслівалі ў грацыі натуральнасць, вольнасць рухаў і ўчынкаў чалавека; А.Шэфтсберы і Ф.Хатчэсана адрознівалі знешнюю грацыю і духоўную («маральную»). У ням.асв. эстэтыцы грацыя проціпастаўлялася ўзвышанаму, праяўлялася ў дзеяннях і рухах, засяроджаных у позах (І.Вінкельман). Паводле Ф.Шылера, грацыя ёсць «заўсёды толькі хараство апанаванага свабодай аблічча». Яна — выяўленне ў з’яве прыгожай душы, у якой гарманічна спалучаюцца пачуццёвасць і розум, доўг і схільнасць. У пазітывісцкай эстэтыцы грацыя руху тлумачыцца эканомнасцю затрат мышачнай энергіі (Г.Спенсер). У мастацтве паняцце «грацыя» можа ўжывацца для характарыстыкі руху гукаў у музыцы, думак і вобразаў у паэзіі, ліній у графіцы, чалавечага цела ў харэаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ШКА (Пятро Ануфрыевіч) (24.12.1910, с. Тупічаў Чарнігаўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1933). Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Перад навальніцай» (1935), «Жывыя крыніцы» (1960), «След» (1971) і інш. арганічна спалучаны публіцыстычны пафас і мяккі лірызм, паэтызуюцца краса роднай зямлі і чысціня пачуццяў. У аповесці «Лясная Гута» (1964), рамане «Не паўтары маю долю» (1968) вострыя маральна-этычныя праблемы. Аўтар паэм-прысвячэнняў М.Чарнышэўскаму «Вілюйскі вязень» (1955) і Т.Шаўчэнку «Спалох уначы» (1965), кніг твораў для дзяцей, зб. апавяданняў і ўспамінаў «Ад зары да зары» (1987). Пераклаў на ўкр. мову творы П.Броўкі, Я.Коласа, Я.Купалы, П.Панчанкі. На бел. мову яго творы пераклалі М.Аўрамчык, М.Гамолка, К.Кірэенка.
Тв.:
Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1980;
Бел.пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія. Мн., 1975. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЛЕ́ВІЧ (Міхаіл Вікенцьевіч) (н. 29.9.1932, пас. Глінішчы Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Сярод жывапісных твораў: «Вечар» (1968), «Спі маленькі» (1971), «Беларусачка», «У памяці жывых» (абодва 1975), «Вясковая вуліца», «Які прыгожы гэты свет» (абодва 1977), «Антось і Ганна», «Фізік-тэарэтык» (абодва 1978), «У святочны вечар» (1979), «Восень» (1980), «Веснавая краса», «Збіраюць яблыкі» (абодва 1981), «Беларуская калыханка» (1982), «Дзяўчына і ружы», «Мір», «Журавіны» (усе 1983), «Свята», «Спрадвечнае», «Успаміны», «Светлы сум» (усе 1985), «Гонар беларускай навукі», трыпціх «Красуйся і ў шчасці жыві» (1987), «Маладая сям’я» (1988), «Сімфонія вясны» (1989), «Пра час і пра сябе», «Элегія» (абодва 1992), «Філасофія прыроды» (1999), «У садзе» (2000). Выканаў шэраг графічных партрэтаў. Творы адметныя самабытнасцю маст. мовы, маляўнічай дэкаратыўнасцю, чысцінёй колераў, выразнай контурнай лініяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́ЕЎ (Кайсын Шуваевіч) (1.11.1917, с. Верхні Чэгем Чэгемскага р-на, Кабардзіна-Балкарыя — 4.6.1985),
балкарскі паэт.Нар. паэт Кабардзіна-Балкарыі (1967). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1935—39). Друкаваўся з 1934. Ў 1944 незаконна высланы з Кабардзіна-Балкарыі, да 1957 жыў у Кіргізіі. Паэтычныя цыклы «Мае суседзі» (1939—45), «Песні цяснін» (1947—51), кнігі вершаў «Паранены камень» (1964; Дзярж. прэмія РСФСР імя М.Горкага 1966), «Мір дому твайму!» (1967), «Кніга зямлі» (1972), «Краса зямная» (1980) і інш. — своеасаблівы летапіс гіст. мінулага і сучаснага балкарскага народа, прасякнуты пачуццём любові да Радзімы, жыццялюбствам, гуманізмам. Пераклаў на балкарскую мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе?». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, А.Куляшоў, У.Шахавец. Дзярж. прэмія СССР 1974, Ленінская прэмія 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАСО́БЛЕНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці з інш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.
Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́Й (Алесь) (сапр.Радзюк Альфрэд Васілевіч; 1.5.1922, в. Крысава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.1.1978),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. вучылішчы (1938—40). Працаваў у газ. «Чырвоная Лагойшчына». У Вял.Айч. вайну вярстальшчык «Менскай газэты», сакратар час. «Новы шлях» (Рыга). З 1944 за мяжой; у 1945—49 у г. Зальцбург (Аўстрыя), з 1949 у Аўстраліі, дзе працаваў на фабрыцы. Друкаваўся з 1937. Аўтар зб-каў паэзіі «Мае песні» (1944), «Сіла гневу» (1948), паэм «На хуткіх крыллях вольнага Пегаса» (1943), «Звіняць званы святой Сафіі» (1946), «Домік у Менску» (1948), «Сын» (1949), у якіх раскрываюцца тэмы радзімы, яе гісторыі і прыроды, жыцця народа, кахання. У некат. творах уплыў М.Багдановіча. Пісаў апавяданні, фельетоны, вершы для дзяцей, вянкі санетаў, трыялеты, санеты, актавы, рандо, александрыны і інш. цвёрдыя строфы. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А Міцкевіча, Р.М.Рыльке, Т.Шаўчэнкі і інш.
Тв.:
Нятускная краса. Ню-Ёрк;
Мельбурн, 1982;
У кн.: Туга па Радзіме. Мн. 1992.
Літ.:
Грамадчанка Т. «За любоў да цябе я пакутаваць мушу...»: Алесь Салавей, 1922—1978 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
Булгакаў В. Алесь Салавей і паэзія беларускай эміграцыі // Крыніца. 1997. № 6;
Кадняк З. Успаміны пра Алеся Салаўя // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999.