КРА́ПІНА,
пячорная стаянка эпохі ніжняга палеаліту ў басейне р. Сава (Харватыя). Адкрыта і даследавана ў 1899—1905. Знойдзена шмат касцей чалавека неандэртальскага тыпу, крамянёвыя і яшмавыя прылады працы мусцьерскіх абрысаў, рэшткі агнішча, косці пячорнага мядзведзя, насарога, першабытнага быка. Частка чалавечых касцей расколата і абпалена. Некат. даследчыкі бачаць у гэтым прыкметы канібалізму.
т. 8, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙ ((Gaj) Людэвіт) (8.7.1809, Крапіна, Харватыя — 20.4.1872),
харвацкі паліт. дзеяч, паэт, адзін з кіраўнікоў ілірызму (прытрымліваўся ліберальнага кірунку).
1835 выдаваў газ. «Novine hrvatske» [«Харвацкія навіны», з 1836 «Ilirske narodne novine» («Ілірыйскія народныя навіны»)], у якой прапаведаваў ідэі нац., культ. і паліт. еднасці паўд. славян пад эгідай Габсбургаў. Адзін са стваральнікаў агульнанац. літ. мовы харватаў на аснове штокаўскага дыялекту. У час рэвалюцыі 1848—49 узначаліў нац. камітэт у Заграбе (1848), але праз год увайшоў у склад венскага кабінета міністраў. Нешматлікія літ. творы Гая не маюць маст. вартасці, за выключэннем некалькіх патрыят. песень («Яшчэ Харватыя не загінула», 1835).
т. 4, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)